Карабель

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Карабель, транспарт)
Фрэгат USS «Чэсапік» ВМС ЗША, 1799 год.

Карабель — абагульняльнае марское паняцце, ужываецца разам з паняццем судна і не тоеснае яму.

Карабель:

  • баявы карабель узброеных сіл, мае знакі адрознення баявых караблёў па дзяржаўнай належнасці, знаходзіцца пад камандваннем афіцэра на дзяржаўнай службе, прозвішча якога ўключана ў адпаведны спіс або эквівалентны яму дакумент, укамплектаваны экіпажам, які падпарадкоўваецца рэгулярнай ваеннай дысцыпліне;
  • дапаможнае судна ўзброеных сілам, пад сцягам дапаможных суднаў у тых выпадках, калі такі сцяг прадугледжаны;
  • паруснае судна з не менш чым чатырма мачтамі.

У Вялікабрытаніі і краінах Брытанскай Садружнасці цяпер пад паняццям «карабель» разумеецца любое буйное марское судна танажом большым за 500 тон, у адрозненне ад маламерных суднаў прыбярэжнага плавання[1], незалежна ад ведамаснайналежнасці.

Эвалюцыя[правіць | правіць зыходнік]

Эра галернага флоту[правіць | правіць зыходнік]

Трыера на фрэсцы ў Пампеях, I ст.

Судны перыяду галерных або вяслярных флатоў дзяліліся на доўгія і кароткія, першыя з якіх былі баявымі караблямі, другія — гандлёвымі суднамі і карабелмі забеспячэння. На кароткіх суднах, якія праз форму корпуса таксама называлі «круглымі» і рухаліся ў складзе баявога флоту, перавозілі дэсант, правізію, пітную ваду і іншыя неабходныя для бою грузы[2].

Доўгія, гэта значыць баявыя, карабелі будаваліся максімальна палегчанымі каб павысіць іхную манеўранасць і хуткасць. Галоўным рухавіком доўгіх суднаў было вясло, у той час калі кароткіх — парус. Пры сустрэчным ветры і ў штыль кароткія судны буксаваліся баявымі караблямі[2].

Доўгі час галоўным узбраеннем карабля быў таран, выраблены з трывалай драўніны і нярэдка абабіты металам. Найбольш распаўсюджанымі караблямі антычнасці былі трырэмы, гэта значыць судны, якія мелі тры шэрагі весляроў. У грэчаскія часы галоўным тактычным прыёмам быў таранны ўдар, рымляне хоць і не адмовіліся ад тарану, але больш спадзяваліся на абардаж і перастрэлку, у той час як для грэкаў гэта былі дапаможныя віды бою[2][3].

Нягледзячы на тое, што з X стагоддзя пачалі будавацца судны з ветразным узбраеннем, галерны флот доўгі час заставаўся асновай баявых флатоў: з-за недасканаласці ветразнага ўзбраення ветразнікі заставаліся амаль зусім неманеўранымі. Пачынаючы з X стагоддзя асноўнымі баявымі суднамі сталі галеры і падобныя па характарыстыках вяслярна-парусныя судны, як шведская галера, венецыянская галера, скампавея[2]. Адной з разнавіднасцей малых бяспалубных галераў была казацкая «чайка»[4]. Менавіта з гэтага часу на галерах пачалі ўсталёўваць артылерыю.

«Залатым стагоддзем» галерных флатоў лічыцца перыяд XVIXVII стагоддзя. Вяслярныя галеры заставаліся на ўзбраенні флатоў аж да XVIII стагоддзя[2]. Аднак для павелічэння моцы артылерыі як асноўнага сродку паразы вынікала павелічэнне памераў і танажу караблёў, што спараджала стварэнне карабля новага тыпу.

Эпоха ветразных караблёў[правіць | правіць зыходнік]

Карціна мастака Вілема ван дэ Вельдэ «Бітва пры Тэкселі 11 жніўня 1673 года», якая адлюстроўвае лінейны бой.

