Канстанцін Яўхімавіч Бялецкі
Канстанцін Яўхімавіч Бялецкі | |
---|---|
| |
Дата нараджэння | 20 студзеня (1 лютага) 1874 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 8 снежня 1926 (52 гады) |
Род дзейнасці | урач, грамадскі дзеяч, ваенны ўрач, галоўны ўрач, медыцынскі адміністратар |
Альма-матар | |
Член у | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Канстанцін Яўхімавіч Бялецкі (20 студзеня (1 лютага) 1874, в. Лунна Гродзенскага павета, цяпер Мастоўскі раён — 8 снежня 1926) — урач, беларускі грамадска-палітычны дзеяч. Трымаў прыватную практыку па скурна-венерычных захворваннях. Грамадска-палітычны дзеяч.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Дзяцінства і адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]Сын кіраўніка пошты. Вучыўся ў Гродзенскай гімназіі, Пецярбургскай ваеннай медыцынскай акадэміі (скончыў у 1899)
Ваенная служба
[правіць | правіць зыходнік]Ваенны ўрач: малодшы ўрач 102 палка, малодшы ардынатар вайсковага лазарэта. З кастрычніка 1912 года сябра Гродзенскага таварыства прыхільнікаў ваенна-санітарных ведаў, на адным з пасяджэнняў якога выступіў з рэфератам «Пірагоў як анатам і навукова-грамадскі дзеяч». Аўтар некралога памяці гродзенскага гісторыка Я. Арлоўскага ў снежні 1913 года. Выкладаў на курсах па падрыхтоўцы сясцёр-міласэрнасці для таварыства Чырвонага Крыжа.
Падчас Першай сусветнай вайны — галоўны ўрач палявога шпіталя на нямецкім фронце. Быў кантужаны. У пачатку 1918 года выехаў на адпачынак у Магілёў, адкуль летам таго ж года вярнуўся ў Гродна.
Пасля вайны
[правіць | правіць зыходнік]Ардынатар венерычнага аддзела пры гродзенскім гарадскім шпіталі (1918—1926). Калі Канстанцін Бялецкі атрымліваў пашпарт польскага грамадзяніна, то адмовіўся называцца палякам і ў радку пра нацыянальную прыналежнасць напісаў «беларус»[1]. 16 студзеня 1919 года быў прызначаны ўрачом Першага беларускага палка ў Гродне. У той жа дзень выступіў на адкрыцці беларускага клуба «Наша хатка» («Беларуская хатка»), старшынёй часовага праўлення якога ён з’яўляўся. Пры гэтым вядома, што К. Бялецкі прылюдна прызнаваўся, што беларускай мовы не ведае, а на сабраннях гэтага таварыства прасіў дазволу гаварыць па-руску[1].
Быў сябрам Гродзенскай губернскай гарадской управы, пасля — Беларускага нацыянальнага камітэта ў Гродне (з 28 сакавіка 1920 віцэ-старшыня). У якасці прадстаўніка БНК удзельнічаў 21 студзеня 1919 года ў паседжанні аргкамітэту па скліканні Краёвага беларускага з’езду Гродзеншчыны. Як прадстаўнік беларускіх сацыялістаў удзельнічаў у выбарах у гарадскую Раду 27 лютага 1919 года. 4 красавіка 1919 года быў кааптаваны ў склад Літоўскай Тарыбы.
З дзённіка А. Луцкевіча, які неаднаразова гасціў у хаце К. Бялецкага ў студзені 1919 года:
Чалавек сярэдніх гадоў, шчыры беларус, хоць і гаворыць па-расейску… Цікавіцца культурнай работай, апрацоўвае статут беларускага клуба… |
Летам 1919 года арыштаваны польскімі ўладамі. На перавыбарах Гродзенскага БНК 28 сакавіка 1920 года быў адзіным з кандыдатаў, каго абралі ў новы склад камітэта аднагалосна. Падчас панавання савецкай улады ў Гродна летам 1920 года хаваў у вайсковым шпіталі польскага афіцэра. З’яўляўся апекуном Гродзенскага беларускага прытулку. Між іншым, у канцы 1921 года даглядаў хворую Станіславу Буйло. У 1922 годзе беспаспяхова вылучаўся ад блока № 16 — нацыянальных меншасцей на выбарах у Сенат па пятай акрузе (Беласток). У рапарце польскай паліцыі за лістапад 1924 года К. Бялецкі ўзгадваўся ў якасці аднаго з найбольш актыўных прадстаўнікоў беларускай «нацыянальнай плыні» ў Гродне.
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]У 1902 годзе ажаніўся з Валянцінай Кемарскай, дачкой доктара К. Кемарскага (арыштавана па ілжывым абвінавачанні ў супрацоўніцтве з акупантамі, загінула пасля 1944 года ў ГУЛАГу[1]).
У 1919 годзе ажаніўся другі раз з маладой дзяўчынай Лідзіяй Сафроненка (н. 1898), выхаванкай жаночага манастыра. На 1924 год меў дваіх дзяцей: Алену (н. 1920) і Ірыну (н. 1923). Фотааматар. Блізкі сябра гродзенскага епіскапа Уладзіміра. Захаваўся подпіс на фотаздымку епіскапа з прысвячэннем: «Сярдзечнаму сябру хварэючых і смуткуючых, добраму доктару і любімаму фатографу К. А». Жыў ва ўласным доме па вул. Kirchowa/Akademicka, 13.
Дом
[правіць | правіць зыходнік]У 1913 годзе Канстанцін Бялецкі пабудаваў уласны дом у Гродне (сучасны адрас вул. Акадэмічная, 13). Будынак быў аднапавярховым, з бляшаным дахам і меў два ўваходы. Праз адзін з вуліцы прыходзілі пацыенты, а праз другі — жыхары дома[2].
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці ф. р 46, воп. 1, спр. 64, ст. 22, 22об.; там жа ф. 662, воп. 2, спр. 8;
- Дзяржаўны архіў Бресцкай вобласці, ф. 67, воп. 1, спр. 350, ст. 61;
- Архівы БНР т. 1, кн. 1, с. 581;
- А. Луцкевіч Дзённік // Полымя, 1991, № 4, ст. 216; № 5, ст. 174, 177;
- Православный вестник ноябрь — декабрь 1999, № 11 — 12, с.14;
- Е. А. Савко «Архивные материалы о медицинских обществах в Гродно» // Музей і развіццё гістарычнага краязнаўства // Гродна, 1990, ст. 80;
- V.Lesćius Lietuvos kariuomene 1918—1920; Vilnius, s. 323;
- «Echo Grodzieńskie», 1920, № 65;
- Д.Чаркасава «Пагасла яснае сонейка» // Голас Радзімы, 30.1.1986, № 5;
- Нарадзіліся 1 лютага
- Нарадзіліся ў 1874 годзе
- Нарадзіліся ў Гродзенскім павеце (Расійская імперыя)
- Памерлі 8 снежня
- Памерлі ў 1926 годзе
- Выпускнікі Гродзенскай гімназіі
- Выпускнікі Ваенна-медыцынскай акадэміі
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Грамадскія дзеячы Беларусі
- Грамадскія дзеячы Польшчы
- Медыкі Беларусі
- Дэрматолагі Беларусі
- Венеролагі
- Ваенныя ўрачы Расійскай імперыі
- Медыкі Расійскай імперыі
- Медыкі Першай сусветнай вайны (Расійская імперыя)