Караль Эмерыкавіч Чапскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Караль Эмерыкавіч Чапскі
Партрэт
Род дзейнасці: гарадскі галава Мінска (1890—1901)
Дата нараджэння: 15 жніўня 1860(1860-08-15)
Месца нараджэння: Станькава, Мінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя
Грамадзянства: Сцяг Расіі Расія
Падданства:
Lesser Coat of Arms of Russian Empire.svg Расійская імперыя
Дата смерці: 1904(1904)
Месца смерці: Франкфурт-на-Майне, Германія
Месца пахавання:
Бацька: Эмерык Захар'яш Мікалай Севярын Каралевіч Гутэн-Чапскі (18.11.1828—4.01.1897) — дзяржаўны дзеяч, калекцыянер, нумізмат
Маці: баранэса Елізавета-Караліна-Ганна фон Меендорф (1833—1916)
Жонка: Марыя-Леанціна Пуслоўская (1870—1965)
Дзеці: 5 дзяцей, адзін з якіх Эмерык Аўгуст Чапскі (1897—1979) — польскі палітык і дыпламат
Альма-матар:
Узнагароды і прэміі:
Ордэн Святой Ганны III ступені
3-й ст.
Ордэн Святога Станіслава II ступені
2-й ст.

Караль Эмерыкавіч Ча́пскі (польск.: Karol Czapski, руск.: Карл Эмерикович Чапский), 15(27).8.1860, в. Станькава, Мінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя, цяпер Дзяржынскі раён Рэспублікі Беларусь — 17(30).1.1904 — дзяржаўны дзеяч, мінскі гарадскі галава (1890—1901), прадпрымальнік, філантроп.

Належаў да каталіцкага графскага роду Гутэн-Чапскіх. Быў сынам графа Эмерыка Карлавіча Гутэн-Чапскага і яго жонкі баранэсы Елізаветы-Караліны-Ганны фон Меендорф (1833—1916). Яго поўнае імя, дадзенае пры хросце, было граф Караль-Ян-Аляксандр Эмерыкавіч-Захарыяшавіч-Мікалаевіч-Севярынавіч Гутэн-Чапскі.

У 1882 скончыў Дэрпцкі (Тартускі) універсітэт.

Ажаніўся з графіняй Марыяй-Леанцінай Пуслоўскай (1870—1965), прадстаўніцай вельмі заможнага і ўплывовага ў ХІХ ст. у Літве і Беларусі каталіцкага роду графаў Пуслоўскіх, які адносіўся да заможнай арыстакратычнай эліты як Беларусі і Літвы, так і ўсёй Расійскай імперыі.

У 1890 граф Караль Чапскі быў выбраны на пасаду гарадскога галавы ў Мінску. На той пасадзе быў да 1901. Дзякуючы яго дзейнасці было завершана будаўніцтва дома Мінскага гарадскога тэатра (1890). Яго намаганнямі ў горадзе адкрыты трамвай-конка (1892), першая гарадская электрастанцыя (1895) у стылі неаготыкі, тэлефонная станцыя агульнага карыстання (1896), ламбард, начныя прытулкі, шпіталі, амбулаторыі.

Гарадскім галавой графам Чапскім праводзіліся не бывалыя датуль інтэнсіўныя работы па добраўпарадкаванні і азеляненні горада і павышэнні камфортнасці быту ўсіх гараджан. Так, па прапанове Караля Чапскага быў распрацаваны і зацверджаны новы генеральны план развіцця горада, будаваліся новыя кварталы з шырокімі вуліцамі і шыкоўнымі прэстыжнымі дамамі, праводзілася электрычнае асвятленне многіх вуліц і інш. Тэрыторыя Мінска значна вырасла ў памерах. Разам з тым, як адзначалі даследчыкі З. Шыбека і С. Шыбека, «павялічыліся разбазарванне гарадскіх земель, злоўжыванні пры заключэнні пазык, заблытанасць справаводства, што дазваляла муніцыпальным дзеячам прысвойваць значныя сумы грошай»[1].

Па ініцыятыве Караля Чапскага ў Мінску быў створаны цэлы шэраг грамадскіх і дабрачынных арганізацый, у тым ліку Таварыства аматараў спорту (1892), якое выбрала Чапскага на пасаду свайго першага старшыні, Таварыства аховы жанчын (1901), гарадского крэдытнага таварыства (1901). Чапскі шмат увагі надаваў і развіццю сістэмы аховы здароўя і адукацыі гараджан. На тэрыторыі Губернатарскага сада (сучасны Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага) быў пабудаваны комплекс спартыўных збудаванняў, у тым ліку велатрэк, зімовы каток і інш.

Караль Чапскі з'яўляўся актыўным членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, якое аб'ядноўвала самых уплывовых, заможных і актыўных маянткоўцаў Мінскай губерні. У 1894 граф Чапскі пабудаваў у Мінску на вуліцы Захар'еўскай (цяпер праспект Незалежнасці) трохпавярховы дом, які стаў сядзібай Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі.

Меў маёнткі ў Мінскім і Ігуменскім паветах Мінскай губерні (34,5 тыс. дзесяцін зямлі), у 1894 адкрыў у Мінску свой прыватны піваварны завод (бровар) «Богемия» (цяпер завод «Аліварыя»).

Караль Чапскі памёр у 1904, яго цела было пахавана ў Станькаве, родавым маёнтку графаў Чапскіх. Караль Чапскі ўвайшоў у гісторыю як адзін з самых выдатных кіраўнікоў Мінска, пра што жыхары горада яшчэ доўга памяталі, цанілі заслугі свайго гарадскога галавы. Улічваючы вялікія заслугі Караля Чапскага перад горадам Мінскам, органы мінскага гарадскога самакіравання ў 1909—1911 гг. прынялі рашэнне аб перайменаванні адной з вуліц Мінска (вуліцы Міхайлаўскай) у вуліцу графа Чапскага.

Зноскі

  1. Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада. - Мінск: Полымя, 1994. - 341 с. - С. 76.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Шыбека, З. В. Минскъ сто гадоў таму / З. В. Шыбека. — Мінск : Беларусь, 2007. — 304 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]