Пераходная эпоха ад вяслярных да ветразных караблёў працягвалася каля стагоддзя з першай паловы XVI стагоддзя да пачатку XVII стагоддзя[5]. З XIV стагоддзя ў Еўропе пачалася эра развіцця суднабудавання, чаму дало вялікі штуршок вынаходства компаса. У гэтым жа стагоддзі паўстаў новы выгляд суднаў — галеоны, асноўным рухавіком якіх сталі парусы. У XIVXV стагоддзях галеоны ўваходзілі ў склад флатоў Іспаніі, Англіі і Галандыі[5].

У пачатку XVI стагоддзя былі вынайдзены гарматныя парты, якія зрабілі таксама вялікі ўплыў на развіццё ваеннага суднабудавання[3]. У XVIXVIII стагоддзях іспанскія і галандскія караблі панавалі на акіянскіх прасторах. У пачатку іх выкарыстання артылерыя лічылася дапаможным сродкам паразы: бой пачынаўся з выкарыстаннем артылерыі на этапе збліжэння. У блізкім бою асноўным тактычным прыёмам быў абардаж[5].

Паколькі асноўная ўвага надавалася павелічэнню моцы бакавога агню, кармавыя і насавыя надбудовы станавіліся меншымі, што станоўча паўплывала на манеўранасць карабелеў. У аснове стварэння караблёў, якія ў далейшым атрымалі назву лінейных, была пакладзена канструкцыя развітога галеону. Асноўнымі напрамкамі развіцця караблёў стала паляпшэнне абрысаў корпусу і ветразяў, размяшчэнне гарматных партоў у дзве-тры дэкі вышэй ватэрлініі, увядзенне шпілі для ўздыму катвігі, ашалёўка падводнай часткі корпуса меднымі лістамі.

На развіццё суднабудавання і тактыкі марскога бою ў гэты перыяд значны ўплыў мелі англійска-галандскія войны XVIIXVIII стагоддзяў[3]. Менавіта ў гэты перыяд з’явіліся асноўныя тыпы баявых ветразных караблёў і суднаў забеспячэння, а таксама паўстала тактыка лінейнага бою. З караблёў пачалі фарміраваць эскадры, а асноўным баявым шыхтам стаў лінейны шыхт кільватэрнай калоны. У баявую лінію ўваходзілі буйныя лінейныя караблі. Меншыя караблі, гэта значыць фрэгаты, выкарыстоўваліся для разведкі, яшчэ меншыя, як карветы, брыгі і іншыя, былі дапаможнымі суднамі. У склад флоту ўваходзілі таксама брандэры, бамбардзірскія караблі, транспарты і дапаможныя судны[5].

Разам са з’яўленнем паравых браняносных караблёў эпоха ветразнага флоту падышла да сканчэння.

Перыяд браняноснага флоту[правіць | правіць зыходнік]

Першыя паравыя браняносныя караблі з’явіліся падчас Крымскай вайны 18531856 гадоў[6]. Гэта былі французскія браняносныя плывучыя батарэі, пабудаваныя з дрэва. Але яны мелі браню таўшчынёй да 35 см ускладзеную на драўляную падшэўку. На батарэях акрамя вертыкальнага бранявання ўжывалася і гарызантальнае — тонкія браняваныя лісты прыкрывалі палубу над закрытай батарэяй. Упершыню плывучыя батарэі былі выкарыстаны пры марской бамбардзіроўцы расійскай крэпасці Кінбурн. Берагавыя батарэі крэпасці апынуліся няздольнымі супрацьстаяць браняваным суднам[7].

