Канвенцыя Альвенслебена

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Царства Польскае (шэрым) і Прусія (сінім)

Канвенцыя Альвенслебена — пагадненне Расійскай імперыі і Каралеўства Прусіі, падпісанае ў Санкт-Пецярбургу 27 студзеня (8 лютага) 1863 года міністрам замежных спраў Расіі Аляксандрам Гарчаковым і генерал-ад’ютантам прускага караля Густавам фон Альвенслебенам (адсюль і назва дакумента).

Падпісанне[правіць | правіць зыходнік]

У студзені 1863 года на тэрыторыях Рэчы Паспалітай, далучаных да Расійскай імперыі, пачалося паўстанне за аднаўленне дзяржаўнасці. Прусія неадкладна перакрыла мяжу і прывяла ў гатоўнасць войскі, каб перашкодзіць распаўсюджванню паўстання на сваёй тэрыторыі. Прэм’ер-міністр Ота фон Бісмарк накіраваў да расійскага імператара Аляксандра II персанальнага каралеўскага ад’ютанта Густава фон Альвенслебена абмеркаваць меры супольнага рэагавання на паўстанне[1]. Бакі ўмовіліся на права кожнага пераходзіць мяжу пры неабходнасці пераследу польскіх паўстанцаў і наступнай перадачы іх расійскім ваенным трыбуналам[2][3].

Расійская імперыя здушыла паўстанне ўласнымі сіламі, і канвенцыя не была ратыфікаваная і ніколі не прымянялася на практыцы[4][5].

Наступствы[правіць | правіць зыходнік]

У Прусіі[правіць | правіць зыходнік]

Каралеўскі ад’ютант Густаў фон Альвенслебен

Бісмарк, які толькі нядаўна зрабіўся прэм’ер-міністрам і кіраваў без парламенцкай большасці, быў раскрытыкаваны прускімі лібераламі, якія падтрымлівалі палякаў, хоць і меней, чым у 1848 годзе[1][3][6][7][8]. Прускі парламент нават накіраваў ноту імператару Вільгельму з асуджэннем дзеянняў Бісмарка. У выніку Вільгельм распусціў ландтаг.

У свеце[правіць | правіць зыходнік]

Заходнія лібералы раскрытыкавалі канвенцыю, што выклікала сур’ёзны дыпламатычны крызіс[2]. Занепакоенасць выказалі Вялікабрытанія і Аўстрыйская імперыя, а французскі імператар Напалеон III выказаў падтрымку паўстанню і прапанаваў зняць Бісмарка з пасады[1].

Канвенцыя ўмацавала пруска-расійскія сувязі, а расійска-французскія стасункі напружыліся пасля падтрымкі Напалеонам III палякаў[1][9].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 Bismarck and Mitteleuropa. — 1994. — С. 93. — ISBN 0-8386-3512-1.
  2. 2,0 2,1 Bismarck and his times. — Southern Illinois University, 1978. — С. 45. — ISBN 0-8093-0858-4.
  3. 3,0 3,1 European diplomacy, 1870-1939. — Heinemann, 2002. — С. 7. — ISBN 0-435-32734-8.
  4. Europe reshaped, 1848-1878. — Blackwell, 2000. — С. 252. — ISBN 0-631-21914-5.
  5. Bismarck. — Pearson, 2004. — С. 94. — ISBN 0-582-03740-9.
  6. Bismarck and the development of Germany: the period of unification, 1815-1871. — 1971. — С. 196.
  7. Bismarck. — Routledge, 2002. — С. 92. — ISBN 0-415-21613-3.
  8. A History of Modern Germany. — Princeton University Press, 1982. — С. 166. — ISBN 0-691-00797-7.
  9. The Great Powers, 1814-1914. — Nelson, 1992. — С. 252. — ISBN 0-17-435056-2.