Канфлікт у Кабіндзе
| Канфлікт у Кабіндзе | |||
|---|---|---|---|
| | |||
| Дата | з лістапада 1975 года | ||
| Месца | Кабінда, эпізадычна Ангола і Рэспубліка Конга | ||
| Прычына | барацьба за кантроль над нафтавымі радовішчамі | ||
| Статус | працягваецца | ||
| Праціўнікі | |||
|
|
|||
Канфлікт у Кабіндзе — узброены канфлікт на тэрыторыі эксклаўнага рэгіёна Кабінда (былое Партугальскае Конга) паміж Анголай і Фронтам за вызваленне анклава Кабінда (а ў далейшым таксама ўрадам у выгнанні самаабвешчанай Рэспублікі Кабінды). Канфлікт пачаўся пасля атрымання Анголай незалежнасці ў 1975 годзе і з рознай ступенню інтэнсіўнасці працягваецца па цяперашні час.
Перадумовы
[правіць | правіць зыходнік]Да 1885 года тэрыторыі Кабінды размяшчаліся розныя тубыльныя дзяржавы. У 1885 годзе паміж Партугаліяй і Каралеўства Нгоё падпісаны Сімуламбукскі дагавор, які завяршыў сабой серыю дагавораў паміж афрыканскімі каралеўствамі і Партугаліяй, канчаткова аформіўшы партугальскі пратэктарат над рэгіёнам[1]. З 1900 года гэты пратэктарат быў вядомы як Партугальскае Конга. У 1933 годзе Канстытуцыя партугальскай новай дзяржавы пацвердзіла статус як Кабінды, так і суседняй Анголы як асобных частак Партугаліі. Аднак у 1956 годзе было выраблена зліццё каланіяльных адміністрацый Анголы і Кабінды[2].
У 1960 годзе быў заснаваны Вызваленчы рух за дзяржаву Кабінда (парт.: Movimento para a Libertação do Enclave de Cabinda, MLEC), а ў 1963 годзе яшчэ дзве арганізацыі, якія ставілі перад сабой тыя ж мэты — Камітэт нацыянальнага дзеяння народа Кабінды (парт.: Comité de Acção da União Nacional de Cabinda, CAUNC) і Нацыянальны альянс Маёмбэ (парт.: Aliança Nacional Mayombe, ALLIAMA). Неўзабаве пасля гэтага дзве новыя групы аб’ядналіся з першай у Фронт вызвалення анклава Кабінда (ФЛЕК; парт.: Frente para a Libertação do Enclave de Cabinda, FLEC). Абвяшчэнне стварэння арганізацыі адбылося ў Пуэнт-Нуары (Рэспубліка Конга)[2].
У 1964 годзе Кабінда стала членам Арганізацыі афрыканскага адзінства як 39-я афрыканская дзяржава, якой трэба прайсці дэкаланізацыю. У 1974 годзе партугальскія ўлады далі дазвол на размяшчэнне структур ФЛЕК на тэрыторыі Кабінды. 1 жніўня таго ж года ўрад Партугаліі абвясціў пра намер правесці ў Кабіндзе рэфэрэндум аб самавызначэнні. Аднак змена ўлады ў метраполіі паклала канец гэтым планам, і ўжо ў студзені 1975 года ўрад Партугаліі і тры ангольскія ваенізаваныя арганізацыі падпісалі Алворскія пагадненні, у якіх Кабінда абвяшчалася неад’емнай часткай Анголы[3][4]. 11 лістапада 1975 года, у дзень абвяшчэння незалежнасці Анголы, у Кабінду праз Пуэнт-Нуар былі ўведзеныя ўзброеныя атрады арганізацыі МПЛА, якая прадстаўляла сабой асноўную ваенную сілу ў Анголе. Групоўка атрымала грошы ад энергетычнай карпарацыі Chevron з тым, каб усталяваць кантроль над багатымі нафтавымі радовішчамі Кабінды[2].