Браняносец «Уорыяр»

Неўзабаве пасля Крымскай вайны браняваныя плывучыя батарэі пачалі будаваць і ў Англіі. Аднак аптымальны выгляд новага тыпу караблёў фарміраваўся яшчэ досыць доўгі час. Першым браняносным караблём, які быў пабудаваны з жалеза і з воданепранікальнай ашалёўкай стаў англійскі браняносец «Уорыяр» (англ.: Warrior). Адначасова адбываўся пошук формаў і спосабаў вядзення марскога бою. Вызначылася тры асноўныя напрамкі барацьбы з браняноснымі караблямі: таранны ўдар, павелічэнне магутнасці артылерыі і прымянення падводных мін. Таран, які першапачаткова разглядаўся як асноўны тактычны прыём, у рэшце рэшт не апраўдаў сябе. Асноўная барацьба разгарнулася паміж артылерыяй і бранёй[3].

Французскі парусны браняносец «Глуар»

Другі перыяд браняноснага суднабудаўніцтва, які пачаўся пасля Грамадзянскай вайны ў ЗША характарызаваўся стварэннем крэйсерскіх сіл. Броняпалубны крэйсер узбройваўся хуткастрэльнай артылерыяй сярэдняга калібру. Распаўсюджанне міннай вайны прывёў таксама да з’яўлення новага класа караблёў — мінаносцаў, што ў сваю чаргу прымусіла ўзбройваць вялікія караблі супрацьміннай артылерыяй, узмацняць канструктыўную супрацьтарпедную абарону. Паралельна адбывалася павелічэнне танажу, узброенасці і абароненасці браняносцаў. Да канца XIX стагоддзя погляды на новыя караблі паступова ўстаяліся, прывёўшы да ўзнікнення гэтак званых «эскадранных браняносцаў», цяжкіх артылерыйскіх караблёў, прыстасаваных да вядзення артылерыйскага бою ў складзе эскадраў[6].

У канцы 1890-х гадоў тэрмін «браняносец» паступова выйшаў з выкарыстання, на замену яму зноў прыйшоў «лінейны карабель» або «лінкар», што абумоўлена вяртаннем да тактыкі кільватэрных калонаў[6]. Руска-японская вайна канчаткова зацвердзіла перавагу ў хуткасці і дальнабойнасці артылерыі як галоўную перавагу ў марскім баі. Першым караблём новага тыпу стаў англійскі лінкар «Дрэдноўт» (англ.: Dreadnaught), імя якога стала сінонімам назвы ўсіх караблёў гэтага класа. Пасля выкарыстанне дрэдноўтаў было закладзеныя ў Японіі, Германіі, ЗША, а некалькі пазней у Францыі, Італіі, Расіі[3][6].

Змена характару вядзення вайны ў пачатку XX стагоддзя прывяла да павелічэння колькасці класаў надводных караблёў, гэта значыць з’явіліся і атрымалі развіццё маніторы, эскадранныя мінаносцы, тральшчык, мінныя загараджальнікі і іншыя караблі са спецыялізаванымі функцыямі. З’явіўся прынцыпова новы клас баявых караблёў — падводныя лодкі. Удасканальвалася і структура флоту, гэта значыць эскадры, як злучэнне караблёў розных класаў, прызначаных для выканання задачаў, звязаных з дзеяннямі ў адкрытым моры супраць лінейнага флоту праціўніка, якія складаліся са злучэнняў караблёў адной класы — дывізій і брыгад. Фактычна адбываўся паступовы пераход да флатоў разнастайных сіл, які канчаткова адбыўся ўжо пасля Першай сусветнай вайны[6].

Перыяд флоту разнастайных сіл[правіць | правіць зыходнік]

Нямецкі лінкар «Кайзер Фрыдрых III», незадоўга да 1900 года

У перыяд Першай сусветнай вайны значнае развіццё атрымалі надводныя сілы флоту. Згодна з тагачаснай канцэпцыяй прымянення флоту, асноўная ўвага працягвала надавацца тактыцы артылерыйскай дуэлі браняносных эскадраў[3]. Лінейныя караблі будаваліся, галоўным чынам, паводле палепшаных даваенных праектаў.

