Каралеўскія батанічныя сады К’ю

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каралеўскія батанічныя сады К'ю*
The Royal Botanic Gardens, Kew**
Сусветная спадчына ЮНЕСКА

Краіна Сцяг Вялікабрытаніі Вялікабрытанія
Тып культурны
Крытэрыі ii, iii, iv
Спасылка 1084
Рэгіён*** Еўропа
Гісторыя ўключэння
Уключэнне 2003  (27 сесія)
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА»
** Назва ў афіцыйным англ. спісе
*** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА

Карале́ўскія батані́чныя сады́ К'ю (англ.: Royal Botanic Gardens, Kew), або Сады К'ю (англ.: Kew Gardens) — комплекс батанічных садоў і аранжарэй плошчай 132 гектара[1] у паўднёва-заходняй частцы Лондана паміж Рычмандам і К'юbeen, гістарычны паркавы ландшафт XVIII—XX стагоддзяўПерайсці да раздзела «#Гісторыя». Сады створаны ў 1759 годзе, у 2009 годзе адзначалася 250-годдзе з дня іх заснавання[2]. Дырэктарам садоў у 2012 годзе стаў Рычард Дэверэлbeen, які змяніў на гэтай пасадзе Стывена Хопераbeen. «Каралеўскія батанічныя сады К'ю» — гэта таксама афіцыйная назва арганізацыі, якая кіруе садамі ў К'ю і садамі ў Сусексе, Уэйкхерст Плэйсbeen.

Каралеўскія батанічныя сады К'ю — сусветна прызнаны батанічны даследчы і навучальны цэнтр з 746 супрацоўнікамі, даходам 57,2 млн фунтаў стэрлінгаў за фінансавы год, які скончыўся 31 сакавіка 2015 года, і з 1,53 млн наведвальнікаў за той жа год[3]. Сады фінансуюцца Дэпартаментам па справах навакольнага асяроддзя, харчавання і сельскай гаспадаркіbeen (англ.: Defra).

У садах К'ю знаходзіцца самая вялікая ў свеце калекцыя жывых раслінПерайсці да раздзела «#Калекцыі раслін у К'ю». Больш за 30 000 раслін растуць у садах, а другі па велічыні гербарый у свеце ўключае 7 млн узораўПерайсці да раздзела «#Гербарый і калекцыя насення». Бібліятэка скадаецца са звыш 750 000 тамоў і звыш 175 000 малюнкаў раслінПерайсці да раздзела «#Бібліятэка і архівы». Сады К'ю выдаюць Index Kewensis — батанічны наменклатурны даведнік, у якім рэгіструюцца ўсе апублікаваныя батанічныя назвы насенных раслін рангам ад роду і ніжэй; выпускаецца таксама штоквартальны навуковы часопіс Kew Bulletinbeen.

У садах знаходзіцца шэраг славутасцей[4] Перайсці да раздзела «#Славутасці». У 2003 годзе сады ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА[5].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сады К'ю ўзніклі ў 1670 годзе ў парку К'ю, створаным лордам Генры Кэпеламbeen на месцы аптэкарскага агароду, закладзенага батанікам Уільямам Цёрнерам (каля 1510—1568). Парк размяшчаўся на захадзе Лондана, насупраць Саян-хауса, і аб'ядноўваў два каралеўскія ўладанні, паміж якімі праходзіла дарога грамадскага карыстання, — Рычманд-лодж, паляўнічы домік Якава I, і Уайт-хаус. Першая рэзідэнцыя стала летняй сядзібай караля Георга II, а Уайт-хаус, на землях якога ўласна і ўтварыліся сады К'ю, з 1731 года арандаваў яго сын, Фрэдэрык, прынц Уэльскі[6].

Рэзідэнцыя Рычманд-лодж перайшла па спадчыне да Георга III, які знёс дом у 1772 годзе. Уайт-хаус атрымала прынцэса Аўгуста Саксен-Гоцкая, удава Фрыдэрыка. Сады былі пашыраны прынцэсай Аўгустай і яе саветнікам Дж. Сцюартам. Былі разбіты батанічны сад, які заняў плошчу 9 акраў (каля 3,6 га), і гадавальнік для дрэў і кустоў у 5 акраў (2 га). Тым часам некалькі садовых збудаванняў былі ўзведзены архітэктарам сэрам Уільямам Чэмберсам, запрошаным Аўгустай. Адна з пабудоў Чэмберса, Вялікая пагада ў кітайскім стылі, была ўзведзена ў 1761 годзе і захавалася да нашых дзён. Пагада ў К'ю спрыяла адраджэнню моды на «кітайскае» ў садовым мастацтве, якая распаўсюдзілася па Англіі, а пазней — і ў іншых еўрапейскіх краінах[7].

