Канстанцін Паклонскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Канстанцін Паклонскі
Слепаўрон
Слепаўрон
Дата смерці не раней за 1661 і не пазней за 1663
Званне палкоўнік
Бітвы/войны

Канстанцін Вацлаў Паклонскі (? — пасля 1661/да 1663[1]) — «палкоўнік беларускі», ротмістр літоўскі.

З роду праваслаўнай, але ўжо паланізаванай шляхты Пінскага павета[1]. Сын Юрыя (Ежы) Паклонскага. Імаверна, у 1-й палове XVII ст. пэўны час служыў Янушу Радзівілу. На думку Канстанціна Качагарава, праз шлюб родзічаў Паклонскі быў сваяком генеральнага вайсковага пісара Івана Выгоўскага[2]. У 1640-я гады, мабыць і раней, сябра і адзін з лідараў Магілёўскага праваслаўнага брацтва, «прыяцель» Іосіфа Канановіча-Гарбацкага[uk], каад’ютара праваслаўнай Мсціслаўскай, Аршанскай і Магілёўскай епархіі.

У 1-й палове XVII ст. праваслаўнае брацтва змагалася за вяртанне перададзеных уніятам магілёўскага Спаскага сабора і манастыра пры ім. Урэшце, студзенем 1650 года кароль Ян Казімір выдаў універсал пра вяртанне шэрагу цэркваў і манастыроў праваслаўным Рэчы Паспалітай, у т. л. «царквы святога Спаса, манастыра з прыходамі» ў Магілёве. Таксама 3 (13) студзеня 1650 года на сейме ў Варшаве атрымаў прывілей на епіскапства Магілёўскае, Аршанскай і Мсціслаўскае Іосіф Канановіч-Гарбацкі, у прывілеі падкрэслены яго правы на Спаскі сабор, манастыр і ўсе яго маёнткі, адмыслова адзначаўся «перавоз» (паром) на Дняпры пад Спаскім саборам. Афіцыйная перадача сабора адбылася 2 (12) мая 1650 года, пасля службы, якую чынілі ўніяты, на сярэдзіну царквы выйшаў Канстанцін Паклонскі і зачытаў каралеўскія прывілей і ўніверсал. Прысутныя возныя ўвязалі праваслаўных, у асобе епіскапскага намесніка Іосіфа Палоўкі, ва ўладаннях. На думку Качагарава, ганаровая роля Паклонскага сведчыць пра яго актыўны ўдзел у змаганні за сабор і нават лідарства ў магілёўскім брацтве.[3]

У 1653 годзе старшыня магілёўскага брацтва — Вацлаў (Канстанцін) Паклонскі, дыякан Спаскага манастыра Антоні Ласіцкі, бурмістр Кузьма Маркевіч, райца Яўсевій Шашкевіч — пазваны да каралеўскага суда. На думку Качагарава, прычынай позвы было актыўнае процідзеянне ўніяцкаму смаленскаму епіскапу Андрэю Квашніну-Залатому, які ў тым годзе наведаў Магілёў і хацеў забраць сабор ад праваслаўных зноў да ўніятаў — «законных уладальнікаў», як адзначалася ў позве — тады магілёўцы прыходзілі грамадой з пагрозамі забіць Квашніна-Залатога, яму давялося ўцякаць з горада. Для разбору гэтых падзей у Магілёў накіраваны каралеўскія камісары — віленскі кусташ Ежы Белазор і віленскі скарбнік Ян Уладзіслаў Невельскі.[4]

Пазней, у тым жа 1653 годзе, Паклонскі ўзначальваў братчыкаў у канфлікце за «перавоз» цераз Дняпро. Быццам для патрэб каралеўскіх падданых на Дняпры у Магілёве быў пабудаваны яшчэ адзін «перавоз», канкурэнтны перавозу пад Спаскім саборам, які належаў праваслаўным і даваў ім прыбыткі. Праваслаўныя некалькі разоў абмяркоўвалі сітуацыю на сходах у Спаскім саборы. Урэшце, 11 (21) ліпеня 1653 года некалькі соцень ўзброеных братчыкаў і мяшчан на чале з Паклонскім і дыяканам Ласіцкім напалі на «перавоз», перавознікаў збівалі, ледзь не забілі, паром пасеклі на кавалкі сякерамі і бердышамі. Не супакоеная гэтым, узброеная грамада на зваротным шляху пайшоў паўз двара камісараў Белазора і Невельскага, ганьбіла і смяялася не толькі з іх, але і з каралеўскай улады. За гэта дэкрэтам ад 3 (13) кастрычніка 1653 года Паклонскі і іншыя старшыны брацтва другі раз былі пазваны да асесарскага суда да каралеўскага двара. Позва была ўручана ім 10 (20) лістапада 1653 года, калі братчыкі, мусіць, чарговы раз засядалі ў Спаскім манастыры «у пана Паклонскага».[4]

