Канстанцінаўская града

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку

Канстанцінаўская града — форма рэльефу на захадзе Мядзельскага раёна Мінскай вобласці, выдзяляецца ў складзе фізіка-геаграфічнага раёна Нарачана-Вілейская нізіна. Цягнецца з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход уздоўж паўднёва-ўсходняга берага возера Свір. Вышыня 190—200 м, найбольшая 232 м.

Магутнасць асадкавага чахла каля 380 м. Пашыраны адклады сярэдняга дэвону (мергелі, даламіты з праслоямі глін, пясчанікаў), чацвярцічныя валунныя супескі і суглінкі, пясчана-галечны матэрыял, участкі маламагутнага покрыва з водна-ледавіковых супескаў. Фарміраванне грады звязана з краявой зонай акумуляцыі паазерскага зледзянення.

Рэльеф грады сярэдне- і буйнаўзгорысты з ваганнямі адносных вышынь 15—20 м, радзей 25—30 м. Канстанцінаўская града — сістэма ўзгоркаў акруглай формы з выпуклымі, часам плоскімі вяршынямі. Грэбень грады ўзгорыста-хвалісты, парэзаны седлавінамі. Схілы асіметрычныя: паўднёва-заходні стромкі (10—30°), паўночна-ўсходні спадзісты, паступова пераходзіць у водна-ледавіковую раўніну. Трапляюцца камавыя ўзгоркі (вышыня 5—15 м), складзеныя з тонкаслаістых пяскоў з уключэннем жвіру і галькі, а таксама замкнёныя сподкападобыыя западзіны тэрмакарставага паходжання. У двух месцах града парэзана далінамі прарыву рэк Страча і Вялікі Перакоп.

Глебы дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя, месцамі слабаэрадзіраваныя супясчана-сугліністыя. Лясы яловыя, радзей хваёвыя кусцікава-зеленамошныя і зеленамошна-чарнічныя. Пад ворывам да 40 % тэрыторыі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]