Карл Густаў Крэйц

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карл Густаў Крэйц
Дата нараджэння 25 студзеня 1660(1660-01-25)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 12 сакавіка 1728(1728-03-12)[1] (68 гадоў)
Месца смерці
Бацька Lorentz Creutz[d][1]
Маці baroness Elsa Duwall, heiress of Ahvenkoski manor[d]
Жонка Sofia Kristina Natt och Dag[d][1]
Грамадзянства
Званне генерал
Бітвы/войны
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Карл Густаў Крэйц, або Кройц (шведск.: Carl Gustaf Creutz; 25 студзеня 1660, мястэчка Фалун — 12 сакавіка 1728, Стакгольм) — шведскі барон, генерал ад кавалерыі, удзельнік Паўночнай вайны. Адзін з найдасведчанейшых камандзіраў шведскай кавалерыі, удзельнік шаснаццаці бітваў.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Маладыя гады[правіць | правіць зыходнік]

Малодшы сын Лорэнца Крэйца (старэйшага) і Эльзы Дзюваль.

Двухгадовым залічаны лейтэнантам у Лейб-гвардзейскі кавалерыйскі полк. У 1674 годзе стаў студэнтам Упсальскага ўніверсітэта. У 1675 годзе ўступіў камер-пажом на прыдворную службу і разам з Карлам XI адправіўся ў ваенны паход вайны з Даніяй 1677—1679 гадоў. Падчас вайны служыў у Карэльскім кавалерыйскім палку ў Брандэнбургу, стаў капітан-лейтэнантам у 1677 годзе і ротмістрам у 1679 годзе, але пасля заканчэння вайны вярнуўся ў Лейб-гвардзейскі кавалерыйскі полк.

Удзел у Паўночнай вайне (1700—1721)[правіць | правіць зыходнік]

Першыя гады вайны[правіць | правіць зыходнік]

На пачатку Паўночнай вайны Крэйц быў ротмістрам Седэрманландскай роты. У 1701 годзе ўдзельнічаў у пераходзе Заходняй Дзвіны і стаў маёрам. Пасля бою пад Лаўэнбургам ў 1703 годзе — падпалкоўнік Лейб-гвардзейскага кавалерыйскага палка, у 1704 годзе — палкоўнік і начальнік штаба гэтага палка.

«Шведскі біяграфічны слоўнік» кажа пра яго: «Проста не хопіць часу пералічваць і апісваць усе яго геройскія ўчынкі… Ён праявіў храбрасць і ўпартасць у шматлікіх баях, магчыма, яму не заўсёды спадарожнічаў поспех, але ён заўсёды з гонарам выходзіў са складанага становішча»[2].

Дзеянні на тэрыторыі Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Слонім і Ляхавічы[правіць | правіць зыходнік]

5 красавіка 1706 шведскі кароль Карл ХІІ выслаў з Жалудка корпус кавалерыі ў 600 коней на чале з палкоўнікам Крэйцам у Слонім, каб ачысціць яго ад казакаў. Там Крэйц мусіў сабраць усе сілы раскіданыя на поўдзень ад Нёмана і пачаць аблогу Ляхавіцкага замка, дзе закрыліся казакі. У Слоніме ён не сустрэў супраціву, і, сабраўшы каля 1,5 тысяч кавалерыі, не лічачы дапаможных мясцовых і валашскіх аддзелаў, рушыў на Ляхавічы. Паблізу Ляхавічаў шведы разбілі атрад казакаў, якія ішлі на дапамогу замку, і ў сярэдзіне красавіка пачалі аблогу. Заблакаваўшы фартэцыю, Кройц распусціў атрады валахаў для рабавання ваколіц Ляхавічаў і Нясвіжа.

Тым часам на дапамогу Ляхавічам з Мінска ў канцы красавіка рушала расійскае войска на чале з Сямёнам Няплюевым, да якога далучыліся казакі са Слуцка. Іх агульная колькасць дасягала 5 тысяч. Крэйц, які трымаў у аблозе Ляхавічы, загадзя атрымаў інфармацыю пра набліжэнне праціўніка. Да гэтага часу да шведаў падыйшло падмацаванне з 400 драгунаў. Пакінуўшы невялікую частку войска на чале з Траўтфэтэрам для працягу аблогі, уначы 20 красавіка Крэйц выйшаў з лагера насустрач праціўніку ў кірунку Клецка[3].

