Каптуровы суд
Каптуровы суд або каптур, — надзвычайны суд у былой Рэчы Паспалітай. Гэтыя суды ствараліся па ўсёй тэрыторыі каптуровымі соймікамі падчас міжкаралеўя, калі ўсе звычайныя суды, якія выносілі рашэнні ад імя ўладара (апроч гродскіх), прыпыняліся (завешваліся) да ўваходжання на пасад новага манарха[1]. Яны мелі дзве інстанцыі, прычым суд генеральнай канфедэрацыі выконваў функцыі апеляцыйнага суда. Яны калектыўна, у паскораным парадку разглядалі справы па злачынствах супраць бяспекі маёмасці або асоб, грамадскага парадку або тыя, што былі накіраваны супраць Рэспублікі абодвух народаў. Пасля абрання караля каптуровыя суды спынялі сваю дзейнасць, і абраны каралем элект павінен быў зацвердіць іх рашэнні.
Тэрмін «суд каптуровы» таксама ў польскай культуры часта выкарыстоўваецца як сінонім суда, які дзейнічаў таемна і судзіў абвінавачаных без права на абарону[2]. Ён не мае нічога агульнага з гістарычнымі судамі ў часы міжкаралеўя, якія дзейнічалі аж занадта публічна.
Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая
[правіць | правіць зыходнік]Існуе як мінімум некалькі тэорый адносна назвы гэтых судоў. Паводле найбольш распаўсюджанай тэорыі, назва паходзіць ад чорных каптуроў (капюшонаў), якія насілі суддзі ў знак жалобы па памерлым каралі.
У перыяды міжкаралеўя (першы пасля смерці Людовіка I Венгерскага ў 1382—1384 гадах) поўная ўлада пераходзіла да шляхты. Спачатку не існавала ніякіх рэгламентаў адносна мадэлі ажыццяўлення ўлады ў міжкаралеўе, як і не было вострай патрэбы ў такой мадэлі, бо міжкаралеўе было нядоўгім. Сітуацыя змянілася пасля смерці Жыгімонта Аўгуста ў 1572 годзе, калі з’явіліся так званыя каптуровыя суды. У дакуменце ад 1 мая 1574 года кароль Генрых Валуа пацвердзіў рашэнні каптуровых судоў. Суды складаліся з шляхетных суддзяў, абраных на каптуровых сойміках. Фарміраванне каптуровых судоў было цалкам дэцэнтралізаваным, гэта значыць кожнае ваяводства, і нават кожная зямля (калі яна збіралася на асобных сходах), абірала дэпутатаў і пісараў, якія складалі каптуровы суд у гэтай зямлі або ваяводстве. Калі Генрык Валуа ўцёк, спачатку была прынятая канстытуцыя «Парадак Святой справядлівасці», потым Стэфан Баторый зацвердзіў усе рашэнні каптуровых судоў і загадаў іх выконваць, а калі памёр і ён, З’езд шляхты ВКЛ у Вільні 29.01.1587 г. абвесціў «Каптур Вялікага княства Літоўскага», дазволіўшы абіраць, як у Кароне, нявызначаную колькасць суддзяў ва ўсіх ваяводствах ВКЛ[3]
Каптуровыя суддзі абіраліся на перадканвакацыйных сойміках, якія завязвалі канфедэрацыю. У склад суда абавязкова ўваходзілі: ваявода, ці павятовы стараста (або іх намеснікі), суддзя і пісар гродскага суда, падкаморы, суддзя, падсудак і пісар земскага суда і інш. Суд лічыўся правамоцным, калі было не менш за 5 асоб з яго складу. Рашэнне прымалася большасцю галасоў. Суды збіраліся кожныя шэсць тыдняў на сесію працягласцю ў тры тыдні ў гарадах (на замках) або, па меры неабходнасці, у іншых месцах. Яны завяршалі сваю дзейнасць за тры тыдні да каранацыі новаабранага караля. Яны разглядалі ўсе віды злачынстваў і правін, у першую чаргу падпалы, забойствы і рабаванні, таксама канфлікты, звязаныя з фальшаваннем шляхтай дакументацыі і паміж шляхтай і царкоўнымі арганізацыямі. Гэтыя суды мелі значныя паліцэйскія паўнамоцтвы, ад правядзення вобшукаў да арыштаў. Яны не разглядалі грамадзянскія справы, аднак (асабліва пазнейшыя) часта ўмешваліся ў справы скарбовыя, парушалі пастановы Трыбуналаў ВКЛ і гродскіх судоў. Калі злачынствы здзяйсняліся на тэрыторыі горада, да ўдзелу ў разглядзе прыцягваліся прадстаўнікі магістрату ці войт. Пазоўнік звяртаўся ў суд па месцы жыхарства адказчыка[3][1]
Сабраныя на судовае паседжанне абіралі маршалка (дырэктара) сходу. Прыносілі прысягу, аналагічную суддзям Трыбунала ВКЛ. Заслухвалі доказы бакоў, сведкаў, абвінавачанні інстыгатараў (пракурораў) і возных (судовыя слугі, крыміналісты, ахова); бакі прыбягалі да дапамогі адвакатаў, «патронаў», «актораў», «пленіпатэнтаў», пісары і рэгенты каптуровай канцылярыі фіксавалі змест і вынік справаў. Пасля таго, як манарх уваходзіў на пасад, распачатыя каптуровымі судамі справы, або апеляцыі на іх рашэнні, перадаваліся ў гродскія суды і Трыбунал ВКЛ.