Георг III пашырыў сады. У 1781 годзе кароль набыў цагляны «Галандскі дом» (англ.: Dutch House), які прылягаў да парку. Цяпер ён вядомы як палац К'ю (англ.: Kew Palace) — найстарэйшы будынак на тэрыторыі садоў. Стары парк К'ю і Уайт-хаус былі знесены ў 1802 годзе[6].

Калекцыя садоў расла крыху бессістэмна да таго часу, пакуль у 1771 годзе не быў прызначаны першы навуковы калектар — батанік Фрэнсіс Масан[8]. Кароль Георг III, які вырашыў развіваць сады, прыцягнуў батанікаў Уільяма Айтана, які працаваў да гэтага ў Чэлсі, і сэра Джозефа Бэнкса. Айтан паклаў пачатак уліку жывых раслін К'ю[9].

У першыя гады кіравання каралевы Вікторыі сады ў К'ю прыйшлі ў запусценне. У 1838 годзе ўрадавай камісіяй, якую ўзначальваў Джон Ліндлі, было вырашана перадаць сады дзяржаве. Сады К'ю павінны былі атрымаць статус нацыянальнага батанічнага саду і стаць цэнтрам сеткі каланіяльных батанічных садоў. «Медыцына, камерцыя, сельская гаспадарка і садаводства атрымаюць велізарную карысць ад увядзення такой сістэмы», — заявіў Ліндлі[10].

У 1840 годзе сады сталі нацыянальным батанічным садам. Першым афіцыйным дырэктарам Каралеўскіх батанічных садоў у К'ю ў сакавіку 1841 года быў прызначаны сэр Уільям Джэксан Гукер — прафесар батанікі Універсітэта ў Глазга. Гукер павінен быў кіраваць садамі ад імя Службы лясоў. Пад кіраўніцтвам новага дырэктара сады сталі адраджацца — тэрыторыя садоў павялічылася да 30 гектараў (75 акраў), а дэндрарыя (арбарэтума) — да 109 гектараў (270 акраў), а пазней да яе цяперашняга памеру ў 120 гектараў (300 акраў). У 1836 годзе ў К'ю была перанесена адна з чатырох каменных аранжарэй Джона Нэша з Букінгемскага палаца[10].

Уільям Несфілдbeen, якому была даручана перабудова садоў, зрабіў нядаўна пабудаваны Пальмавы домbeen іх цэнтральным пунктам. Пальмавы дом быў створаны архітэктарам Дэцымусам Бёртанамbeen і металургам Рычардам Цёрнерамbeen паміж 1844 і 1848 гадамі і стаў першым буйным збудаваннем, у якім выкарыстоўвалася каваная сталь. Злучэнне тэхнічнага і архітэктурнага майстэрства якасна змяніла магчымасці батанічнага саду, дазволіўшы вырошчваць у іх трапічныя расліны[11].

Тэмперэйт-хаус

Апроч унёску ў стварэнне ландшафтнага і архітэктурнага аблічча садоў Уільям Гукер пакінуў Садам К'ю і іншую спадчыну — гербарый і бібліятэку[11].

Тэмперэйт-хаусbeen — будынак у два разы большы за Пальмавы дом, быў пабудаваны позней, яго будаўніцтва пачалося ў 1859 годзе і завяршылася праз 40 гадоў. Цяпер гэты будынак — найбуйнейшы з захаваных віктарыянскіх цяпліц: яго даўжыня складае 188 м, плошча полу 4880 м², а вышыня 18 м[12].

Аранжарэя прынцэсы Уэльскай

Чайны домік (англ.: Tea House) быў спалены ў лютым 1913 года суфражысткамі Аліў Уорыbeen і Ліліян Лентанbeen пры серыі падпалаў у Лондане[13].

Трэцяя буйная пабудова, Аранжарэя Прынцэсы Уэльскай, у якой вырошчваюцца расліны дзесяці кліматычных зон, абсталявана энергазахавальнай аўтаматычнай сістэмай кантролю. Яна была адкрыта ў 1987 годзе Дыянай, прынцэсай Уэльскай, у памяць пра яе папярэдніцу Аўгусту Саксен-Гоцкую[14][12].