Клецкая бітва 1706 года[правіць | правіць зыходнік]

Шведскае войска паводле сучасных ацэнак складала каля 1200 вершнікаў, агульная колькасць расійска-казацкіх войскаў складала каля 4300-4400 чалавек. Ранкам 20 красавіка шведскае войска атакавала казакаў, якія стаялі за грэбляй, і ў кароткім баі вымусіла іх уцякаць. Расійскі ваявода Няплюеў на дапамогу казакам пачаў перакідваць на левы бераг Сільнай пяхоту і артылерыю, дзе яна пачала разгортвацца ў баявыя парадкі. Перадавыя атрады паспелі ўступіць у бой у раёне Рынкавай плошчы, дзе былі акружаны і за кароткі час знішчаны шведамі. Асноўная маса расійскай пяхоты сутыкнулася з казакамі, якія ў паніцы ўцякалі да моста, у гэты момант шведскія жаўнеры эфектыўна скарысталі агнястрэльную зброю. Пры адступленні загінуў казацкі палкоўнік Іван Сак. Сямён Няплюеў кінуўся ў гушчар бою, намагаючыся стрымаць уцёкі, аднак не здолеў гэтага зрабіць і быў паранены ў левую руку. У гэты момант невялікі шведскі атрад здолеў прарвацца праз мост і адкрыў шлях да наступлення асноўным сілам, пасля чаго расійскія рэзервы ахапіла паніка і яны кінуліся на ўцёкі. Шведы і валахі гналіся за ўцекачамі да бліжэйшага лесу за пяць кіламетраў, пасля чаго павярнулі на Клецк.

З рэляцыі Крэйца вынікае, што адразу пасля бітвы ў 18-ці вялікіх курганах клецкія месцічы пахавалі 1025 чалавек, трупы якіх сабралі на гарадскіх вуліцах і выцягнулі з балота. Агульныя страты расійска-казацкага войска ацэньваюць у межах 1500—1800 чалавек. «Стакгольмскія паштовыя навіны» паведамлялі пра бітву пад Клецкам: «Цудам было тое, што на шведскім баку было не больш за 8 забітых і 10 параненых»[2].

Рэляцыя пра бітву была надрукавана ў Швецыі пад назвай «Падрабязная рэляцыя пра бітву паміж палкоўнікам Лейб-гвардыі Яго Каралеўскай Велікамосці коннага палка баронам Крэйцам і маскоўскім генералам Няплюевым под горадам Клецкам у Літве 20 красавіка 1706 г., дый пра тое, што надалей да 15 мая адбывалася» (адзін асобнік рэляцыі набыты ў Стакгольме беларускім гісторыкам Андрэем Катлярчуком і копія падорана ім Музею Клеччыны).

У той жа дзень пра перамогу шведаў даведаліся ў Нясвіжы, што не магло не узмацніць трывогу ў гарнізоне замка.

Захоп Нясвіжскага замка[правіць | правіць зыходнік]

Пасля вяртання Крэйца пад Ляхавічы і дэманстрацыі захопленых пад Клецкам трафеяў, баявы дух абаронцаў упаў і яны здаліся на міласць пераможцаў. У палон трапіла 1361 чалавек, сярод якіх былі жаўнераў і афіцэры, 9 гармат (паводле іншых звестках 7), 9 харугваў і 9 штандараў. Пры гэтым сярод палонных згадваецца 300 чалавек немцаў і палякаў, якія, відаць, складалі сталы гарнізон фартэцыі.

Даведаўшыся пра перамогу пад Клецкам, Карл ХІІ разам з эскортам у 50 чалавек 12 мая рушыў з Пінска да Крэйца ў Ляхавічы. Там ён прабыў некалькі дзён, агледзеў места бітвы ля Клецка, а пасля з сіламі Крэйца пайшоў пад Нясвіж. 20 мая а другой гадзіне дня шведы падыйшлі да Нясвіжскага замка. Шведскі кароль разам са сваімі афіцэрамі аб’ехаў фартэцыю і даслаў патрабаванне безумоўнай капітуляцыі. У выпадку, калі фартэцыя не капітулюе і будзе здабыта штурмам, Карл ХІІ пагражаў забіць і павесіць усіх абаронцаў, а замак, места і кляштары спаліць. На роздум Карл ХІІ даў толькі паўгадзіны. Нясвіж здаўся. Пасля капітуляцыі Карл ХІІ аддаў загад зраўняць з зямлёй фартыфікацыі і спаліць палац. 22 мая Карл ХІІ пакінуў Нясвіж і рушыў у Слуцк. Тамтэйшы гарнізон у 500 чалавек не аказаў супраціву шведам. Пагасцяваўшы ў Слуцку да 23 красавіка Карл ХІІ загадаў Крэйцу расплавіць слуцкія гарматы калібрам больш за 8 фунтаў і а шостай гадзіне ўвечары з некалькімі людзьмі ад’ехаў у Пінск[3]. Палкоўнік Крэйц яшчэ нейкі час заставаўся ў Нясвіжы, выконваючы атрыманыя наказы, потым, разбурыўшы замак і адпусціўшы на волю ўвесь гарнізон з камендантам, рушыў на злучэнне з асноўнымі сіламі. Карл ХІІ дачакаўся атрада на чале з Крэйцам і 2 чэрвеня распачаў паход на Валынь.

