Кароткі фільм пра каханне

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Кароткі фільм пра каханнеM:
польск.: Krótki film o miłości
Постар фільма
Жанр драма
Рэжысёр Кшыштаф Кеслёўскі
Прадзюсар Рышард Чуткоўскі
Сцэнарыст Кшыштаф Пясевіч
Кшыштаф Кеслёўскі
У галоўных
ролях
Олаф Любашэнка
Гражына Шапалоўска
Аператар Вітальд Адамэк
Кампазітар Збігнеў Прайснер
Кінакампанія Zespoły Filmowe "Tor"
Працягласць 87 хв.
Краіна Сцяг Польшчы Польшча
Мова польская
Год 1988
Папярэдні фільм Кароткі фільм пра забойства
IMDb ID 0095467

«Каро́ткі фільм пра каха́нне» (польск.: Krótki film o miłości) — кінафільм польскага кінарэжысёра Кшыштафа Кеслёўскага, які выйшаў у 1988 годзе. З’яўляецца паўнаметражнай версіяй шостага фільма з дзесяцісерыйнага тэлецыкла «Дэкалог».

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Дзевятнаццацігадовы Томэк (Олаф Любашэнка) жыве з маці свайго сябра ў варшаўскай кватэры. Томэк вырас у дзіцячым доме, ён сарамлівы і замкнуты, мае мала сяброў, працуе на пошце. Увесь вольны час ён праводзіць, падглядваючы за прыгожай дарослай жанчынай па імені Магда (Гражына Шапалоўска), што жыве ў доме насупраць. Праз тэлескоп ён назірае за ёй кожную ноч: глядзіць як яна займаецца бытавымі справамі, як працуе над сваімі мастацкімі творамі, як пастаянна сустракаецца з рознымі палюбоўнікамі. Жадаючы часцей бачыцца з Магдай, Томэк дасылае ёй фальшывае паведамленне пра неіснуючы грашовы перавод. Апантанасць Томэка больш арыентавана на яе паўсядзённую дзейнасць, а не на яе сексуальнае жыццё; калі ён бачыць, што ў яе адбываюцца сексуальныя адносіны з мужчынам, то прыбірае тэлескоп і не глядзіць.

Томэк даведваецца, што ёсць праблема з пастаўкамі малака для дома, дзе жыве Магда. Тады ён уладкоўваецца на працу разносчыкам малака, каб быць бліжэй да яе. Аднойчы ноччу ён бачыць, як пасля расставання са сваім чарговым мужчынам, Магда плача ў сябе ў кватэры і разлівае бутэльку малака. Томэк пытае ў маці свайго сябра: «Чаму людзі плачуць?» Атрымаўшы яшчэ адно фальшывае паштовае паведамленне, Магда ўступае ў канфлікт з супрацоўнікамі пошты, якія абвінавачваюць яе ў вымаганні. Томэк бачыць, што Магда ўзлаваная сваркай на пошце, і, дагнаўшы яе, прызнаецца, што фальшывае паведамленне ад яго, што ён бачыў, як яна плакала, і што назірае за ёй. Тым жа вечарам Магда перасоўвае свой ложак так, каб ён быў добра бачны праз акно. Да яе прыходзіць палюбоўнік, і калі яны ляжаць у ложку, яна распавядае, што за імі зараз сочаць. Мужчына кідаецца на вуліцу, кліча Томэка, каб той выйшаў да яго, і ўдарае яго па твары.

На наступны дзень, сутыкнуўшыся з Магдай пры дастаўцы малака, Томэк прызнаецца, што кахае яе і нічога не чакае ўзамен. Томэк просіць яе пайсці з ім на спатканне ў кавярню – яна згаджаецца. У час спаткання ў кавярні Магда даведаецца, што Томэк назірае за ёй ужо цэлы год і што ён выкрадаў лісты, што прыходзілі ёй ад яе палюбоўнікаў. Спярша яна злуецца, зрэшты хутка супакойваецца, кажучы: «Якое гэта мае значэнне». У адказ на яго прызнанне ў каханні, яна кажа, што кахання не існуе, ёсць толькі секс. Яна паказвае Томэку, як мужчыны ласкаюць рукі каханых жанчын, але ён, не зважаючы, робіць гэта па-свойму.

