Кампактная галактыка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Галактыка М 32

Кампактная галактыка — далёкая галактыка, якая на зорным небе падобная да звычайнай зоркі. Гэты аб'ект з высокай яркасцю паверхні, які мае вялікае чырвонае зрушэнне, што сведчыць аб значной адлегласці да яго. Найбуйнейшыя галактыкі з-за сваёй яркасці могуць перавышаць у сотні разоў яркасць галактык, маючы блакітны колер. У большасці з іх выяўлена радыёвыпраменьванне не цеплавога паходжання. Паводле тэорыі астранома І. Шклоўскага, такое выпраменьванне ўзнікае пасля тармажэння ў магнітным полі электронаў і больш цяжкіх зараджаных часціц. Гэтыя часціцы павінны рухацца са хуткасцямі, блізкімі да хуткасці святла. Такія хуткасці развіваюцца ў выніку значных выбухаў у галактыцы.

Група навукоўцаў Францыі, ЗША і Чылі апублікавала ў часопісе «The Astrophysical Journal» за студзень 2001 г вынікі даследаванняў, зыходзячы з якіх спіральныя галактыкі, і, у прыватнасці, наша, ўтварыліся з кампактных галактык. У аснову гэтай гіпотэзы ляглі тыя факты, што спектры далёкіх яркіх кампактных галактык вельмі падобныя на спектры ядраў спіральных галактык. На думку навукоўцаў сучасныя кампактныя галактыкі таксама могуць калі-небудзь эвалюцыянаваць у спіральныя. Існаванне галактык такога тыпу яшчэ да іх адкрыцця прадбачыў швейцарскі астрафізік Ф. Цвікі. Бліжэйшая да нас кампактная галактыка — М 32. Кампактныя галактыкі размяркоўваюцца па тыпу спектру выпраменьвання: ад блакітных да інфрачырвоных.