Камянпольская сядзіба
Сядзібна-паркавы ансамбль | |
Сядзібна-паркавы ансамбль Мірскіх | |
---|---|
| |
55°36′54,37″ пн. ш. 27°32′30,6″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Камянполле |
Архітэктурны стыль | класіцызм, неаготыка |
Заснавальнік | Віслаў Святаполк-Мірскі |
Дата заснавання | 1873 |
Будаўніцтва | кан. XIX — пач. XX ст. |
Будынкі | |
сядзібны дом • стайня • парк • кузня • лядоўня • сад | |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000558 |
Стан | занядбаны |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Камянпольская сядзіба — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ў вёсцы Камянполлі Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Пабудаваны ў канцы ХІХ — пачатку XX стагоддзя.
Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння. Уключае сядзібны дом, парк і пладовы сад. Гаспадарчыя будынкі — кузня, лядоўня, стайня — страчаны.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Да пачатку XVII стагоддзя Камянполле ўваходзіла ў склад маёнтка з цэнтрам у Мёрах і належала Рылам гербу Вянява. У 1640 годзе Крыштаф Рыла прадаў маёнтак Камянполле Себасцьяну Мірскаму, які ў наступным годзе фундаваў у ім драўляны касцёл[1].
На пачатку XVIII стагоддзя маёнткам валодаў лоўчы браслаўскі Ян Станіслаў Святаполк-Мірскі (~1690—1761), які заснаваў «камянпольскую лінію» Святаполк-Мірскіх. Наступнымі ўладальнікамі сядзібы былі яго сын Антоні (1776— пасля 1778), унук Ян (?—пасля 1788), праўнук Іван (1795—1849). Потым маёнткам валодалі сын Івана Віслаў (1828—1885) і яго сын Іван (1869—1920). Апошнім уладальнікам Камянполля быў сын Івана Віслаў Святаполк-Мірскі (1896—1951)[1].
У 1811 годзе ў сядзібе пражывалі 250 чалавек. Па звестках 1883 года, налічвалася 2395 дзесяцін зямлі[2]. У 1931 годзе ў маёнтку насялялі 120 чалавек[3].
Пасля Другой сусветнай вайны ў сядзібе дзейнічала школа.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Сядзібны дом
[правіць | правіць зыходнік]Пабудаваны ў 1873 годзе ў паўднёвай частцы парку, перабудаваны ў 1970-х гадах. Аднапавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак, накрыты двухсхільным дахам з мансардай у цэнтры. Пры ўваходзе шасцікалонны ганак. Планіроўка калідорная. У інтэр’еры зберагліся две кафляныя грубкі ХІХ стагоддзя ў стылі класіцызму, аздобленыя барэльефнымі медальёнамі.
Пры Мірскіх у будынку захоўваўся збор кніг і партрэтаў. Пасля вайны сядзібны дом выкарыстоўваўся як клуб і праўленне калгаса, у цяперашні час закінуты.
Стайня
[правіць | правіць зыходнік]Размяшчалася каля пад’язной дарогі, насупраць сядзібнага дома. Узведзена ў 1907 годзе ў стылі мадэрну з рысамі неаготыкі. Кампазіцыя яе галоўнага фасада сітметрычная, трохчасткавая. Праезд па цэнтральнай восі будынка і бакавыя часткі галоўнага фасада аформлены шчытамі.
У 1990-я гады былі спробы аднавіць будынак, аднак гэтага не адбылося. У канцы 2019 года мясцовы райаграсэрвіс знёс стайню з мэтай добраўпарадкавання тэрыторыі. Яна не была прызнана помнікам гісторыка-культурнай спадчыны, і па словах дэрыктара райаграсэрвіса «адслужыла свой тэрмін», з’яўлялася «спісаным, патэнцыйна небяспечным аб’ектам»[4].
Міністр культуры Беларусі Юрый Бондар заявіў, што разбурэнню стайні будзе дадзена прававая ацэнка[5].