У кастрычніку 1987 года на сады К'ю абрынулася Вялікая Бураbeen, сотні дрэў былі выдраны ветрам з каранямі і загінулі[15].

У ліпені 2003 года сады былі ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА[5].

План Садоў К'ю ў розныя гады. Злева направа: 1845 (эскіз планіроўкі і план Пальмавага дому, малюнак і чарцёж Уільяма Несфілда); 1896; 2007

Сады К'ю сёння[правіць | правіць зыходнік]

Сады К'ю з'яўляюцца вядучым цэнтрам батанічных даследаванняў і падрыхтоўкі прафесійных садоўнікаў. У садзе дзейнічаюць навуковыя аддзелы: сховішча, гербарый, бібліятэка. У зімовыя месяцы працуе каток.

Возера за Пальмавым домам
Возера за Пальмавым домам


Гербарый і калекцыя насення[правіць | правіць зыходнік]

Гербарый К'ю з'яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце, уключаючы каля 7 млн узораў раслін (што складае 98 % усіх існуючых відаў вышэйшых раслін), якія выкарыстоўваюцца галоўным чынам для таксанамічных даследаванняў. У гербарыі прадстаўлены тыпы раслін усіх рэгіёнаў свету, асабліва вялікая колькасць трапічных раслін[16].

Хантэр-хаус, месца захоўвання цяперашняга гербарыя, быў набыты К'ю ў 1852 годзе. Пачатак збору засушаных раслін паклала асабістая калекцыя Гукера, а таксама ўзоры раслін, падораныя Джорджам Бентамам. Па меры пашырэння калекцыі да Хантэр-хауса былі дададзены цокальны паверх і чатыры флігелі, пабудаваныя адзін за адным[12].

Гербарый Гарвардскага ўніверсітэтаbeen і Аўстралійскі нацыянальны гербарый (англ.: Australian National Herbarium) супрацоўнічаюць з К'ю ў стварэнні базы даных IPNI, аўтарытэтнай крыніцы інфармацыі пра батанічную наменклатуру.

К'ю мае важнае значэнне як калекцыя (банк) насення, з'яўляецца спонсарам праекта «Насенны банк тысячагоддзя»been.

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы вырошчвання (забруджанне атмасферы Лондана, сухасць глеб і малая колькасць ападкаў), К'ю па-ранейшаму з'яўляецца адной з найбольш поўных калекцый раслін у Вялікабрытаніі. Для аховы калекцыі ад неспрыяльных умоў К'ю стварыў дзве вопытныя станцыі, адну з іх у садзе Уэйкхерст у Сасэксе (уласнасць Нацыянальнага фонду гістарычных і прыродных славутасцейbeen), іншую, якая спецыялізуецца на вырошчванні іглічных дрэў, — у Беджберы Пінетумbeen у Кенце, разам з Камісіяй па лясной гаспадарцы (англ.: Forestry Commission).

Бібліятэка і архівы[правіць | правіць зыходнік]

Бібліятэка і архівы К'ю з'яўляюцца аднымі з найбуйнейшых у свеце батанічных калекцый, уключаюць звыш паўмільёна адзінак захоўвання, у тым ліку кнігі, батанічныя ілюстрацыі, фатаграфіі, лісты і рукапісы навукоўцаў, спецыялізаваныя перыядычныя выданні і геаграфічныя карты. Бібліятэка Джодрэла (англ.: Jodrell Library) нядаўна была аб'яднана з бібліятэкамі этнабатанікі і мікалогіі, і ўсе яны цяпер размешчаны ў лабараторыі Джодрэла (англ.: Jodrell Laboratory).

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Альпійскі домік
Альпійскі домік

У сакавіку 2006 года быў адкрыты альпійскі домік Дэвіса (англ.: Davies Alpine House); гэта ўжо трэці варыянт альпійскага дому; першы быў пабудаваны ў 1887 годзе. У новым будынку — прытулку раслін альпійскага пояса — створана сістэма аўтаматычнага кіравання жалюзі, якія перашкаджаюць перагрэву памяшканняў[17].

