Камуністычная партыя Сальвадора

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Камуністычная партыя Сальвадора
ісп.: Partido Comunista de El Salvador
Выява лагатыпа
Лідар Шафік Хандаль
Заснавальнік Мігель Мармоль, Мадэст Рамірэс і Фарабунда Марці
Дата заснавання 30 сакавіка 1930 (у сучасным выглядзе з 27 сакавіка 2005)
Дата роспуску 1995
Краіна
Ідэалогія марксізм
Сайт partidocomunistadeelsalvador.blogspot.com

Камуністычная партыя Сальвадора (ісп.: Partido Comunista de El Salvador) — левая палітычная партыя Сальвадора[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першыя камуністычныя групы ў Сальвадоры з’явіліся ў 1920-я гады. У 1929 г. «Камуністычная група Сальвадора» прыняла ўдзел у канферэнцыі камуністычных партый Лацінскай Амерыкі, якая прайшла ў Буэнас-Айрэсе[2].

Партыя была створана 30 сакавіка 1930 г. актывістамі рабочага і прафсаюзнага руху, сярод якіх былі Мігель Мармоль, Мадэст Рамірэс і Фарабунда Марці. Першым Генеральным сакратаром ЦК стаў Луіс Дыяс (цясляр па спецыяльнасці), сакратаром па арганізацыйных пытаннях — Віктар Мануэль Ангулу (настаўнік), сакратаром па прапагандзе — Хуан Кампас Баланёс (таксама настаўнік). Пасля арганізацыйнага афармлення, у якасці нізавых партыйных арганізацый і прадстаўніцтваў па тэрытарыяльным прынцыпе былі створаны мясцовыя камітэты, у склад якіх уваходзілі 8-20 чалавек[3].

У 19301932 уплыў партыі пашыраўся, яе прадстаўнікі ўвайшлі ў кіраўніцтва Рэгіянальнай федэрацыі працоўных Сальвадора. На прэзідэнцкіх выбарах 1931 года перамогу атрымаў падтрыманы камуністамі Артура Арауха, аднак у снежні гэтага жа года, пасля ваеннага пераварота, да ўлады прыйшоў генерал Максіміліян Эрнандэс Марцінес.

Партыя прыняла актыўны ўдзел у паўстанні 1932 г., аднак панесла цяжкія страты. Арганізацыйная структура была разгромлена, а ацалелыя актывісты перайшлі на нелегальнае становішча ці былі вымушаны эміграваць у іншыя краіны Цэнтральнай Амерыкі. У 1933 годзе быў утвораны новы склад Цэнтральнага камітэту, але з мэтай паменшыць страты ад рэпрэсій, колькасць партыйных ячэек была абмежавана да 3-4 актывістаў.

Станам на 1938 год, у складзе камуністычнай партыі (пры наяўнасці адзінага кіраўніцтва ў асобе Цэнтральнага камітэта) вылучыліся тры «плыні», якія ўзначальвалі Мігель Мармоль, Танья Дыяс і Ампарыта Куасадэлупа.

У 1944 годзе партыя прыняла рашэнне ўдзельнічаць у чарговых паўстанні супраць Э. Марцінеса ў якасці прыватных асоб, а не членаў партыі і выкарыстоўваць прадастаўленую сітуацыю як магчымасць для прыцягнення новых прыхільнікаў, вядзення агітацыі і растлумачальнай праграмы партыі насельніцтву.

Пасля звяржэння дыктатуры Марцінеса 9 мая 1944 камуністы атрымалі магчымасць некаторы час дзейнічаць адкрыта, шэраг актывістаў ўвайшлі ў кіраўніцтва створанай рабочай партыі «Нацыянальны саюз працаўнікоў» (НСП)[1].

Аднак пасля ваеннага перавароту 21 кастрычніка 1944 дзейнасць камуністычнай партыі зноў апынулася па-за законам, НСП быў забаронены.

У 1946 годзе адбыўся II з’езд партыі, на якім быў прыняты статут КПС.

У 1948 годзе адбыўся III з’езд партыі, на якім была прынятая «Праграма нацыянальнага адзінства».

У жніўні 1950 года прайшоў IV з’езд партыі.