Парк
[правіць | правіць зыходнік]Невялікі парк рэгулярнага тыпу з сістэмай прамавугольных каналаў размешчаны на раўніннай тэрыторыі з паўночнага захаду ад сядзібнага дома. У цэнтры кампазіцыі парку прамавугольны партэр (плошча 1 га), абмежаваны па перыметры ліпавымі алеямі і абкружаны фруктовым садам. Баскетам замыкаецца кампазіцыйная вось парка, уздоўж якой высаджана доўгая алея з дуба.
Арыгінальнасць парка вызначаецца таксама наяўнасцю воднай сістэмы ў выглядзе вялікага вадаёма, вузкіх каналаў у баскеце і акружнога канала, які адводзіў лішак вады ў Асінаўскае возера. Як і ў іншых пейзажных парках, у Камянполлі насыпаны невялікі відавы ўзгорак[6].
Капліца
[правіць | правіць зыходнік]Пабудавана ў пачатку XX стагоддзя з дрэва, верагодна, на месцы старога храма, узведзенага ў 1762—1777 гадах італьянскім архітэктарам Антоніем Паракам, і колішняга парафіяльнага касцёла 1641 года, заснаванага Себасцьянам Святаполк-Мірскім. Выгляд капліцы вядомы па фотаздымку Яна Балзункевіча. Не захавалася.
Твор народнага дойлідства. Была вырашана простым чатырохсценным зрубам пад двухсхільным гонтавым дахам, які над галоўным фасадам завяршаўся чатырохграннай шатровай вежай-званіцай. Уваход вылучалі двухслуповы ганак пад двухсхільным пакрыццём і лучковае акно хораў над ім. Памяшканне асвятлялася такімі ж двума бакавымі вокнамі ў простых ліштвах. Гарызантальна ашаляваныя фасады чляніліся брусамі-сцяжкамі[7].
Лядоўня
[правіць | правіць зыходнік]Часам згадваецца як лямус. Знаходзілася цераз дарогу ад сядзібнага дома. Кампактны квадратны ў плане двух’ярусны будынак. Верхні ярус з галерэяй вертыкальна ашаляваны і аддзелены ад ніжняга карнізам. Дах чатырохсхільны, з заломам. Не захавалася.
Зноскі
- ↑ а б Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław-Warszawa-Kraków : Zaklad im. Ossolinskich Wyd-wo, 1997. — Cz. 2. — T. 11. Województwo kijowskie oraz uzupełnienia do tomów 1-10. — 787 s. — S. 548—542
- ↑ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy (польск.). — Warszawa, 1882. — S.775
- ↑ Wykaz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. T. 1, Województwo wileńskie. T. 1. Warszawa: Główny Urząd Statystyczny, 1938, s. 8.
- ↑ Наталля Лубнеўская. «Якія турысты? Гэта ўжо спісаны аб’ект». Пад Мёрамі знеслі аўтэнтычную канюшню, пабудаваную 100 год таму. // Наша ніва, 24 сакавіка 2020. (бел.)
- ↑ Андрэй Шчарбіцкі. Разбурэнню аўтэнтычнай стайні ў Мёрскім раёне будзе дадзена прававая ацэнка // Звязда, 26 сакавіка 2020. (бел.)
- ↑ А. Т. Федорук. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Мн.: Ураджай, 1989. — 247 с. — С. 84
- ↑ Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. — С. 422
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Каменпольская усадьба // Белорусская ССР: Краткая энциклопедия. В 5-ти т. Т. 4. / Ред. колл.: П. У. Бровка и др.. — Мн.: Гл. ред. Белорус. Сов. Энциклопедии, 1981. — Т. 4. — 712 с. — 50 000 экз.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл.
- Каменпольская усадьба // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. — Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. — Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. — Кн. 1.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Камянпольская сядзіба на сайце Radzima.org
- Камянпольская сядзіба на сайце Глобус Беларусі (руск.)