Канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Канфедэрацыя ВКЛ)

Канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага — блок беларускіх, літоўскіх, польскіх і яўрэйскіх арганізацый у 19151917 гг., што адносіліся да ліберальна-дэмакратычнай плыні краёвасці і выпрацоўвалі мадэлі беларуска-літоўска-латвійскай дзяржавы, якую меркавалася адрадзіць на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Створаны на тэрыторыі Беларусі і Літвы, акупіраванай германскімі войскамі ў час Першай сусветнай вайны.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

19 снежня 1915 г. апублікаваны ўніверсал канфедэрацыі, у якім паведамлялася, што асноўная мэта яе ў тым, каб «літоўскія і беларускія землі, каторыя здаўна прыналежалі да Вялікага Княства Літоўскага, а цяпер апанаваны нямецкімі войскамі, станавілі пры новых варунках гістарычных нераздзельнае цела на фундаменце незалежнасці Літвы і Беларусі, як суцэльнай дзяржавы, засцерагаючы ўсім нацыям у яе межах усе правы». Універсал распаўсюджваўся на чатырох мовах (беларускай, літоўскай, польскай і ідыш), пастуліраваў неабходнасць вылучэння акупаваных немцамі паўночна-заходніх губерняў з-пад юрысдыкцыі Расійскай імперыі і ўтварэння на гэтай тэрыторыі «незалежнай дзяржаўнай адзінкі» з соймам (парламентам) у Вільні, сфарміраваным шляхам агульных, роўных, прамых выбараў пры тайным галасаванні. Адноўленае Вялікага Княства Літоўскае меркавалася спачатку як унітарная («суцэльная») дзяржава без унутраных меж. Стварэнне асяродкаў нацыянальнай дзяржаўнасці асобных народаў не прадугледжвалася, народам дэкларавалася толькі свабода культурнага развіцця. Канфедэраты звярнуліся да ўсіх народаў, арганізацый і грамадзян літоўска-беларсукіх губерняў Расійскай імперыі з заклікам далучыцца да іх. Унутраны лад будучай Беларуска-Літоўскай дзяржавы павінен быў вызначыць Устаноўчы сойм. У склад адроджанай дзяржавы павінны былі ўвайсці тэрыторыі, занятыя нямецкімі войскамі, якімі на той час былі Ковенская і Віленская губерні, беларуская і літоўская часткі Гродзенскай і Сувалкаўскай губерняў, частка Мінскай і літоўская частка Курляндскай губерні[1].

Тым часам 6 студзеня 1916 г. у Коўне адбылася канферэнцыя літоўскіх і латышскіх арганізацый, якія стварылі Галоўны літоўскі народны камітэт. У дэкларацыі канферэнцыі гаварылася, што літоўцы і латышы, добраахвотна аб'яднаўшыся, утвараюць незалежную дзяржаву — Вялікае Княства Літоўскае — з 2 аўтаномнымі тэрыторыямі. Канферэнцыя прапанавала беларусам далучыцца да новай дзяржавы ў якасці трэцяй аўтаномнай часткі.

Канцэпцыя больш шырокай канфедэрацыі была распрацавана ў ліпені 1916 г. Беларускім народным камітэтам. Яго старшыня Антон Луцкевіч абгрунтаваў ідэю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мораў. У гэтую канфедэрацыю павінны былі ўвайсці Беларусь, Літва, Латвія, Украіна.

На змену ідэі аб незалежнай дзяржаве з аўтаномнымі тэрыторыямі прыйшла ідэя канфедэрацыі незалежных дзяржаў. Гэта ідэя ўпершыню адлюстравана ў мемарыяле беларускай дэлегацыі Лазанскай канферэнцыі народаў Расіі (1916). Незалежніцкія ідэі ўсё больш авалодвалі і літоўскім рухам. У пачатку 1917 г. створана Літоўская Тарыба, якая выказала прэтэнзіі на беларускія землі.

Тым не менш беларускія арганізацыі ў 1917 г. неаднойчы выказваліся аб мэтазгоднасці стварэння Беларуска-Літоўскай дзяржавы. У дэкларацыях, заявах і інш. дакументах гаворка ўжо ішла пра ўсе беларускія землі — і акупіраваныя немцамі, і падуладныя Расіі. Перамена пазіцый адбылася пад уплывам ідэй арганізацыі Сувязі незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. Ідэю Беларуска-Літоўскай дзяржавы падтрымаў Беларускі нацыянальны камітэт у Мінску. У верасні 1917 г. канферэнцыя Беларускага Народнага Камітэта, Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы (БСДРГ) і Віленскага камітэта Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) прыняла універсал, у якім выказвалася пажаданне, каб Беларусь і Літва сталі незалежнымі і непадзельнымі, усе беларускія і літоўскія землі ўвайшлі ў склад Беларуска-Літоўскай дзяржавы разам з Курляндыяй, а ў перспектыве і з Украінай. 11 снежня 1917 г. была абвешчана Літоўская Рэспубліка. БСДРГ і Віленскі камітэт БСГ разам з іншымі арганізацыямі апублікавалі супольную дэкларацыю, у якой настойвалі на скліканні Устаноўчага сойма, які павінен быў вырашыць пытанне аб лёсе Беларусі і Літвы, іх межах, дзяржаўным ладзе і адносінах да суседніх дзяржаў. Ад імя беларускіх арганізацый была накіравана тэлеграма рэйхсканцлеру Германіі з пажаданнем, каб «беларуска-літоўскія землі акупацыі станавілі незалежную суверэнную дэмакратычную дзяржаву, зложаную з дзвюх асноўных нацыянальных тэрыторый: беларускай і літоўскай, у найцяснейшай еднасці з Курляндыяй». На Беларускай канферэнцыі 1918 г. у Вільні была прынята адпаведная рэзалюцыя.

Імкненне беларускіх арганізацый да дзяржаўнага адзінства з Літвой, Латвіяй і Украінай тлумачылася найперш эканамічнымі матывамі і жаданнем мець выхад Беларусі да Балтыйскага і Чорнага мораў.

Пасля абвяшчэння незалежнасці Літвы (16 лютага 1918) і Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918) ідэя канфедэрацыі не ўзнімалася. У 1919 г. бальшавікі стварылі Літоўска-Беларускую ССР, якая неўзабаве спыніла сваё існаванне ў сувязі з польскай акупацыяй.

Зноскі

  1. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 312—314.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Луцкевіч, А. Злучаныя Штаты ад Балтыкі да Чорнага мора // Свабода. 1990. № 2;
  • Луцкевіч, А. Эканамічная эвалюцыя і беларускі рух // Гоман. 1917. 6 і 9 лістап.;
  • Луцкевіч, А. Палітычныя лозунгі беларускага руху // Зборнік «Наша Ніва». Вільня, 1920;
  • Станкевіч, А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934 (на вокл. 1935);
  • Сідарэвіч, А. Беларускі шлях // ЛіМ. 1990. 23 лістап.;
  • Сідарэвіч, А. Канфедэрацыя Вялікага княства Літоўскага // ЭГБ, т.4. — Мн., 1997.
  • Гісторыя Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Экаперспектыва, 2000—2012. — Т. 4 : Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII—пачатак XX ст.) / М. Біч [і інш.]. — 2005. — 519 с.
  • Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.