Chokushi-Mon
Японская брама (Chokushi-Mon)

Chokushi-Mon — брама ў японскім стылі, выбудаваная каля Пагады ў 1910 годзе, капіруе частку традыцыйнага японскага храма. Яна з'яўляецца копіяй карамонbeen (кітайскай брамы) храма Нісі Ханган-дзі ў Кіёта. Гэта збудаванне ўваходзіць у склад стылізаванага традыцыйнага японскага саду[18].

Кампостная куча

Кампостная куча ў К'ю лічыцца адной з самых вялікіх у свеце і самай вялікай у Еўропе[19][20]. У ёй пераправаюць выпалатае пустазелле, абрэзаныя парасткі і бацвінне раслін і гной з прыдворных стайняў. Кампост выкарыстоўваецца як пажыўны грунт у садзе, часам прадаецца на аўкцыёне ў рамках мерапрыемстваў па пошуку дадатковых фінансавых сродкаў для садоў[21].

Міжнародная выстаўка «Садовы фатограф года»

Недалёка ад павільёна Рэстаран пад голым небам створана выстаўка фатаграфій, адабраных для ўдзелу ў штогадовых конкурсах «Садовы фатограф года».

Палац К'ю
Палац у К'ю

Палац К'ю — самы маленькі з брытанскіх каралеўскіх палацаў. Ён быў пабудаваны галандскім купцом Сэмюэлем Фортры (англ.: Samuel Fortrey) прыкладна ў 1631 годзе. Пазней ён быў набыты Георгам III. Сцены складзены з цэглы ў тэхніцы, вядомай як «фламандскі мур», калі напераменку чаргуюцца руб і старчак. Гэты мур і востраканцовая дах надалі будынку характэрныя галандскія рысы. Будынак зведаў значныя змены, перш чым быў адкрыты для наведвання публікай у 2006 годзе[22]. Палац не ўваходзіць у склад Садоў, мае самастойнае, асобнае ад садоў кіраванне (кіруецца фондам «Каралеўскія гістарычныя палацы»)[9] і з'яўляецца адзінай увесь час адкрытай славутасцю Садоў, для агляду якой патрабуецца дадатковая плата.

З боку задняга фасада Палаца разбіты «Сад Каралевы», які ўключае калекцыю раслін, што, як лічыцца, маюць лячэбныя ўласцівасці.

Мінка
Мінка

Пасля Японскага фестывалю 2001 года Сады К'ю набылі японскі драўляны дом 1900 года пабудовы, празваны Мінка, які першапачаткова знаходзіўся ў прыгарадзе горада Акадзакі. Японскія майстры разабралі і нанова сабралі каркас будынка, а брытанскія будаўнікі, якія працавалі на рэканструкцыі тэатра «Глобус», узвялі сценавыя панэлі.

Працы пачаліся 7 мая 2001 года, каркас быў сабраны 21 мая. Будаўніцтва было цалкам завершана ў лістападзе 2001 года, аднак прадметы ўнутранага ўбрання знайшлі сваё месца толькі ў 2006 годзе.

Мінка размешчаны ў зарасніках бамбука на захадзе цэнтральнай часткі саду[23].

Галерэя Марыяны Норт
Галерэя батанічнага мастацтва Марыяны Норт

Галерэя Марыяны Нортbeen была пабудавана ў 1880-х гадах для размяшчэння мастацкіх твораў Марыяны Норт, якая падарожнічала ў адзіночку па Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы і многім часткам Азіі, каб замаляваць расліны. У галерэі захоўваецца звыш 830 яе карцін і малюнкаў. Карціны былі адпісаны мастачкай Садам К'ю. Паводле завяшчання размяшчэнне карцін у галерэі не можа быць зменена[24].

Пальмавы дом
Пальмавы дом і кветнік

Пальмавы дом (1844—1848) — аранжарэя са шкла і каванага жалеза, створаная архітэктарам Дэцымусам Бёртанамbeen і металургам Рычардам Цёрнерамbeen[25]. Пабудова ўвасабляе ў шкле прынцыпы праектавання, распрацаваныя Джонам Лоўданам і Джозефам Пакстанам[26], — шкло трымаецца на каркасе з каваных арак, змацаваных паміж сабой гарызантальнымі трубамі, унутры якіх працягнуты тросы[27]. Шкло таніравана вокісам медзі ў зеленаваты колер для таго, каб зберагчы расліны ад перагрэву[28]. 19-мятровы цэнтральны неф на вышыні 9 м папярэзвае дарожка, якая дазваляе наведвальнікам разглядаць кроны размешчаных у цяпліцы пальмаў. У 1958 годзе перад Пальмавым домам (з усходняга боку) былі пастаўлены 10 статуй жывёл, выкананыя з портлендскага каменяbeen, — копіі скульптур Джэймса Вудфардаbeen[29].

