Перайсці да зместу

Карты таро

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карты Industrie und Glück
Казырныя карты марсельскага таро
Тры карты з таро Вісконці — Сфорца: туз кубкаў, дама манет і рыцар паліц

Карты таро — калода з 78 ігральных карт, якая ўзнікла ў Італіі ў першай палове XV стагоддзя.

Спачатку карты таро выкарыстоўваліся для картачных гульняў, а з канца XVIII стагоддзя іх пачалі выкарыстоўваць для варажбы і іншых эзатэрычных практык[1][2].

Апісанне калоды

[правіць | правіць зыходнік]

Калода таро складаецца з чатырох масцей па 14 карт, 21 казырнай карты і адной карты Дурня. У сучаснай эзатэрычнай традыцыі 21 козыр разам з Дурнем звычайна называюць «старэйшымі арканамі», а карты чатырох масцей — «малодшымі арканамі» (лац.: arcanus «сакрэт, тайна»).

У розных рэгіёнах Еўропы выкарыстоўваліся розныя масці. У Заходняй, Цэнтральнай і частцы Усходняй Еўропы атрымалі распаўсюджанне французскія масці (пікі, звонкі, трэфы, чырвы), а ў Паўднёвай Еўропе — італа-іспанскія масці (мячы, манеты, паліцы, кубкі).

Кожная масць складаецца з лікавых карт (ад туза да дзясяткі), валета, рыцара, дамы і караля.

Апроч карт масцей, калода змяшчае асобную масць з 21 пранумараванага козыра, а таксама карту Дурня. У розных гульнях Дурань можа выступаць як найстарэйшы козыр або як асаблівая карта, якая вызваляе гульца ад абавязку ісці ў масць.

Найбольш вядомыя дызайны карт:

  • Таро Вісконці — Сфорца — найстарэйшыя захаваныя калоды XV стагоддзя.
  • Марсельскае таро — французская традыцыя, якая сфармавалася ў XVII—XVIII стагоддзях і стала асновай для многіх пазнейшых калод.
  • Industrie und Glück (Стараннасць і ўдача) — калода з французскімі масцямі, якая з'явілася ў XIX стагоддзі ў Аўстра-Венгрыі, найбольш пашыраная калода для гульні «тарок».
  • Таро Райдэра — Уэйта — калода, выдадзеная ў 1909 годзе, адна з найбольш вядомых сучасных гадальных калод[3].
  • Таро Тота — калода, распрацаваная Алістэрам Кроўлі і мастачкай Фрыдай Харыс, выдадзеная пасля смерці Кроўлі ў 1969 годзе.

У XX стагоддзі, асабліва ў другой яго палове, з’явілася мноства «новых» дызайнаў калоды таро, так што цяжка не толькі пералічыць усе варыянты, але нават назваць іх дакладную колькасць. Значная іх частка з’яўляюцца варыяцыямі на тэму адной з класічных калод, у асноўным — таро Райдэра — Уэйта, але ёсць і даволі арыгінальныя «тэматычныя» дызайны. У якасці прыкладаў можна назваць эратычнае таро Манара (арканы таро праілюстраваны тэматычнымі замалёўкамі з востраэратычным ухілам, аўтар — італьянскі мастак Міла Манара, калода створана ў самым канцы XX стагоддзя і ўпершыню выпушчаная ў 2000 годзе) або «Таро эльфаў» Марка Мак-Элроя і Дэвіда Корсі (у адрозненне ад цэлага шэрагу іншых варыяцый на эльфійскую тэму, тут кампазіцыі малюнкаў не запазычаныя з Уэйта, а цалкам самастойныя, больш таго, у калодзе, пры захаванні ўсіх агульных асаблівасцей таро, сімвалічна паказаныя пяць гісторый: старэйшыя арканы паслядоўна расказваюць пра тое, як галоўны герой расследуе знікненне чатырох рэліквій, а карты масцей апісваюць гісторыю кожнай з гэтых рэліквій). Ёсць калоды, створаныя па матывах розных культавых твораў мастацтва, і проста на папулярныя тэмы («Таро кветак», «Таро вампіраў», «Самурайское таро» і гэтак далей). Шэраг паслядоўнікаў філасофскіх, рэлігійных і псіхалагічных школ аформілі ў выглядзе калод таро свае сістэмы поглядаў і выкарыстоўваюць такія калоды для розных практык («Ошо дзэн таро» і іншыя).