Іншай, акрамя карабельнай артылерыі, важнай па значэнні зброяй флоту была прызнана тарпеда, што прывяло да масавага будаўніцтва эскадранных мінаносцаў і лёгкіх крэйсераў з камбінаваным артылерыйскім і тарпедным узбраеннем. Важная ўвага надавалася і будаўніцтву лінейных крэйсераў — караблёў блізкіх па класе да лінкараў, але больш хуткаходных і менш браніраваных — яны павінны былі складаць авангард галоўных сіл флоту, а ў баі выконваць ролю манеўраных крылаў. Атрымалі развіццё і падводныя сілы і марская авіяцыя, аднак яны лічыліся другараднымі, што абумоўлівае панаваннем тэорыі «марскіх сіл» Альфрэда Мегэна, згодна з якой панаванне на моры дасягалася падчас генеральнай бітвы лінейных сіл ці блакаваннем флоту праціўніка ў базах[8].

Нямецкая падводная лодка тыпу UC-1, прыкладна 1917 год

У ходзе вайны, асабліва ў другой яе палове, аказалася, што лінейныя сілы ўсіх флатоў праяўлялі пасіўнасць. Тактычная манеўранасць эскадраў лінейнага флоту рэзка пагоршылася з-за складанасці баявых ордараў праз мінныя і тарпедныя пагрозы. Лінейныя караблі не праявілі сябе як ударная сіла флоту[3]. Крэйсеры, прызначаныя для хуткасных аперацый набегу і тактычнай разведкі, вялі значна больш актыўную дзейнасць на акіянскіх прасторах. Значна большае кола задачаў выконвалі і эсмінцы, якія былі шматлікай класай надводных караблёў. У сувязі з колькасцю і разнастайнасцю задачаў і ў залежнасці ад танажу і ўзбраення іх падзялілі на тры класы: мінаносцы, эскадранныя мінаносцы і лідары эсмінцаў. Эсмінцы апынуліся найбольш універсальнымі з усіх відаў надводных караблёў. Вельмі важную ролю ў вайне згулялі падводныя лодкі, асабліва ў барацьбе з гандлёвым суднаходствам. Вопыт абароны ваенна-марскіх базаў даў штуршок для развіцця мінных і супрацьмінных сіл. У перыяд Першай сусветнай вайны з’явіўся зусім новы клас надводных караблёў — авіятранспарты і авіяносцы[8].

З улікам вопыту Першай сусветнай вайны ў флоце большасці краін адбылася выразная класіфікацыя надводных караблёў на караблі з пераважна артылерыйскім узбраеннем, як лінейныя караблі, браняпалубныя крэйсеры, лінейныя крэйсеры, крэйсеры, браняносцы берагавой абароны, маніторы, кананерскія лодкі, плывучыя батарэі, караблі з пераважна тарпедным узбраеннем, як лідары эсмінцаў, эскадранныя мінаносцы, мінаносцы, тарпедныя катары, караблі вузкаспецыяльнага прызначэння, як авіяносцы, мінныя і сеткавыя загараджальнікі, вартавыя караблі і катары, тральшчыкі, рачныя катары, і іншыя караблі і судны. Па меры эвалюцыі аднастайнага надводнага флоту ў флоце разнастайных сіл змяняліся іх тактыка-тэхнічныя профілі і метады баявога прымянення[9].

Амерыканскі авіяносец «Сэйбл», 1944 год

Міжваенны перыяд характарызаваўся бурным развіццём карабельнай авіяцыі і авіяносных караблёў. У 1930-х гадах сфарміраваліся дзве асноўныя падкласы авіяносцаў — буйныя і сярэднія. З удасканаленнем палубнай авіяцыі, яе ўзбраення і спосабаў прымянення, авіяносцы станавіліся найбольш эфектыўнай і магутнай сілай у барацьбе на моры. З пачаткам Другой сусветнай вайны выявіліся велізарныя аператыўна-тактычныя магчымасці авіяносных груповак, што прывяло да іх масавага будаўніцтва. У ходзе вайны авіяносныя караблі падзяліліся на падкласы буйных, сярэдніх, лёгкіх і эскортных (канвойных) авіяносцаў. Да канца вайны класіфікацыя авіяносцаў змянілася, гэта значыць яны падзяляліся ўжо па аператыўна-тактычнаіму прызначэнню на ўдарныя, тыя, што наносяць удар па праціўніку, супрацьлодачныя і эскортныя. У першыя пасляваенныя гады апошняя падкласа паступова знікла, а частка старых авіяносцаў была перакласіфікавана ў дэсантныя верталётаносцы[8].

