Кароль і каралева (казка)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Кароль і каралева, казка)

«Кароль і каралева» — беларуская народная казка; чарадзейная. Запісана Эмай Дмахоўскай у Рэчыцкім павеце, вёска невядомая.

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

У караля памерла жонка, і ён вырашыў жаніцца з уласнай дачкой — каралеўнай. Тая, напалоханая жудасным намерам бацькі, ідзе на могілкі і скардзіцца маці. Нечакана маці выходзіць з труны і кажа: «…так зрабі: нехай табе бацько купіць тры сукні: адна як зорачкі, другая як месяц, а трэця як соўнца. Да шчэ няхай справіць таб сьвіній кажух» (Эма Дмахоўская захавала дыялетныя асаблівасці Рэчыцкага павета).

Каралеўна ставіць бацьку гэтыя ўмовы. Кароль загадвае купіць тры сукні і пашыць свіны кажух. А каралеўна ўзяла ўсё гэта і пад падставай наведвання касцёлу паехала з дому і не вярнулася. Яна набрыла на незнаёмы палац, у якім жыла чужая каралева і яе сын. Дзяўчына апранула свіны кажух. Каралева прыняла яе за жабрачку і зрабіла сваёй служанкай. Сын-каралевіч ставіўся да дзяўчыны дрэнна, свіны кажух смярдзеў і выклікаў у яго агіду.

Каралева з сынам тройчы наведваюць касцёл. Усе тры разы дзяўчына таемна скідае свіны кажух, апранае пачаргова ўбранні, якія былі «як зорачкі», «як месяц» і «як сонца» і ўваходзіць у касцёл — той адразу ззяе ад яе прыгажосці. Усе тры разы каралевіч не пазнае сваёй служанкі, але захапляецца невядомай «паннай». Каб даведацца, хто гэтая незнаёмая прыгажуня, каралевіч перад трэцім наведваннем загадвае разліць смалу ў касцёле. Чаравік дзяўчыны прыклейваецца да падлогі і застаецца ў касцёле, а каралевіч па босай назе пазнаў у сваёй страшэннай служанцы, якая насіла агідны свіны кажух, каханую дзяўчыну — і ажаніўся з ёю.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларускі казачны эпас / Склад. і ўступ. артыкул У. В. Анічэнка. — Мінск : Выдавецтва БДУ, 1976. — 206 с.