У перыяд з лютага 1961 да пачатку 1964 года КПС з’яўлялася прыхільнікам узброенай барацьбы, аднак у сакавіку 1964 г. на V з’ездзе было прынята рашэнне аб прыходзе да ўлады парламенцкіх шляхам, праз перамогу на выбарах, узмацненні грамадскаго і палітычнага ўзаемадзеяння з насельніцтвам.

1 красавіка 1970 года тагачасны генеральны сакратар Камуністычнай партыі, Сальвадор Каэтана Карпіа выйшаў са складу КПС і стварыў разам з «прафсаюзным крылом» партыі першую самастойную ўзброеную арганізацыю левай апазіцыі: «Народныя сілы вызвалення імя Фарабунда Марці» ( Fuerzas Populares de Liberación «Farabundo Martí», FPL). Аднак у гэты час большасць членаў КПС не падтрымала пазіцыю С. К. Карпiа, лічачы, што магчымасці легальнай барацьбы яшчэ далёка не вычарпаны.

У 1971 годзе пры ўдзеле КПС быў створаны «Нацыянальны саюз апазыцыі» (UNO) — кааліцыя апазіцыйных палітычных партый, якая вылучыла адзінага кандыдата на пасаду прэзідэнта краіны[1].

У лістападзе 1975 года быў забіты Р. А. Карранса — член Палітычнай камісіі і Сакратарыята ЦК КПС, генеральны сакратар Адзінай прафсаюзнай федэрацыі Сальвадора[4].

У 1975 годзе былі сфармаваны першыя, непастаянныя «групы самаабароны», якія з 30 ліпеня 1975 года забяспечвалі ахову мітынгаў, дэманстрацый і іншых масавых мерапрыемстваў, а таксама неслі дзяжурства ў памяшканнях партыйных камітэтаў, друкарнях[5].

20 лютага 1977 г., пасля абрання прэзідэнтам генерала Карласа Умберта Рамэра, камуністы арганізавалі дэманстрацыю пратэсту ў сталіцы краіны Сан-Сальвадоры, але дэманстрантаў разагнала паліцыя[6].

Падчас грамадзянскай вайны КПС разам з іншымі левымі сіламі, такімі як ФНВФМ i Народныя сілы вызвалення, арганізавалі ўзброеную барацьбу супраць урада Хасэ Напалеона Дуартэ.

Арганізацыя ўзброеных атрадаў[правіць | правіць зыходнік]

  • сілы спецыяльнага прызначэння
    • узвод «камандас» U-24
    • узвод «камандас» батальёна BRAC (COBRAC)
    • атрад «гарадскіх камандас» «Pedro Pablo Castillo»
  • стратэгічныя мабільныя сілы
    • батальён «Rafael Aguiñada Carranza» (BRAC)
    • батальён «Rafael A. Torres» (BRAT)
  • мясцовыя партызанскія атрады і «народная міліцыя» (ісп.: guerrilleros milicianos)

Пасля падпісання мірных пагадненняў ў 1992 годзе ўсе ўзброеныя фарміравання КПС былі дэмабілізаваны[1].

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

5 жніўня 1995 года адбыўся IX з’езд партыі, на якім партыя самараспусцілася і, пад назвай «камуністычная плынь», увайшла ў склад ФНВФМ. У 2004 годзе Шафік Хандаль, які з 1973 года быў генеральным сакратаром кампартыі Сальвадора, быў вылучаны кандыдатам у прэзідэнты ад ФНВФМ.

27 сакавіка 2005 года на сустрэчы сальвадорскі камуністаў было прынята рашэнне аб аднаўленні камуністычнай партыі. 17 снежня 2006 года была зноў створана Камуністычная партыя Сальвадора.

Зноскі

  1. а б в г Политические партии: справочник / под общ. ред. В. В. Загладина и Г. А. Киселёва. М., Политиздат, 1981. стр.317-318
  2. Сальвадор: как побеждала революция
  3. Мигель Мармоль. Гнев и боль Сальвадора. Страницы жизни и борьбы. М.: «Прогресс», 1981. стр.99-101
  4. Сальвадор // Ежегодник Большой Советской Энциклопедии, 1976 (вып. 20). М., «Советская энциклопедия», 1976. стр.370-371
  5. Альберто Рамос, Марио Агиньяда, Факундо Гуартадо. Сальвадор: единство революционных сил — залог победы // «Латинская Америка», № 7, 1980, стр. 82-93
  6. Ирина Хуземи. «Ла Кампесинита» // "Вокруг света", декабрь 1981

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]