Напэўна, Паклонскі не застаўся ў баку і ад канфлікту каралеўскіх падданых Магілёўскай эканоміі з яе кіраўніком Станіславам Янам Зжадзінскім, якога сяляне абвінавачвалі ў злоўжываннях і пазазаконных паборах. Разбор скаргаў на Зжадзінскага ў сакавіку 1653 года быў даручаны тым жа каралеўскім камісарам — Балазору і Невельскаму, але яны не спяшаліся нават ехаць у Магілёў, чым выклікалі папрокі караля, які асцерагаўся «далейшых бунтаў». Пра папярэднія «бунты» у Магілёўскай эканоміі, праўда, пакуль вядомы толькі цьмяныя згадкі.[5] Урэшце, кароль Ян Казімір замест Зжадзінскага прызначыў новага кіраўніка эканоміі — літоўскага кухмістра Мікалая Пятроўскага, яму ж быў даручаны і разбор скаргаў падданых на Зжадзінскага, а каралеўскія камісары Белазор і Невельскі ў кастрычніку 1653 года адкліканы з Магілёва. Кароль падазраваў, што падданыя скардзяцца не столькі праз праблемы, колькі навучаныя кімсьці, магчыма, на думку Качагарава, гэта намёк на Паклонскага. І праўда, канфлікт паміж новым кіраўніком эканоміі Пятроўскім, з аднаго боку, і Паклонскім з прыхільнікамі — з другога, меў месца.[6]

На думку Качагарава, ва ўмовах канфрантацыі з уладай Паклонскі пачаў шукаць падтрымкі ўкраінскіх казакаў, а менавіта звярнуўся да Выгоўскага[7]. Ужо на пачатку студзеня 1654 года, на перамовах пра пераход Украіны пад царскую пратэкцыю, генеральны пісар Войска Запарожскага Выгоўскі паведамляў маскоўскаму прадстаўніку баярыну Бутурліну пра Паклонскага як свайго сваяка («повинной» ад польскага «powinny», на думку Качагарава) і «чалавека дабрадзейнай веры» ў Магілёве, які «жадае быць пад высокай рукой вялікага гасудара». За парадай Бутурліна Выгоўскі напісаў Паклонскаму, што цар гатовы ўзяць яго пад сваю ўладу. Па ўсім, па думку Качагарава, атрымаўшы абяцанне падтрымкі, Паклонскі перайшоў да актыўных дзеянняў, пагатоў, на мяжы мая-чэрвеня 1654 года маскоўскія войскі рушылі на тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага і пачалася вайна 1654—1667 гадоў. У чэрвені[1] 1654 года Паклонскі падняў мяцеж у Магілёве, але неўзабаве ўцёк на Папову Гару і збіраў там людзей. Папова Гора была тэрыторыяй Старадубскага казацкага палка, то-бок пад уладай казацкага гетмана Багдана Хмяльніцкага.[2]

Намеры Паклонскага змянілі тон кіраўніка эканоміі Пятроўскага, які пісаў яму, але без адказу[2]. Таксама жніўнем 1654 года да Паклонскага пісаў гетман Януш Радзівіл, ён абураўся нечуванасцю здрады «слугі радзівілаўскага», прапаноўваў Паклонскаму гарантыі бяспекі і заступніцтва, каб той вяртаўся да Вялікага княства Літоўскага. Аднак, было запозна, яшчэ ліпенем 1654 года Паклонскі атрымаў аўдыенцыю цара Аляксея Міхайлавіча.[7] Паклонскі прыйшоў пад Смаленск з рэкамендацыйным лістом Хмельніцкага і на чале групы шляхты і мяшчан. Добразычліва прыняты царом, абдораны 100 рублямі і ўзяты на маскоўскую службу ў чыне «палкоўніка беларускага»[1].

