Назва «каракал» паходзіць ад турэцк.: karakulak «чорнае вуха», бо задні бок вушэй гэтых жывёл чорны. У Паўночнай Афрыцы каракала таксама называюць берберыйскай рыссю.
Знешне нагадвае рысь, але драбнейшы па памерах, больш стройны і аднастайнай афарбоўкі. Даўжыня цела 65—82 см, хваста — 25—30 см, вышыня ў карку 45 см; вага — 11—19 кг. Вушы з кутасікамі (да 5 см) на канцах. На лапах развітая шчотка з шорсткай поўсці, якая аблягчае перасоўванне па пяску.
Футра кароткае і дыхтоўнае. Афарбоўкай нагадвае паўночнаамерыканскую пуму (Felis concolor): пясчаны альбо чырвона-карычневы верх, белаваты ніз; па баках пысы чорныя адмеціны. Пэндзлікі і вонкавы бок вушэй чорныя. Вельмі рэдка сустракаюцца чорныя каракалы-меланісты.