Руйнаванне радзівілаўскіх маёнткаў атрадамі пад кіраўніцтвам Крэйца захавалася ў мясцовай гістарычнай памяці і забяспечыла яму месца ў беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч падкрэсліваў яго ўпартасць і жорсткасць:

Прагнасць Густава Крэйца ня ведае межаў,
Дзень і ноч б’е з гарматаў па мурох і па вежах[4].

У 1706 годзе атрымаў званне генерал-маёра ад кавалерыі.

Палон пасля Палтаўскай бітвы[правіць | правіць зыходнік]

Пасля капітуляцыі шведскай арміі пад Перавалочнай ў 1709 годзе паланёнага Крэйца павезлі ў Палтаву, а затым у Маскву, дзе ён прыняў удзел у трыумфальным шэсці, арганізаваным Пятром I. Пасля гэтага, разам са сваім сынам Лорэнцам (1690—1733), які таксама трапіў у палон да рускіх, знаходзіліся ў Табольску.

На працягу трынаццацігадовага палону рупліва працаваў над згуртаваннем палонных каралінаў. Пасля смерці першага міністра Карла XII графа Карла Піпера, які ўзначальваў саюз шведскіх ваеннапалонных у Расіі, Карл Крэйц заняў яго месца і спрабаваў пад уплывам піетызма распаўсюдзіць «сардэчнае хрысціянства» на іх і на навакольнае рускае насельніцтва. З двума найбольш значнымі прадстаўнікамі піетызма Ф. Спенерам і А. Франке ён актыўна ліставаўся.

Астатнія гады[правіць | правіць зыходнік]

Пасля падпісання Ніштатскага мірнага дагавора (1721) Крэйц вярнуўся ў Швецыю ў 1722 годзе. Перад гэтым, ён атрымаў у 1720 годзе званне генерал-лейтэнанта, і генерала кавалерыі 1722 годзе. У Швецыі прыняў пад сваё камандаванне новы Лейб-гвардыі кавалерыйскі полк, створаны назамен загінулага пад Палтавай, і займаў гэтую пасаду амаль да смерці.

Сям’я і спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Двое яго братоў сталі губернатарамі — Лорэнц Крэйц (малодшы) і Юхан Крэйц. Юхан быў пачынальнікам графскай галіны роду Крэйцаў.

Карл Густаў Крэйц быў жанаты з Сафіяй Крысцінай Нат-о-Даг, дачкой дарадцы Дэпартамента дзяржаўных збораў Густава Персана. Праз гэты шлюб атрымаў маёнтак Тэкхамар паблізу Нючэпінга. Калі ў 1733 годзе памёр іх сын Лорэнц, маёнтак перайшоў яго сястры Беаце і яе мужу Фрэдэрыку Розенхану. Яны перанеслі рэшткі Карла Густава Крэйца і яго жонкі Сафіі з Рыдархольмскай царквы ў Стакгольме ў царкву Хусбю-Опунда ў Седэрманландзе.

Асабліва цікавыя для гісторыкаў лісты Карла Густава Крэйца да яго жонкі Сафіі, дзе апісаны ход баявых дзеянняў падчас «рускай кампаніі» Карла XII.

Зноскі

  1. а б в г д е Carl Gustaf Creutz — 1917.
  2. а б Блінец Андрэй. Клецкія бітвы. 1506. 1706. — Мінск: Выдавец А. М. Янушкевіч, 2015.
  3. а б Волкaў Мікола. Нясвіжскі замак у Вялікай Паўночнай вайне // Вялікае Княства Літоўскае: Права. Вайна. Дыпламатыя. / Пад рэд. С. Ф. Сокала, А. М. Янушкевіча. — Мінск : БІП — Інстытут правазнаўства, 2012. — С. 219—238.
  4. Катлярчук Андрэй. Шведы ў гісторыі і культуры Беларусі. — Мінск: Энцыклапедыкс, 2002. — С. 209.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]