Ход канфлікту
[правіць | правіць зыходнік]Пасля ўсталявання ваеннага кантролю Анголы ў Кабіндзе з рэгіёну пачаўся масавы выхад насельніцтва (колькасць бежанцаў у суседніх Рэспубліцы Конга і Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга (Заіры), паводле ацэнак сайта GlobalSecurity.org, складала 950 тысяч чалавек[2]). Да канца 1990-х гадоў на тэрыторыі Дэмакратычнай Рэспублікі Конга размяшчаліся пяць лагераў бежанцаў з Кабінды, на тэрыторыі Рэспублікі Конга — чатыры. ФЛЕК, які не прызнаў ваенную акупацыю Кабінды, разгарнуў партызанскую вайну, выкарыстоўваючы базы на тэрыторыі гэтых дзвюх краін. Кіраўнік Рэспублікі Конга Паскаль Лісуба (1992—1997) падтрымліваў ФЛЕК і ідэю незалежнасці Кабінды, што ў кастрычніку 1997 года прывяло да ўварвання войск Анголы на тэрыторыю краіны і захопу імі Пуэнт-Нуара, дзе размяшчаліся аддзяленні ФЛЕК. Тым часам у шэрагах сепаратыстаў адбыўся раскол, падчас чаго ўтварыліся групоўкі ФЛЕК-Рэнавалда і ФЛЕК-ФАК. Пад кантроль апошняй трапіў лес Маёмбэ[5].
Канфлікт часам перамяшчаўся і на тэрыторыю самой Анголы: так, у 1981 годзе шэсць баевікоў ФЛЕК былі прысуджаныя ангольскім судом да смерці за выбухі стратэгічных эканамічных аб’ектаў, школ і бальніц у Анголе. У сярэдзіне 1990-х гадоў ФЛЕК быў саюзнікам ангольскай антыўрадавай арганізацыі УНІТА, якая вяла дзеянні на тэрыторыі Анголы з апорай на базы ў Кабіндзе[6].
З пачатку 1990-х гадоў кіраўніцтва Анголы дэманстравала гатоўнасць да перамоваў з прадстаўнікамі ФЛЕК аб спыненні баявых дзеянняў і далучэнні да кіравання рэгіёнам[2]. У 1995 годзе прадстаўнік Анголы ў ААН наведаў лагер бежанцаў Кондзі-Мбака ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і падчас гэтага візіту выступіў з заклікам да лідараў вызваленчых рухаў Кабінды выпрацаваць адзіную платформу і зацвердзіць пасярэдніка, упаўнаважанага на перамовы з Анголай[7]. Тым не менш баявыя дзеянні працягваліся і пасля гэтага, у прыватнасці, у парушэнне падпісаных у маі 1996 і жніўні 2006 гадоў перамір’яў. У пачатку 2000-х гадоў, пасля захопу сепаратыстамі закладнікаў, у край быў уведзены 30-тысячны ваенны кантынгент Узброеных Сіл Анголы. Вайскоўцы пачалі буйнамаштабную аперацыю, падчас якой былі захопленыя некалькі апорных пунктаў ФЛЕК-ФАК і ФЛЕК-Рэнавада. Былі зафіксаваны шматлікія парушэнні правоў чалавека[2].
У 2010 годзе ў Кабіндзе баевікамі ФЛЕК быў абстраляны аўтобус, які перавозіў футбольную зборную Тога напярэдадні матчу Кубка Афрыканскіх Нацый. У выніку абстрэлу загінулі два члены каманды і кіроўца аўтобуса, а зборная Тога знялася са спаборніцтваў[8].
30 сакавіка 2020 года сепаратысты абвясцілі аб аднабаковым спыненні агню для барацьбы з пандэміяй COVID-19[9].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ UNPO Yearbook 1998, p. 56.
- 1 2 3 4 5 6 Cabinda. GlobalSecurity.org. Архівавана з першакрыніцы 8 ліпеня 2014. Праверана 6 студзеня 2015.
- ↑ UNPO Yearbook 1998, pp. 57–58.
- ↑ Alvor Agreement on the independence of Angola. Contemporary Prtuguese History Online. Архівавана з першакрыніцы 16 студзеня 2016. Праверана 6 студзеня 2015.
- ↑ UNPO Yearbook 1998, pp. 59–60.
- ↑ Chronology for Cabinda in Angola. Minorities at Risk. Архівавана з першакрыніцы 1 чэрвеня 2010. Праверана 6 студзеня 2015.
- ↑ UNPO Yearbook 1998, p. 59.
- ↑ В Анголе задержаны подозреваемые в расстреле сборной Того. NEWSru.com (11 студзеня 2010). Архівавана з першакрыніцы 6 студзеня 2015. Праверана 6 студзеня 2015.
- ↑ More African Freedom Fighters Join COVID-19 Cease Fire, Modern Ghana, Apr 3, 2020. Accessed Apr 3, 2020.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Cabinda // Yearbook 1997 - Unrepresented Nations and Peoples Organization. — The Hague: Kluwer Law International, 1998. — P. 56-60. — ISBN 90-411-1022-4.