Музей

Побач з Пальмавым домам знаходзіцца будынак, вядомы як «Музей № 1», які быў спраектаваны Дэцымусам Бёртанамbeen і адкрыты пасля завяршэння будаўніцтва ў 1857 годзе. Музей закліканы паказаць залежнасць чалавека ад раслін і ўключае этнабатанічныя калекцыі К'ю, у тым ліку інструменты, упрыгожванні, адзенне, прадукты харчавання і лекавыя сродкі. Будынак быў адрамантаваны ў 1998 годзе. Верхнія два паверхі заняты навучальным цэнтрам, а на першым паверсе дома размешчана выстаўка «Расліны + Людзі», якая падкрэслівае разнастайнасць раслін і спосабаў іх выкарыстання чалавекам.

Пагада
Пагада

Вялікая пагада, узведзеная ў 1762 годзе па праекце Уільяма Чэмберса, па форме пераймае кітайскім архітэктурны стыль Таbeen. Ніжні з дзесяці васьмівугольных паверхаў у папярочніку мае 49 футаў (15 м). Вышыня будынка ад падмурку да самага высокага пункта — 163 фута (50 м).

Кожны паверх завершаны дахам, створаным на кітайскі манер, першапачаткова пакрытым керамічнай пліткай і ўвянчаным буйнымі фігурамі драконаў; па-ранейшаму ходзяць чуткі, што драконы былі зроблены з золата і былі прададзены Георгам IV, каб аплаціць даўгі, а на іх месца былі пастаўлены іншыя — драўляныя[30]. Насамрэч драконы былі зроблены з дрэва і афарбаваны залатой фарбай, якая з часам аблушчылася. У 2015 годзе распачата найбольш маштабная за ўсю гісторыю іх існавання рэстаўрацыя, працы плануецца завяршыць да 2017 года[31]. Сцены будынка зроблены з цэглы. У цэнтры пагады лесвіца ў 253 прыступкі.

Пагада была закрыта для публікі на працягу многіх гадоў, але ў 2006 годзе зноў адкрыта ў летнія месяцы. Яе рамонт накіраваны на тое, каб адкрыць будынак для пастаяннага наведвання публікі.

Катэдж каралевы Шарлоты
Катэдж каралевы Шарлоты

Катэдж каралевы Шарлоты быў паднесены ёй Георгам III як вясельны падарунак. Цяпер ён знаходзіцца ў музейнай зоне, прысвечанай ахове раслін. Катэдж быў адноўлены і цяпер кіруецца службай гістарычных каралеўскіх палацаў.

Рызатрон
Рызатрон

Рызатрон адкрыты для наведвальнікаў у той жа час, што і «Алея над верхавінамі дрэў». Рызатрон — гэта мультымедыя-галерэя, у якой бронзавая скульптура спалучаецца з вадкакрысталічнымі экранамі, апавядаючы пра жыццё каранёў дрэў (гл. Рызома).

Масток Сэклераў
Масток Сэклераў

Масток Сэклераў, які павіс над садовым возерам, зроблены з граніту і бронзы і адкрыты ў маі 2006 года. Ён названы ў гонар пары мецэнатаў Сэклераў — Морцімераbeen і яго жонкі Тэрэзы. Збудаванне ганаравана спецыяльнай прэміяй Каралеўскага інстытута брытанскіх архітэктараўbeen (англ.: RIBA) у 2008 годзе.

Галерэя Шырлі Шэрвуд
Галерэя Шырлі Шэрвуд

Галерэя батанічнага мастацтва Шырлі Шэрвуд (англ.: Shirley Sherwood Gallery) адкрылася ў красавіку 2008 года. Яна ўключае жывапіс з калекцый К'ю і дактары Шырлі Шэрвудbeen. Многія з карцін, выстаўленых у галерэі, ніколі раней не паказваліся публіцы. У галерэі прадстаўлены ўзоры творчасці такіх майстроў батанічнай ілюстрацыі, як Георг Дыянісіус Эрэт, браты Фердынанд, Іозеф Антон і Франц Андрэасbeen Баўэры, П’ер-Жазеф Рэдутэ і Уолтэр Худ Фітчbeen. Паводле задумы стваральнікаў галерэі экспазіцыя павінна змяняцца раз у паўгады. Гэта галерэя звязана з Галерэяй Марыяны Норт (гл.).