Большасць сучасных даследчыкаў лічыць, што карты таро ўзніклі ў паўночнай Італіі ў першай палове XV стагоддзя як развіццё звычайных ігральных карт. Калода была створана шляхам дапаўнення традыцыйнай чатырохмасцевай калоды асобнай масцю з 21 козыра і картай Дурня[4].

Першыя дакументальныя згадкі пра калоды таро датуюцца 1440—1450 гадамі і звязаныя з Мілан, Ферара, Фларэнцыяй і Балонняй. У той час дадатковыя карты называліся trionfi («трыумфы»), а самі калоды — carte da trionfi. Каля 1530 г. італьянскае слова tarocchi (у адз. л. tarocco) пачало выкарыстоўвацца для таго каб адрозніць гульню з таро ад гульні са звычайнымі козырамі (triumphs).

Найстаражытнейшымі захаванымі калодамі таро лічацца калоды Вісконці — Сфорца, створаныя ў сярэдзіне XV стагоддзя для герцагаў Мілана. Ніводная з іх не захавалася цалкам, аднак яны лічацца найважнейшымі сведчаннямі ранняй гісторыі таро. Калоды тых часоў, якія захаваліся, уяўляюць сабой раскошныя карты ручной работы, выкананыя для арыстакратыі.

Існуе легенда, што ў Старажытным Егіпце быў храм, у якім было дваццаць два пакоі, а на сценах намаляваны сімвалічныя карціны, ад якіх пасля пайшлі вялікія арканы таро[5][6]. Гэтая легенда пацвярджае версію пра тое, што карты таро паходзяць ад віньетак старажытнаегіпецкай Кнігі Мёртвых, малюнкі якіх на самай справе наносіліся на сцены святых збудаванняў — магільняў.

Упершыню магчымасць паходжання таро з Егіпта дапусціў Курэй дэ Жэбелен. Ён пісаў у пятым томе «Першабытнага свету» (1778): "Таро. Картачная гульня, распаўсюджаная ў Германіі, Італіі і Швейцарыі. Гэта гульня егіпецкая, як мы яшчэ аднойчы пакажам; яе назва складаецца з двух усходніх слоў, Tar і Rha (Rho), і азначае «царскі шлях».[7] Гэта заява зроблена да адкрыцця разецкага каменя ў 1799 годзе і пагатоў да таго, як былі расшыфраваны егіпецкія сімвалы. Усе гэтыя факты ставяць пад сумнеў тэорыю аб егіпецкім паходжанні, паколькі названых Жэбеленам слоў у егіпецкай мове не аказалася.

Кабалістычная

[правіць | правіць зыходнік]

Існуе меркаванне пра паходжанне таро з кабалы (дваццаць дзве літары і дзесяць сфірот у кабале — аснова сістэмы таро), за адпраўны пункт гісторыі таро лічаць 300 год нашай эры — прыкладная дата стварэння «Сэфэр Йеціра», фундаментальнай працы па Кабале[8].

Французская гульня таро (jeu de tarot) — картачная гульня з біткамі для чатырох гульцоў. Гэта адзіная шырока распаўсюджаная гульня, якая захавалася да нашых дзён і выкарыстоўвае поўную 78-картачную калоду таро. Гульня распаўсюджана па ўсёй Францыі, а таксама вядомая ва франкамоўнай Канадзе. Французскія таро вядомыя з даўніх часоў і карысталіся папулярнасцю на працягу як мінімум некалькіх стагоддзяў.