У той жа час, напярэдадні Другой сусветнай вайны лінкары заставаліся асноўнай ударнай сілай флоту. Адбываўся працэс паляпшэння іх баявых магчымасцей. Пасля дзесяцігадовага перапынку, у другой палове 1930-х гадоў усе буйныя марскія дзяржавы пачалі будаўніцтва лінейных караблёў. Новыя дрэдноўты адрозніваліся павялічанай магутнасцю артылерыі галоўнага калібру, з’яўленнем на ўзбраенні самалётаў і вялікай колькасці малакалібернай артылерыі СПА, знікненнем мінна-тарпеднага ўзбраення, паляпшэннем хадавых якасцей, што прывяло да знікнення класы лінейных крэйсераў. Погляды на ўжыванне лінейных караблёў прынцыпова змяніліся падчас Другой сусветнай вайны, гэта значыць першынство перайшло да авіяносцаў. Да канца 1950-х гадах караблі гэтага класа практычна выйшлі са складу большасці флатоў[9].

Англійскі цяжкі крэйсер «Шропшыр», 1943 год

Разам з цяжкімі лінкарамі шэраг краін будаваў іх палегчаны варыянт, які атрымаў назву «кішэнныя лінкары» або цяжкія. Пацвердзілася мэтазгоднасць падзелу крэйсераў на дзве падкласы — цяжкія і лёгкія. Задачамі крэйсераў заставаліся вядзенне барацьбы на марскіх прасторах, непасрэднае баявое і разведвальнае забеспячэнне карабельных злучэнняў, вядзенне самастойных аперацый на другарадных накірунках. Масавае будаўніцтва лёгкіх крэйсераў ажыццяўлялі ўсе краіны акрамя ЗША і Германіі. У перыяд Другой сусветнай вайны развіццё крэйсераў складалася ва ўдасканаленні іх ўзбраення, механізмаў і абсталявання. Караблі абсталёўваліся радыёлакацыйнымі станцыямі, сродкамі радыёсувязі, узмацнялася іх зенітнае ўзбраенне. У канцы 1950-х гадах караблі гэтага класа пачалі ўзбройваць ЗРК, верталётамі, сучаснымі радыёэлектроннымі сродкамі. У некаторых краінах пачалі будаўніцтва ракетных крэйсераў[8].

Амерыканскі дэсантны карабель класа LCI, 1943 год

Найбольш універсальнымі і масавымі караблямі перыяду развіцця разнастайнага флоту заставаліся эскадранныя мінаносцы. Адбываліся ўзаемазвязаныя працэсы ўніверсалізацыі эсмінцаў, павелічэнне іх танажу, хуткасці і манеўранасці. Адначасова адбываўся падзел лідараў і эсмінцаў на тарпедна-артылерыйскія і артылерыйска-тарпедныя. Апошнія павінны былі замяніць лёгкія крэйсеры, асабліва на абмежаваных вучасках баявых дзеянняў. У ваенны перыяд найбольшага развіцця атрымалі эскортныя эсмінцы. У першыя пасляваенныя гады эскадранныя мінаносцы пачалі ўзбройвацца сучасным супрацьлодачным узбраеннем, ЗРК, РЭС, хуткастрэльнай артылерыяй, што ператварыла іх ва ўніверсальныя караблі, прызначаныя для выканання ў першую чаргу задачы супрацьлодачнай і супрацьпаветранай абароны[9].

