Перайсці да зместу

Картыкея

Неправераная
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Картыкея
Фрэска ў Амрытсары, XIX ст.
Фрэска ў Амрытсары, XIX ст.
Бог вайны
Міфалогія індуісцкая
Пол мужчынскі пол
Бацька Шыва
Маці Парваці
Браты і сёстры Ганеша
Жонка Дэвасена
У іншых культурах Муруган, Сканда, Дэвасенапаці, Маасена
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Картыкея (санскр.: कार्त्तिकेयः) — бог вайны ў індуісцкай міфалогіі. Вядомы таксама як Муруган, Сканда, Дэвасенапаці, Маасена, Кумара, Вішакха і г. д.

Навукоўцы лічаць, што культ Картыкеі ў індуізме ўзнік у выніку сінкрэтызму, зліцця некалькіх першапачаткова разнародных культаў. Адным з найбольш старажытных з’яўляецца культ бога Сканды, які ў сваю чаргу можа паходзіць з даведычных уяўленняў пра граха, злых духаў, што прыносілі хваробы. Так, у адным з аюрведычных трактатаў 1 тысячагоддзя н. э. узгадваецца хвароба Сканда-граха[1]. У старажытнай рэлігійнай літаратуры постаць бога Сканды з’явілася яшчэ раней. Напрыклад, у «Ведах» і трэцяй кнізе «Махабхараты» ён названы сынам Агні і Свахі. Але ў «Рамаяне», дзевятай кнізе «Махабхараты» і паэме Калідасы «Кумарасамбхава» Сканда, Кумара, або Картыкея — сын Шывы і Парваці[2]. Згодна паэме, якая адлюстроўвае канчатковую традыцыю зліцця, Картыкея быў старэйшым братам Ганешы. Яго нараджэнне стала магчымым дзякуючы ўмяшанню Агні, але рэчаісным бацькам быў Шыва. У Пуранах паведамляецца, што па загаду Шывы зорныя дзевы крытыка (атаемасляюцца з Пляядамі) атрымалі ад яго шэсць розных хлопчыкаў для выхавання, а потым Парваці злучыла іх у аднаго. Адсюль узнікла імя Картыкея — выхаванец крытыка. У нашы дні Картыкею часцяком малююць шасцірукім або шасцігаловым і называюць Шанмухам (шасцітварым).

Тым не менш, у першай палове 1 тысячагоддзя н. э. адрозненне ў культах і постацях багоў вайны яшчэ захоўвалася, таму ў кушанскіх надпісах Сканда і Кумара — імёны розных багоў. У імперыі Гупта сустракаліся адрозныя імёны нашчадкаў валадароў Кумарагупта і Скандагупта. У будызме захаваўся асобны бог Сканда.

На поўдні Індыі адбылася сінкрэтызацыя індуісцкага бога вайны з мясцовым бажаством Муруганам. Культ Муругана ясна прасочваецца ў эпоху дравідыйскай паэзіі сангам (III ст. да н.э. — III ст. н.э.) і звязаны з жыхарамі горнай мясцовасці. Мяркуецца, што шанаванне Муругана можа мець вельмі старажытныя дадравідыйскія карані[3]. Дзякуючы сінкрэтызму на поўдні культ Картыкеі набыў экспрэсіўныя відовішчныя формы.

У традыцыйнай індуісцкай іканаграфіі выява Картыкеі мае аблічча маладога, станістага воіна, што сімвалізуе духоўную чысціню, сілу, пільнасць і перамогу. Картыкею часцяком малююць з дзідай Вель у руках, верхам на паўліне Парвані. Дзіда Вель мае шырокае наверша і ўжываецца не толькі як ваенны атрыбут, але і сімвал вышэйшых ведаў. Паўлін Парвані можа трымаць у кіпцюрах або дзюбе змяю, што ўвасабляе ўтаймаванне чалавечага запалу, жаданняў і разумовай атручанасці. Другая важная жывёла, што суправаджае Картыкею, — певень, сімвал абуджэння. Вядомы сцяг Картыкеі з выявай пеўня.

На поўначы і на поўдні Індыі існуюць істотныя адрозненні ў выяўленні бога вайны. Шанмукха, выява з шасцю галавамі, лічыцца агульнай. Яна падкрэслівае яго пільнасць, здольнасць бачыць ва ўсіх накірунках, а таксама шэсць бхага, якасцей Бога: веданне, адрачэнне, сілу, славу, багацце і боскую іскру. Але на поўначы шасцігаловы Карцікея быў лепей вядомы ў старажытны час. У нашы дні, пераважаюць выявы з адной галавой. Наадварот, шасцігаловы Муруган — звычайная частка сучаснай іканаграфіі на поўдні. На поўначы Картыкея — заўсёды воін-валадар. На поўдні папулярны выявы ў выглядзе маладога прыгожага аскета Дандаюдхапані. Шанаванне на поўначы сканцэнтравана на яго ўласцівасцях як нябеснага вайскавода. На поўдні абсалютным цэнтрам культу Муругана з'яўляецца дзіда Вель. У некаторых храмах антрапаморфная выява можа зусім адсутнічаць.

На поўдні Індыі Муруган успрымаецца як адно з вярхоўных бостваў, часам сімвалізуе тамільскую ідэнтычнасць. У Тамілнадзе вылучаюцца Арупадай Віду, шэсць храмаў, кожны з якіх атаесамляецца з пэўным этапам або важным фактам з жыцця бога. Пілігрымкі па ўсіх шасці лічацца абавязковымі для адданых вернікаў. На поўдні Шры-Ланкі галоўнае месца шанавання — індуісцкі храм Катарагама, куды таксама здзейсняюць пілігрымкі вернікі-будысты. У Малайзіі імігрантамі з Індыі пабудаваны знакаміты храм Картыкеі ў пячорах Бату. У ім знаходзіцца найвышэйшая статуя бога вайны (42,7 м) у свеце. На поўначы Індыі знакамітыя храмавыя комплексы, прысвечаныя Картыкеі, месцяцца ў Рудрапраягу (Утаракханд), Курукшэтры (Хар’яна) і Чандыгарху.

Святы, прысвечаныя Картыкеі, — Тайпусам (канец студзеня — пачатак лютага), Сканда Шашці (кастрычніклістапад), Картыгаі-Дыпам (лістапад — пачатак снежня).