Гадальныя карты

[правіць | правіць зыходнік]

У працах некаторых акультыстаў можна сустрэць сцверджанні, што таро выкарыстоўваліся для прадказанняў ледзь ці не з часоў Сусветнага патопу, калі не раней. Аднак першыя дакументальныя сведчанні аб практыцы суаднясення карт (у прыватнасці карт таро) і чалавечых лёсаў адносяцца толькі да XVI стагоддзя. Некаторыя паэты таго часу, апісваючы знакамітасцей у хвалебных вершах, параўноўвалі людзей з козырамі таро. Такія вершы называліся «tarocchi appropriati», і ў адным выпадку (1527 годзе) яны адносяцца да лёсу чалавека. У 1540 годзе ў Італіі выходзіць кніга «Варажба» (італ.: «Le Sorti»«Le Sorti»), у якой аўтар, нехта Франчэска Маркаліна да Форлі, паказвае просты спосаб прадказання будучыні з дапамогай карт масці манет звычайнай ігральнай калоды. Гэта найбольш ранні з вядомых нам трактатаў аб варажбе. Хоць калода таро і змяшчае аналагічныя карты, немагчыма адназначна сцвярджаць, што яны з’яўляліся ў тыя часы развітым гадальным інструментам. Упэўнена казаць аб таро як пра сфарміраваную сістэму прадказанняў можна толькі пачынаючы з канца XVII стагоддзя, паколькі ў Балонні захаваліся запісы, датаваныя 1700 годам, у якіх недвухсэнсоўна апісваюцца гадальныя значэнні карт таро.

Медытатыўная практыка

[правіць | правіць зыходнік]

Вядомы медытатыўныя практыкі з дапамогай малюнкаў карт таро. Часцей за ўсё для гэтага выкарыстоўваюцца старэйшыя арканы. Мэты такой практыкі могуць быць розныя: глыбейшае разуменне карт для выкарыстання ў варажбе, духоўнае развіццё, акультная практыка. Медытацыя ўяўляе сабой разумовае ўваходжанне ў карту таро, дыялог з героямі сюжэту або ўяўленне сябе на іх месцы.[9][10].

Таро як крыніца таемных ведаў

[правіць | правіць зыходнік]

Згодна з эзатэрычнымі ўяўленнямі, у картах таро прысутнічае герметычная, гнастычная або кабалістычная сімволіка, паколькі ранняе італьянскае Адраджэнне, якое спарадзіла таро, было часам вялікай інтэлектуальнай актыўнасці. Таму герметызм, астралогія, неаплатанізм, піфагарэйская філасофія і неартадаксальная хрысціянская думка, распаўсюджаная тады, маглі пакінуць свой след у сімволіцы таро.

Падобныя сімвалічныя «сляды» наштурхнулі пазнейшых даследчыкаў на думку, што таро паходзіць ад старажытных культур (егіпецкай або вавілонскай), што гэтая сістэма ўяўляе сабой таемны збор мудрасці мінулага. Першым вядомым даследчыкам у гэтай галіне быў Кур дэ Жэбелен. У 1781 годзе выйшла яго кніга «Першабытны свет, яго аналіз і параўнанне са светам сучасным» («Le Monde primitif analysé et comparé avec le monde moderne»), у апошнім раздзеле якой сцвярджаецца, што таро ўзыходзяць да егіпецкай традыцыі. Ён выказаў здагадку, што назва «таро» перакладаецца са старажытнаегіпецкай як «Шлях Цара».

З гэтага часу на калоду глядзелі як на таямнічую акультную сістэму, на аснове якой вяліся акультныя даследаванні, а Марсельскае таро сталі ўзорам для стварэння новых калод. У ранніх версіях таро не было не толькі астралагічных знакаў, літар іўрыту, але нават нумароў. Такой была, напрыклад, калода Вісконці — Сфорца, якая датуецца 1428 годам, вырабленая мастаком Баніфацыа Бемба да вяселля Б’янкі Марыі Вісконці з Франчэска Сфорца. Толькі ў 1470 годзе з’явіцца калода карт Montegna з выявай антычных багоў і астралагічных знакаў.

