Карбіды
Карбіды — злучэнні вугляроду з металамі, а таксама крэмніем і борам.
Паводле тыпу хімічнай сувязі падзяляюць на іонныя (карбіды шчолачных і шчолачназямельных металаў, рэдказямельных элементаў, актыноідаў і алюмінію), кавалентныя (карбіды бору і крэмнію карбід) і металападобныя (карбідв пераходных металаў IV—VII груп перыядычнай сістэмы элементаў, а таксама жалеза, кобальту, нікелю). Пры пакаёвай тэмпературы крохкія цвёрдыя рэчывы. Іонныя карбіды раскладаюцца вадой з вылучэннем метану, ацэтылену ці сумесі вуглевадародаў (напрыклад, кальцыю карбід). Кавалентныя і металападобныя карбіды тугаплаўкія, гарачаўстойлівыя, хімічна інертныя, маюць высокую цвёрдасць, найбольшыя — у карбідаў бору (Бору злучэнні), крэмнію і берылію. Атрымліваюць узаемадзеяннем элементаў ці аксідаў металаў з вугляродам у вакууме або інертным асяроддзі пры высокіх тэмпературах; металатэрмічным спосабам — аднаўленнем аксідаў металаў магніем, кальцыем ці алюмініем у прысутнасці вугляроду. Выкарыстоўваюць для атрымання цвёрдых сплаваў (карбіды вальфраму WC, тытану TiC, танталу TaC і інш.), гарачаўстойлівых і гарачатрывалых кампазіцыйных матэрыялаў, як аднаўляльнікі і каталізатары.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Карбіды // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).