«Алея над верхавінамі дрэў»
«Алея над верхавінамі дрэў» у К'ю

«Алея над верхавінамі дрэў»[32] адкрыта 24 мая 2008 года. Гэты зашклёны з усіх бакоў пешаходны мост даўжынёй 200 метраў, узнесены на 15 метраў, абсаджаны 18-мятровымі дрэвамі. Кароткаметражны фільм пра будаўніцтва гэтай алеі даступны ў сетцы Інтэрнэт[33].

Дом гарлачыка (Уотэлілі-Хаус)
Дом гарлачыка

Дом гарлачыка (англ.: Waterlily House), аранжарэя для водных раслін, — самае гарачае і вільготнае памяшканне ў К'ю. Пасярод залы — вялікая сажалка з рознымі відамі гарлачыкаў. У калекцыі прадстаўлены самыя вялікія ў сямействе гарлачыкі, названыя ў гонар каралевы Вікторыі, — Вікторыя амазонская (Victoria amazonica). У дызайне Дома гарлачыкі, выкананым архітэктарам Джозефам Пакстанам, прысутнічаюць алюзіі на будову ліста вікторыі амазонскай. Вакол сажалкі ўсталяваны экраны, на якіх распавядаецца пра эканамічна важныя цеплалюбныя расліны[9][34].

Калекцыі раслін у К'ю[правіць | правіць зыходнік]

Камяністы садок
Злева направа: Галерэя Марыяны Норт, унутраны выгляд; панарама «Алеі над верхавінамі дрэў»; Дом гарлачыка

The Plant List[правіць | правіць зыходнік]