Асобна ў шэрагу даследчыкаў сімвалізму таро стаіць настаўнік матэматыкі і цырульнік Альет, на якога моцна паўплывалі ідэі кнігі дэ Жэбелена. Альет, прысвяціўшы сябе акультным заняткам, распрацаваў сваю сістэму варажбы па картах. У гісторыі ён вядомы як Этэйла, гэты псеўданім быў анаграмай уласнага імя даследчыка.

Значныя даследчыкі сімволікі таро належаць да адной з двух школ: французскай ці англійскай. Галоўнае адрозненне школ складаецца ў тым, куды яны змяшчаюць «Блазна» ў шэрагу старэйшых арканаў.

Заснавальнікам французскай школы з’яўляецца Эліфас Леві. У 1856 г. у сваёй працы «Вучэнне і рытуал вышэйшай магіі» Эліфас Леві ўпершыню звязвае кабалу і таро, асацыюючы старэйшыя арканы таро з літарамі іўрыту, а значыць, і з шляхамі Кабалістычнага дрэва. Менавіта гэтай схемай карыстаўся С. Л. Макгрэгар Мазерс пры стварэнні калоды таро «Залатой Зары». У 1887 годзе Мазерс пачынае апісваць эзатэрычныя атрыбуты таро ў сваім манускрыпце «Кніга Т».

Згодна з паданнямі французскай школы, аркан «Блазан» варта размяшчаць паміж арканамі «Суд» і «Свет». У гэтым выпадку шэраг старэйшых арканаў адкрывае карта «Маг» і ёй адпавядае літара іўрыту «алеф». Заснавальнік англійскай школы Мазерс змяшчае «Блазна» — нулявы аркан — перад «Чараўніком», паколькі нуль ёсць пачаткам усіх іншых лікаў, як Нішто ёсць прабацькам усіх рэчаў. У гэтай сістэме адпаведнасці алеф суадносіцца ўжо з «Блазнам».

Далей пытаннем сімволікі карт займаўся Артур Эдвард Уэйт (Уайт), які ў 1910 годзе апублікаваў кнігу «Ілюстраваны ключ да Таро». Пад яго кіраўніцтвам Памэла Колман-Сміт, маладая амерыканка, якая была ў ордэне «Залатой Зары», намалявала новую калоду таро, так званую калоду Райдэра — Уэйта. Уэйт упершыню змясціў на картах «лічбавых» малодшых арканаў, на якіх раней маляваліся толькі сімвалы масці ў адпаведнай наміналу колькасці, малюнкі з пэўным сюжэтам, унікальным для кожнай карты. Гэта дазволіла пашырыць тлумачэнне малодшых арканаў пры варажбе: калі раней гэтыя карты трактаваліся выключна па спалучэнні масці і намінале, то цяпер з’явілася магчымасць выкарыстоўваць сімволіку малюнкаў. Другой істотнай рэформай стала змена пазіцый арканаў «Правасуддзе» і «Сіла» (у ранейшых калодах — VIII і XI, у Уэйта — XI і VIII адпаведна). Выдадзеная Уэйтам адначасова з калодай кніга «Ілюстраваны ключ да Таро» дае поўнае апісанне калоды, сімволікі карт і яе трактовак.