У перыяд Другой сусветнай вайны значнае развіццё атрымалі малыя сілы флатоў, гэта значыць фрэгаты, карветы, паляўнічыя за падводнымі лодкамі, вартавыя караблі і катары і іншыя. Гэтыя караблі выкарыстоўваліся для супрацьлодачнай абароны, нясення дазорнай службы, забеспячэння высадкі марскіх дэсантаў і іншых задачаў. Найбольш універсальнымі апынуліся эскортныя мінаносцы, фрэгаты і карветы. Значнае развіццё атрымалі тарпедныя катары. Акрамя тарпедных катараў будаваліся маніторы, кананерскія лодкі, артылерыйскія катары, бронекатары, тральшчыкі, дэсантныя караблі. Нягледзячы на ​​тое, што да Другой сусветнай вайны падводныя сілы лічыліся дапаможным родам марскіх войскаў, у перадваенны перыяд і, асабліва, у гады вайны ажыццяўлялася актыўнае развіццё і масавае будаўніцтва падводных лодак. Да сярэдзіны Другой сусветнай вайны асноўная ўвага надавалася павелічэнню далёкасці іх плавання, здольнасці эфектыўна змагацца са сродкамі паветранага нападу, надводных манеўраных якасцей. У далейшым развіццё падводных лодках ішло шляхам паляпшэння падводных манеўраных якасцей, падводнай далёкасці плавання, зніжэння шумнасці. Адначасова адбываўся працэс іх класіфікацыі, гэта значыць вылучыліся падкласы крэйсерскіх, буйных, сярэдніх і малых падводных лодак[8].

У сувязі з бурным развіццём з сярэдзіны 1950-х гадоў новых відаў узбраення, у прыватнасці ракетна-ядзернага, карэнным чынам змяніліся погляды ваенных тэарэтыкаў на ролю і структуру флоту[9].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Карабель (англ.). — на сайце энцыклапедыі «Брытаніка».
  2. а б в г д Доценко В. Галеры, парусники, броненосцы. — История военно-морского искусства.. — М.: «ЭКСМО», 2003. — Т. 1. — С. 57-59. — ISBN 5-699-04856-1.
  3. а б в г д е ё Вайна на моры (англ.). сайт энцыклапедыі «Брытаніка».
  4. Фоменко В. Г. Про козацькі човни «чайки» та «дуби». — Український історичний журнал. — № 8., 1966. — С. 107–111.
  5. а б в г Доценко В. Галеры, парусники, броненосцы. — История военно-морского искусства.. — М.: «ЭКСМО», 2003. — Т. 1. — С. 113–128. — ISBN 5-699-04856-1.
  6. а б в г д Доценко В. Галеры, парусники, броненосцы. — История военно-морского искусства.. — М.: «ЭКСМО», 2003. — Т. 1. — С. 353–356, 488. — ISBN 5-699-04856-1.
  7. С. Р. Гриневецкий, И. С. Зонн, С. С. Жильцов. Черноморская энциклопедия. — М.: «Международные отношения», 2006. — С. 274. — ISBN 5-7133-1273-9.
  8. а б в г д Доценко В. История военно-морского искусства. // Флоты XX века. Период флотов разнородных сил.. — М.: «ЭКСМО», 2003. — Т. 2. — С. 9-17, 29-31, 37-38, 46. — ISBN 5-699-04857-X.
  9. а б в г Baer, George W. One hundred years of sea power: the U.S. Navy, 1890–1900. — Stanford: «Stanford University Press», 1994. — С. 34, 38, 254–259, 328, 388, 390. — ISBN 0-8047-2273-0.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Geoffrey Till Seapower // A Guide for the Twenty-First Century. — London: Frank Cass, 1976. — С. 350—378. — ISBN 978-0-7148-8436-9
  • Till, Geofrey. Seapower. A Guide for the Twenty-First Century. — 3. — London: UK Joint Services Command and Staff College. Frank Cass, 2007. — 430 с. — ISBN 0-7146-5542-2

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]