З 1632 створаны агульны Генеральны каптуровы суд ВКЛ і Польскага каралеўства, з 1648 рашэнні генеральнага каптуровага суду павінны былі зацвердзіць павятовыя соймікі ў лаўдах і актах генеральных канфедэрацый. Паколькі пасада была прэстыжнай, вельмі хутка ў склад павятовых каптуровых судоў пачало ўваходзіць усё больш і больш пісараў гродскіх і ваяводскіх судоў і шляхецкіх дэпутатаў. У XVIII ст. фіксуюцца выпадкі, калі колькасць каптуровых суддзяў у павеце дасягала сотні, таму вальны сойм 1764 года абмежаваў іх колькасць 15 людзьмі. Разам з тым, на канец існавання Рэчы Паспалітай суддзі былі масава карумпаваныя, праз іх паседжанні не толькі подкупам, а і сілавым ціскам праводзіліся патрэбныя розным магнацкім групоўкам рашэнні. Так, у Рэчыцкім павеце ў 1764 г. дайшло да бойкі паміж двума адначасова прызначанымі каптуровымі судамі гэтага ж павета, якая пацягнула за сабой смерці і раненні некалькіх шляхцічаў[3].
Каптуровыя суды ў паветах і Генеральны каптуровы суд былі распушчаны соймавай канстытуцыяй (пастановай) у 1768 годзе, якая перадала разгляд і пераслед усіх спраў падчас міжкаралеўя судам звычайных юрысдыкцый[4].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Пазднякоў В. Каптуровы суд // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 41-42. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Sąd kapturowy - Słownik PWN. Słownik Języka Polskiego PWN.
- ↑ а б в Канецкий О. Каптуровые суды Великого княжества Литовского // Вестник СПбГУ. Право. — 2020. — Т. 11, вып. 2.
- ↑ Volumina legum. T. 7. S. 291.
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Зінаіда Антановіч. Гарадзенскі каптуровы суд у XVII—XVIII стст. // Гарадзенскі палімпсест. 2010. Дзяржаўныя і сацыяльныя структуры. XVІ—XX ст. // Пад рэд. А. Ф. Смаленчука, Н. У. Сліж. — Мінск : Зміцер Колас, 2011. — 502 с. ISBN 9789856992080. — С. 57—84.
- И. И. Лаппо. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия. Литовско-русский повет и его сеймик. Юрьев, 1911.
- Gloger Z., Encyklopedia staropolska, t. 3, wyd. 3, Warszawa, 1974, s. 3-5.
- Historia. Encyklopedia szkolna, pod red. A. Friszke, E.C.Król, wyd. 4, Warszawa, 2004, WSiP, ISBN 83-02-09233-9.
- Пазднякоў В. Каптуровы суд // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 41-42. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Lulewicz H. Funkcjonowanie sądownictwa szlacheckiego w Wielkim Księstwie Litewskim w okresie pierwszych bezkrólewi (1572—1576). Z dziejów kultury prawnej : studia ofiarowane Profesorowi Juliuszowi Bardachowi w dziewięćdziesiolecie urodzin, 2004, Warszawa, Liber, ISBN 8372061092
- Рахуба А. Вялікае Княства Літоўскае ў парламенцкай сістэме Рэчы Паспалітай (1569—1763 гг.) / пер. з польск. Раманоўскі M., рэд. Сагановіч Г. — Mінск: Медысонт, 2008. — 424 с.
У артыкуле не пастаўлены тэматычныя катэгорыі. |