Яшчэ праз тры дзесяцігоддзі ўласную калоду стварыў Алістэр Кроўлі ў суаўтарстве з мастачкай Фрыдай Харыс. Хоць калода Кроўлі была выканана ў цэлым у «англійскім» стылі, ён ўнёс у яе прыкметныя змены: вярнуў «Правасуддзе» і «Сілу» на зыходныя «французскія» пазіцыі (VIII і XI), пераназваў частку старэйшых арканаў, змяніўшы іх трактоўку, а таксама прысвоіў усім «лічбавым» картам малодшых арканаў уласныя імёны, якія адлюстроўваюць іх значэнне. Фігурныя карты малодшых арканаў былі перайменаваны: замест чацвёркі з «Пажа», «Рыцара», «Каралевы» і «Караля» выкарыстоўваецца чацвёрка «Прынцэса», «Прынц», «Каралева» і «Рыцар». Праца над калодай, якая атрымала назву «Таро Тота» ў гонар аднайменнага егіпецкага бажаства, была скончаная ў 1944 годзе. Тады ж Кроўлі выпусціў пад псеўданімам «Майстар Тэрыён» «Кнігу Тота», дзе даецца апісанне калоды і яе расшыфроўка сімволікі. Трактоўка карт, выкладзеная Кроўлі, шмат у чым адрозніваецца ад класічнай традыцыі, яна ўключае тлумачэнні з еўрапейскай астралогіі, кабалы, міфалогіі мноства народаў, ад Індыі да Скандынавіі. Сімволіка «Таро Тота» надзвычай багатая, многія таролагі называюць гэтую калоду самым насычаным сімваламі варыянтам таро; яна таксама найменш адназначная ў тлумачэнні. Існуе меркаванне, што Кроўлі захаваў у таямніцы некаторыя аспекты сімволікі сваёй калоды, з прычыны чаго яго трактоўкі нярэдка дапаўняюцца і відазмяняюцца тлумачальнікамі. Нягледзячы на імкненне аўтара распаўсюдзіць свой падыход да таро як мага шырэй, калода Кроўлі была выдадзена пры яго жыцці толькі вельмі абмежаваным накладам (200 асобнікаў) і ў непаўнавартасным выглядзе (нізкая якасць друку, малюнкі карт ўзятыя з рэпрадукцый «Кнігі Тота», выкарыстана ўсяго два колеры). Шырокае яе распаўсюджанне адбылося ўжо пасля смерці аўтараў, калі некалькі выдавецтваў выпусцілі калоду вялікім накладам і ў нармальнай якасці, выкарыстаўшы арыгіналы малюнкаў, выкананых Фрыдай Харыс пад кіраўніцтвам Кроўлі.

Зноскі

  1. Dummett, Michael (1980). The Game of Tarot. Duckworth.
  2. Tarot. Encyclopædia Britannica.
  3. Таро Райдера-Уэйта | История создания Архівавана 8 кастрычніка 2021. Проверено 20 октября 2021 года.
  4. Decker, Ronald; Depaulis, Thierry; Dummett, Michael (1996). A Wicked Pack of Cards. London: Duckworth. ISBN 0-7156-2713-9.
  5. Куманяева, Наина. Подлинное Таро Эттейлы. — Москва : Рипол Классик, 2006. — P. 5,6,22,23,32,33,37. ISBN 5-7905-4736-6.
  6. Бартлет, Сара. Таро: Полное руководство по гаданию на картах таро. — Кладезь-Букс, 2007. — P. 16,18. ISBN 978-5-93395-195-7.
  7. catlongtail.info — Карты правду говорят…(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 28 лістапада 2018.
  8. Куманяева, Наина. Подлинное Таро Эттейлы. — Москва : Рипол Классик, 2006. — P. 6,7. ISBN 5-7905-4736-6.
  9. Ирина Тризна «Таро как система анализа и воздействия» Киев: София, 2006
  10. Алексей Пряников «Медитация на Старшие Арканы Таро» Н. Новгород, 2013 — ISBN
навуковая
  • Кэрролл Р. Т Карты Таро // Энцыклапедыя памылак: сход неверагодных фактаў, дзіўных адкрыццяў і небяспечных павер’яў. — М.: Выдавецкі дом «Вільямс», 2005. — 672 с. — ISBN 5-8459-0830-2, ISBN 0-471-27242-6.
афіляваная
  • Таро: тэорыя і практыка. Поўнае апісанне сістэмы Артура Эдварда Уэйт.
  • Каплан С. Р Класіка Таро: паходжанне, гісторыя, варажба. — М., 2004.
  • С. Л. Макгрэгар Матерс. Таро. Акультнае значэнне, выкарыстанне ў прадказанні, метады гульні, і г. д., 1888.
  • Хайо Банцхаф. Таро і падарожжа героя.
  • Рэйчел Поллак. Семдзесят восем прыступак мудрасці.
  • Рэйчел Поллак. Мудрасць Таро. Духоўныя вучэнні і глыбінныя значэння карт.
  • Аляксей Пернікаў. Медытацыя на Старэйшыя Арканы Таро. — Н. Н., 2013.