У снежні 2010 года быў адкрыты энцыклапедычны інтэрнэт-праект (электронная база даных) The Plant List (у перакладзе — «Спіс раслін») — сумесная распрацоўка Каралеўскіх батанічных садоў К'ю і Батанічнага саду Місуры (Сент-Луіс, ЗША). Даны інтэрнэт-праект забяспечвае свабодны доступ да інфармацыі пра наменклатуру сучасных (невыкапнёвых) таксонаў, якія адносяцца да царства Расліны. У першай версіі праекта ў базу даных The Plant List было ўключана 1 040 426 назваў раслін у рангу віду, з якіх статус сапраўдных мелі 298 900 назваў; колькасць сапраўдных назваў родаў раслін складала 16 167, сямействаў раслін — 620[38]. На 2013 год у базу даных былі ўключаны 1 064 035 відаў, з якіх 350 699 былі сапраўднымі, у 17 020 родах і 642 сямействах[39].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Каментарыі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Солтмарш, Крэйн 2004, с. 57..
  2. Kew, History and Heritage. Places (англ.) (Праверана 28 сакавіка 2011)
  3. Royal Botanic Gardens Kew. Annual Report and Accounts for the year ended 31 March 2015. — L., 2015. — P. 37, 14, 9. — ISBN 9781474117975. (англ.)
  4. Director of Royal Botanic Gardens (англ.). Royal Botanic Gardens, Kew. Архівавана з першакрыніцы 15 лютага 2006. Праверана 4 кастрычніка 2014.
  5. а б Royal Botanic Gardens, Kew. UNESCO World Heritage Centre. Праверана 1 студзеня 2016.
  6. а б Солтмарш, Крэйн 2004, с. 58.
  7. Солтмарш, Крэйн 2004, с. 58—61.
  8. Masson, Francis (англ.). Dictionary of Canadian Biography. Праверана 17 кастрычніка 2014.
  9. а б в Солтмарш, Крэйн 2004, с. 59.
  10. а б Солтмарш, Крэйн 2004, с. 62.
  11. а б Солтмарш, Крэйн 2004, с. 63.
  12. а б в Солтмарш, Крэйн 2004, с. 64.
  13. Sufragists Burn a Pavilion at Kew; Two Arrested and Held Without Bail (англ.). The New York Times February 21, 1913. Праверана 25 кастрычніка 2014.
  14. Princess of Wales Conservatory (англ.)(недаступная спасылка). Royal Botanic Gardens, Kew. Архівавана з першакрыніцы 25 кастрычніка 2014. Праверана 25 кастрычніка 2014.
  15. The 'Great Storm' of 1987 (англ.)(недаступная спасылка). Royal Botanic Gardens, Kew. Архівавана з першакрыніцы 25 кастрычніка 2014. Праверана 25 кастрычніка 2014.
  16. Афіцыйны сайт Садоў К'ю, Гербарый (англ.) Праверана 18 лістапада 2008 г.
  17. Davies Alpine House Архівавана 6 кастрычніка 2014.. Attractions At Kew Gardens.
  18. Japanese Gateway Архівавана 6 кастрычніка 2014.. Attractions at Kew Gardens.
  19. Willis K. Plants: From Roots to Riches / Kathy Willis; comp. C. Fry. — Hachette UK, 2014. — 368 p. — ISBN 9781444798234. (англ.)
  20. Blanc R. Kew on a Plate / Royal Botanic Gardens, Kew. — Hachette UK, 2015. — 288 p. — ISBN 9781472224378. (англ.)
  21. Compost Heap Архівавана 6 верасня 2015.
  22. Architecture and Design at Kew Архівавана 25 кастрычніка 2014.
  23. Minka House and Bamboo Garden Архівавана 25 кастрычніка 2014.
  24. Marianne North Gallery. Attractions At Kew Gardens.
  25. Kohlmaier G., Sartory B., von. Houses of Glass: a nineteenth-century building type / transl. by J. C. Harvey. — Cambridge, Mass.: MIT Press, 1986. — P. 300. — ISBN 978-0-262-61070-4. (англ.)
  26. Kohlmaier G., Sartory B., von 1986, pp. 140, 296.
  27. Kohlmaier G., Sartory B., von 1986, pp. 296, 299.
  28. Kohlmaier G., Sartory B., von 1986, p. 300.
  29. Walker D.. Local Sculptures — ‘The 10 Queen’s Beasts’ (англ.). Brentford Dock. Праверана 13 студзеня 2016.
  30. Kew, History & Heritage Архівавана 15 чэрвеня 2012. (англ.) (Праверана 19 лістапада 2008)
  31. Kennedy M. Kew Gardens to breathe new life into great pagoda dragons // The Guardian. — L.: 2015. — В. 2 June. (англ.)
  32. Treetop Walkway Архівавана 9 мая 2008. (англ.) (Праверана 19 лістапада 2008)
  33. The making of the Treetop Walkway (англ.) (Праверана 19 лістапада 2008).
  34. Waterlily House(недаступная спасылка). Kew Royal Botanic Gardens. Архівавана з першакрыніцы 12 студзеня 2016. Праверана 17 студзеня 2016.
  35. Hooker 1851, p. 14—56.
  36. Тавенер Б.. Королевскому ботаническому саду 250 лет. BBC (11 мая 2009). — Фотоэкскурсия по участкам и теплицам Кью-гарденс. Праверана 4 лютага 2016.
  37. Юдина Н. Ботанический сад Кью // 100 великих заповедников и парков / Наталья Юдина. — М. : Вече, 2004. — ISBN 5-94538-068-7.-7}}
  38. Statistics The Plant List (2010). Version 1. Архівавана 3 мая 2011. (лац.) (англ.) (Праверана 14 красавіка 2011)
  39. Summary Statistics(недаступная спасылка). The Plant List. Royal Botanic Gardens, Kew and Missouri Botanical Garden (7 сакавіка 2013). Архівавана з першакрыніцы 23 мая 2019. Праверана 28 снежня 2015.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ботанический сад Кью // 100 великих заповедников и парков / авт.-сост. Н. А. Юдина. — М.: Вече, 2003. — С. 332—336.
  • Солтмарш А., Крэйн П. Р. Королевские ботанические сады в Кью // Мировое наследие : журнал. — 2004. — Т. 4. — С. 54—65.
  • Hooker W.-J. Kew gardens; or, A popular guide to the Royal botanic gardens of Kew / William Jackson Hooker (sir.). — 10th ed. — L.: Longman, Brown, Green & Longmans, 1851. — 65 p.
  • Desmond R. The History of the Royal Botanic Gardens: Kew. — 2nd ed. — Edinburg: Royal Botanic Gardens, 2007. — 480 p. — ISBN 978-1842461686.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]