Цар паслаў Паклонскага разам з войскам Міхаіла Ваейкава пад Магілёў, ён мусіў схіліць горад да здачы і вербаваць мясцовых людзей на маскоўскую службу. Падчас магілёўскага паходу Паклонскі заняў Чавусы і стварыў уласны моцны атрад. Пачатая агітацыя сярод жыхароў Магілёва, не гледзячы на няўдачы спачатку, мела неўзабаве вынік, горад здаўся на пачатку верасня. Будучы ў Магілёве, Паклонскі энергічна вербаваў людзей, а таксама спрабаваў схіліць да здачы іншыя гарады. У сваёй дзейнасці прыйшоў да вострага канфлікту з камандзірам украінскага казацкага корпусу Васілём Залатарэнкам[uk], які спрабаваў паддаць занятыя ўсходнія землі ВКЛ казацкаму ўплыву. Паклонскі стаяў за інтарэсы цара, адбіраў у казакаў занятыя тэрыторыі і перашкаджаў казацкай вярбоўцы. Цар высока ацаніў службу Паклонскага, у верасні 1654 года ўзнагародзіў яго горадам Чавусамі і сёламі Баждынічы, Забалоцце, Ялавое і Стараселле. У канцы верасня 1654 года Паклонскі хадзіў пад Крычаў, пасля заняцца горада ў лістападзе вярнуўся ў Магілёў. У кастрычніку 1654 года як царскую ўзнагароду Паклонскі атрымаў у Магілёве двор былога кіраўніка Магілёўскай эканоміі Зжадзінскага, а яго маёнтак з дзевяці вёсак («Вербіжскую дзяржаву») атрымаў паплечнік Паклонскага, магілёўскі войт Мікалай Гелда[8]. У снежні 1654 года Паклонскі атрымаў ад цара вёскі Пуцкі, Галашова і Святазеры. Імкнуўся каб захопленыя ўсходнія абшары ВКЛ кіраваліся ўласна ім, а не праз маскоўскіх ваяводаў і пагатоў не казацкай адміністрацыяй.[1]

У студзені 1655 года, пасля некалькіх сутычак з вялікалітоўскім войскам, якое спрабавала вярнуць страчаныя тэрыторыі, Паклонскі са сваім палком прыйшоў у Магілёў. Пераканаў гараджан бараніцца супраць наступлення на горад войскаў Януша Радзівіла, а таксама выгнаць з Магілёва яўрэяў, якіх абвінавачваў у супрацоўніцтве з праціўнікам. Частка яўрэяў была абрабавана і забіта, хтосьці здолеў уцячы з горада, астатнія вымушаны былі прыняць праваслаўе. У гэты час Паклонскі яшчэ атрымаў ва ўзнагароду ад цара сёлы Вілейку, Лазараўку і Заходы. Аблога Магілёва вялікалітоўскім войскам, праз моцныя маразы і благое забеспячэнне, не давала вынікаў. Гетман Януш Радзівіл здолеў завязаць кантакт з Паклонскім і вясною 1655 года той перайшоў на бок Рэчы Паспалітай, дзякуючы чаму была занята частка Магілёва, але маскоўскі гарнізон і месцічы працягвалі абарону астатняй часткі. Паклонскі спрабаваў схіліць месцічаў да здачы, таксама вёў перамовы пра гэта з камандзірам казакаў Васілём Залатарэнкам, але безвынікова.[1]

На сейме Паклонскаму, разам са «шляхтай, якая з ім назад вярнулася» на бок Рэчы Паспалітай, вернуты ў грамадзянскія правы. Пасля зняцця вялікалітоўскім войскам аблогі з Магілёва, Паклонскі са сваім атрадам дзейнічаў на ўсходніх землях ВКЛ, аднак няўдала — у чэрвені 1655 года ён разбіты пад Барысавым маскоўскім атрадам Баратынскага, у ліпені зноў разбіты маскоўцамі пад Койданавым, урэшце, разгромлены пад Ашмянамі атрадам казакаў Залатарэнкі. Пасля страты Вільні (8 жніўня 1655) разам з вялікім гетманам Радзівілам пайшоў у Кейданы. На пачатку снежня 1655 года, аднак, Паклонскі, як і значная частка вялікалітоўскага войска, пакінуў Радзівіла і пайшоў у Прусію, дзе завербаваўся ў войска брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма[ru].[1]

Імаверна, пасля здрады Фрыдрыха Вільгельма інтарэсам Рэчы Паспалітай, Паклонскі пакінуў службу ў яго і ўжо 1656 годзе зноў быў у вялікалітоўскім войску. Восенню 1656 года ўдзельнічаў у арганізаваным гетманам Вінцэнтам Гасеўскім паходзе супраць брандэнбуржцаў і шведаў у Прусію. У няўдалай для вялікалітоўскага войска бітве пад Філіпавым[pl] (22 кастрычніка 1656) трапіў у шведскі палон і зняволены у мальборкскай турме.[1]

Невядома калі Паклонскага вызвалілі, але яшчэ на пачатку 1658 года ён згаданы сярод тых, каго хацелі абмяняць на палонных шведаў. Пасля выхаду з палону Паклонскі не вярнуўся да вайсковай службы. Марыя Радзівіл, у знак прызнанне яго заслуг на службе яе мужу Янушу Радзівілу, запісала Паклонскаму у сваім тастаменце (1661) Быстрыцкае староства.[1]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]