Капуцыны, манаскі ордэн

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў (лац. Ordo Fratrum Minorum Capuccinorum; італ.: capuccino ад італ.: capuccio — капюшон), скарочана капуцы́ны — каталіцкі манаскі ордэн, адгалінаванне францішканаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Матэа Серафіні з Баскіа

Заснаваны ў Італіі ў 1525 годзе як адна з трох галін ордэна францысканцаў. Заснавальнік Матэа Серафіні з Баскіа імкнуўся надаць ордэну характар аскетызму часоў Святога Францыска Асізскага (XIII ст.), пашырыць уплыў на ніжэйшыя слаі грамадства.

У 1619 годзе папа Павел V зацвердзіў ордэн як самастойны. У апошняй чвэрці 16 ст. Капуцыны распаўсюдзіліся ў Францыі, Іспаніі, Швейцарыі, у 17 ст. праніклі ў Бразілію, Цэнтральную Амерыку, Індыю і інш. У адрозненне ад адукаваных езуітаў капуцыны вялі місіянерскую дзейнасць сярод простага люду, іх называлі пралетарыямі сярод манахаў. Жаночая галіна ордэна — капуцынкі — заснавана ў 1538. Іх кляштары былі ў Германіі, Швейцарыі, Перу

У Вялікім Княстве Літоўскім яны аселі ў Любяшове (1756, цяпер Валынская вобласць Украіны) і Юравічах (1781, цяпер Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласці Беларусі). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з канца 18 ст. дзейнасць капуцынаў у Расійскай імперыі стала затухаць, у 1888 іх кляштары зачынены.

З 1931 выдаецца квартальнік «Collectanea Franciscana» («Францысканскія зборнікі»). З 1940 года ў Рыме дзейнічае Гістарычны інстытут, які даследуе гісторыю францысканцаў, у т. л. капуцынаў.

У Другую сусветную вайну ордэн моцна пацярпеў, але аднавіўся. У 1965 годзе ў свеце былі 93 адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі капуцынаў (правінцыі, віцэ-правінцыі і інш.).

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

Паводле звестак на 2010 год ордэн налічваў 10 519 манахаў, з якіх 6 939 былі святарамі[1]. Паводле звестак на 2013 год ордэн налічваў 10 659 манахаў, з якіх 7 021 святар[2]. Ордэн налічвае 1628 абшчын[2].

У Італіі і ЗША найбольшая колькасць абшчын ордэна, там яны падзелены на вялікую колькасць правінцый[3]. Капуцыны актыўна прадстаўлены на постсавецкай прасторы: ва Украіне яны маюць сем абшчын (у Вінніцы, Дніпрадзэржынску, Днепрапятроўску, Кіеве, Красыліве, Ужгарадзе і Старакасцянцініве)[4], у Беларусі таксама сем (Слонім, Маладзечна, Докшыцы, Ліпнішкі, Смалявічы, Валкалата, Верхнядзвінск)[5], у Расіі — адну ў Варонежы[6].

Адзенне капуцынаў складае бурага колеру рызу з прышытым да яго каптуром, вераўчаны пояс з вузлом, які сімвалізуе непарушнасць манаскіх зарокаў, і сандалі на босых нагах.

Капуцыны па-ранейшаму займаюцца місіянерствам і маюць каля 200 місій па ўсім свеце, асабліва ў Індыі, Эфіопіі і Турцыі.

Капуцынкі, жаночая галіна ордэна, у 2002 годзе налічвалі 2263 манашак у 157 манастырах. Як і іншыя галіны францысканскага ордэна, капуцыны маюць вялікую колькасць членаў Трэцяга ордэна (тэрцыярыяў). Паводле звестак на пачатак XXI стагоддзя тэрцыярыі капуцынаў былі аб'яднаны больш за 11 500 абшчын і налічвалі каля 73 тысяч членаў[7].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Капуцыны. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1999. ISBN 985-11-0144-3.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]