Пасля спаткання ў кафэ Магда і Томэк прыходзяць да яе дамоў. Магда прымае душ і выходзіць да Томэка ў халаце. Ён працягвае ёй невялікі падарунак, але яна гаворыць, што не заслугоўвае падарункаў. Прысеўшы побач з ім, яна кладзе яго рукі на свае бёдры, і ад гэтага дотыку ў яго адбываецца аргазм. «Вось і ўсё каханне...» – гаворыць Магда. Засмучаны і абражаны, Томэк выбягае з яе кватэры. Магда адчувае сябе вінаватай і намагаецца звязацца з ім, даючы знакі ў акно, каб ён ёй патэлефанаваў. Потым піша на картоне «Вярніся, прабач» – і выстаўляе ў акно. Але адказа няма. Вярнуўшыся дадому, Томэк рэжа сабе вены. Пазней Магда прыходзіць у кватэру Томэка, каб вярнуць паліто, якое ён пакінуў у яе, і даведваецца, што той спрабаваў скончыць жыццё самагубствам і цяпер ляжыць у лякарні. Жанчына, у якой жыве Томэк, паказвае Магдзе яго пакой і тэлескоп і гаворыць: «Баюся, што вас гэта насмяшыць, але ён закахаўся ў вас».

Магда шукае Томэка, яна яўна занепакоена і клапоціцца пра яго. Аднойчы ноччу у яе кватэры раздаецца тэлефонны званок. Яна падымае і чуе маўчанне. Тады яна, думаючы, што гэта Томэк, прызнаецца яму, што ён правы наконт кахання. Але гэта не Томэк, у яе проста праблемы з тэлефонам. Пасля некалькіх дзён чакання і цікавання за акном Томэка праз тэатральны бінокль яна нарэшце заўважае, што ён вярнуўся. Магда ідзе ў яго кватэру і бачыць, што той спіць, а яго рукі ўсё яшчэ перавязаныя. Гаспадыня кватэры не дазваляе Магдзе дакрануцца да Томэка. Тады, заўважыўшы тэлескоп, Магда заглядвае ў яго і бачыць тую ноч, калі яна сядзіць за сталом і плача. На падлогу сцякае разлітае малако. Яна бачыць, як да яе падыходзіць Томэк і кладзе руку на плячо, супакойваючы яе.

Акцёрскі склад[правіць | правіць зыходнік]

Акцёр Роля
Гражына Шапалоўска Магда Магда
Олаф Любашэнка Томэк Томэк
Стэфанія Івіньска гаспадыня Томэка
Пётр Махаліца Раман Раман
Артур Барчыш малады чалавек
Станіслаў Гаўлік Вацэк паштальён Вацэк
Томаш Градоўскі газаўшчык
Рафал Імбра палюбоўнік Магды
Ян Пехаціньскі палюбоўнік Магды
Кшыштаф Каперскі газаўшчык
Ханна Хойнацка Міраслава Міраслава
Яраслава Міхалеўска касірка на пошце
Малгажата Ражнятоўска загадчыца пошты
Анна Гарнастай медсястра
Эмілія Жулкоўска

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

«Кароткі фільм пра каханне» атрымаў 5 узнагарод на Фестывалі польскага кіно ў Гдыні, а таксама быў адзначаны ўзнагародамі на кінафестывалях у Сан-Себасцьяне, Сан-Паўлу, Жэневе і Чыкага.[1]

Ніжэй прыведзены спіс некаторых значных кінапрэмій:

Кінафестываль / Кінапрэмія Узнагарода / Катэгорыя Намінант Вынік
Фестываль польскага кіно «Залатыя гданьскія ільвы» за найлепшы фільм Кшыштаф Кеслёўскі Перамога
«Срэбныя гданьскія ільвы» за найлепшы сцэнарый Кшыштаф Кеслёўскі, Кшыштаф Песевіч Перамога
Найлепшая актрыса Гражына Шапалоўска Перамога
Найлепшая актрыса другога плану Стэфанія Івіньска Перамога
Найлепшая праца аператара Вітальд Адамэк Перамога
Кінафестываль у Сан-Себасцьяне Спецыяльны прыз журы Кшыштаф Кеслёўскі Перамога
Прыз ФІПРЭСІ Кшыштаф Кеслёўскі Перамога
Прыз Міжнароднай каталіцкай арганізацыі ў вобласці кіно (OCIC) Кшыштаф Кеслёўскі Перамога
Міжнародны кінафестываль у Сан-Паўлу Прыз глядацкіх сімпатый Кшыштаф Кеслёўскі Перамога
Прыз кінакрытыкаў Кшыштаф Кеслёўскі Перамога
Міжнародны кінафестываль у Чыкага «Срэбны Х’юга» Гражына Шапалоўска Перамога

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. KRÓTKI FILM O MIŁOŚCI. Праверана 4 снежня 2017.

Знешнія спасылкі[правіць | правіць зыходнік]