Карасукская археалагічная культура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карасукская культура
Бронзавы век
Карасукскія магільні
Геаграфічны рэгіён Цэнтральная Азія
Лакалізацыя Сібір, Казахстан
Датаванне XIII стагоддзе да н.э.— сярэдзіна III стагоддзе да н.э.
Носьбіты арыі
Тып гаспадаркі жывёлагадоўля
Даследчыкі С. А. Цеплаухаў
Пераемнасць
Андронаўская культура Тагарская культура
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Карасу́кская культураархеалагічная культура позняга бронзавага веку на тэрыторыі поўдню Сібіры і Казахстана ў XIII ст. да н.э. — IX ст. да н.э.

Помнікі Карасукскай культуры пачалі даследвацца з 1884 г. У 1920-я гг. расійскі археолаг С. А. Цеплаухаў вылучыў яе ў самастойную культуру. Назву атрымала паводле наймення ракі ў Мінусінскай катлавіне, дзе вяліся раскопкі.

Носьбіты Карасукскай культуры жылі ў селішчах, будавалі драўляныя хаціны каркасна-слупавай канструкцыі, якія памяшчалі на каменныя пліты. Дах ацяплялі зямлёй. У цэнтры месціўся агмень. У сценах рабілі нішы з каменнымі плітамі, часам з выявамі.

Магільні складаліся з квадратных, радзей круглявых агарож. Знутры хавалі нябожчыкаў у скрынях з каменных пліт. Скрыні заглыблялі да 1 м. У галавы змяшчалі 1–2 керамічныя пасудзіны, у нагах, на драўляным падносе, — часткі тушы барана, каровы, радзей каня, канец ляза ці цэлы бронзавы нож.

Асновай гаспадаркі з’яўлялася аселая жывёлагадоўля. Карасукцы аднымі з першых у рэгіёне пачалі трымаць коней. Здабывалі медзь, займаліся вытворчасцю бронзы. Шырокае распаўсюджанне атрымалі мячы і нажы карасукскага тыпу — двухлёзавыя з прамым перакрыжаваннем і грыбападобным навершам і выгнутыя адналёзавыя з геаметрычным арнаментам і выявамі жывёл. У магільнях знойдзены розныя ўпрыгожванні: ланцужкі, завушніцы, кольцы, падвескі і г. д. Керамічныя пасудзіны шарападобныя, з круглявым дном.

Носьбітаў Карасукскай культуры атаясняюць з нашчадкамі Андронаўскай археалагічнай культуры. Антрапалагічныя даследаванні рэштак нябожчыкаў паказалі, што яны былі еўрапеоідамі, блізкімі да сучасных насельнікаў Паміра і Ферганскай даліны. Археагенетычнае даследаванне, апублікаванае ў 2018 г., сведчыць пра тое, што да карасукцаў генетычна блізкімі былі кімерыйцы.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]