Карынтыя (герцагства)
Герцагства Карынтыя | |
---|---|
Herzogtum Kärnten | |
Статус | Свецкае ўладанне |
Сталіца | Клагенфурт |
Год утварэння | 976 |
Кіруючыя дынастыі |
Эпенштайн, Шпангайм, Гарыцкая, Габсбург |
Імперская акруга | Аўстрыйская акруга |
Калегія князёў | 1 месца (з 1803 г.) |
Прыналежнасць (1792) | Аўстрыйская імперыя |
Страта незалежнасці | 1269 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Герцагства Карынтыя (ням.: Kärnten, славенск.: Koroška, лац.: Carantania, Carantanum) — адно з тэрытарыяльных княстваў Свяшчэннай Рымскай імперыі і каронная зямля Аўстра-Венгрыі. З’яўлялася адным з тэрытарыяльных княстваў Свяшчэннай Рымскай імперыі ў 976—1806 гадах. Яго папярэднікамі былі славянскае княства Карантанія (VII—IX стст.) і Карантанская марка ў складзе імперыі Каралінгаў (IX—X стст.). Герцагства Карынтыя захоўвала незалежнасць да 1269 года, пасля чаго перайшло пад кіраванне спачатку каралёў Чэхіі, а затым графаў Ціроля. У 1335 годзе Карынтыя была далучана да аўстрыйскіх уладанняў Габсбургаў і пазней складала адну з каронных зямель Аўстрыйскай манархіі. У 1918 годзе на аснове герцагства Карынтыя была ўтворана федэральная зямля Карынтыя ў складзе Аўстрыйскай рэспублікі.
Антычнасць
[правіць | правіць зыходнік]У старажытнасці тэрыторыя Карынтыі ўваходзіла ў склад кельцкага каралеўства Норык з цэнтрам у Нарэі (у сучаснага Клагенфурта). Навукоўцы 19 стагоддзя спрабавалі вывесці назву «Карынтыя» з кельцкіх моў, і выводзілі яе або ад кельцкага carant — сябар, сваяк, або ад кельцка-ілірыйскага karn — камень, скала. У рымскі перыяд у Карынтыі жыло племя карнаў, якіх частка гісторыкаў адносіць да галаў,[1], частка — да адрыятычных венетаў, чыя мова знаходзілася ў аддаленым сваяцтве з італійскімі і кельцкімі.[2]. Па гэтым племі вобласць верагодна і атрымала назву Карынтыі[3].
У 16 годзе да н.э. гэтыя землі ўвайшлі ў склад Рымскай імперыі, а ў 40 годзе тут была сфарміравана правінцыя Норык. Адміністрацыйным цэнтрам правінцыі стаў горад Вірун (Клагенфурт). Пры імператары Дыяклетыяне (284—305 гады) правінцыя была падзелена на Прыморскі і Унутраны Норык, граніцай паміж якімі стала рака Драва ў Карынтыі.
У V стагоддзі на Норык абрынуліся плямёны германцаў. У 406 годзе вестготы Аларыха перайшлі Карнскія Альпы, але былі адкінуты рымскім палкаводцам Стыліхонам.
Пасля падзення ў 476 годзе Рымскай імперыі Карынтыя ўвайшла ў склад дзяржавы Адаакра, а затым — каралеўства остготаў. З сярэдзіны VI стагоддзя ў гэты рэгіён з усходу пачалі перасяляцца славяне, якія хутка выцеснілі мясцовае раманізаванае насельніцтва. Славяне у той час уваходзілі ў склад Аварскага каганата, ядро якога размяшчалася на тэрыторыі сучаснай Венгрыі. Да канца VI стагоддзя авары і славяне падпарадкавалі землі верхняга цячэння Дравы, што азначала пачатак шматвяковай барацьбы з Баварыяй, таксама прэтэндуючай на тэрыторыю Карынтыі. У 623 годзе славянскае насельніцтва Аварскага каганата падняло паўстанне Сама і ўтварыла ўласную незалежную дзяржаву на тэрыторыі Маравіі, Ніжняй Аўстрыі, Штырыі і Карынтыі.
Сярэднявечча
[правіць | правіць зыходнік]Княства Карантанія
[правіць | правіць зыходнік]Дзяржава Сама ўяўляла сабой у сутнасці саюз славянскіх плямёнаў[4]. Ужо ў 630-х гадах у яе складзе сфарміравалася княства Карантанія, якое пасля смерці Сама ў 658 годзе атрымала незалежнасць. Тэрыторыя Карантаніі ахоплівала сучасныя Карынтыю, Штырыю і ўсходнюю Славенію. Гэта была славянская дзяржава з уласнай дынастыяй і асаблівым парадкам абрання князя. Сталіца размяшчалася ў горадзе Крнскі град (Карнбург) у Карынтыі.
У 745 годзе ў абмен на баварскую падтрымку супраць авараў, карантанскі князь Борут прызнаў сюзерэнітэт Баварыі. З гэтага часу пачалася інтэнсіўная хрысціянізацыя славянскага насельніцтва Карантаніі пад кіраўніцтвам Зальцбургскага архібіскупа. У 788 годзе Баварыя была заваявана войскамі Карла Вялікага і Карантанія таксама ўвайшла ў склад імперыі Каралінгаў.
Пад уладай франкаў княства захоўвала досыць шырокую аўтаномію, намінальна падпарадкоўваючыся маркграфам Фрыўлі, аднак пасля славянскага паўстання Людэвіта Пасаўскага ў 819—820 гадах улада славянскіх князёў была ліквідавана. Карантанія была падзелена на некалькі марак на чале з нямецкімі графамі. Гэта паслужыла штуршком да масавай раздачы зямель нямецкім феадалам і царкве.
У 870-х гадах карантанскія маркі былі аб’яднаны Арнульфам Карынтыйскім, які пазней (у 896 годзе) стаў імператарам. Але ўжо ў 895 годзе Карынтыя зноў была вернутая Баварыі.
Утварэнне герцагства Карынтыя
[правіць | правіць зыходнік]У 976 годзе, пасля паўстання баварскага герцага Генрыха II Сварлівага, імператар Атон II аддзяліў ад Баварыі ўсходнія маркі і стварыў з іх адзіную дзяржаву — герцагства Вялікая Карантанія на чале з герцагам Генрыхам I Малодшым (976—978, 985—989) з дому Луітпольдзінгаў. У склад новай дзяржавы ўвайшлі тэрыторыі Карынтыі, Штырыі, Славеніі, Фрыўлі, Істрыі і Вероны. Ядром герцагства стала Карынтыя. Аднак гэта дзяржава адрознівалася крайняй нетрываласцю: уся яе тэрыторыя была падзелена на некалькі марак, на чале кожнай з якіх стаяла ўласная дынастыя, у той час як герцагі Карантаніі (ці Карынтыі, як іх сталі называць тым часам) часта змяняліся імператарамі, а часам наогул не прызначаліся. На гэты перыяд прыпадае новая хваля нямецкіх каланістаў, у выніку чаго славянскае насельніцтва было цалкам выцеснена з паўночнай Карынтыі. Адначасова ўзмацнілася ўлада каталіцкага духавенства, у Карынтыі былі заснаваны біскупствы Гурк і Лавант, якія набылі значныя зямельныя ўладанні ў герцагстве.
На перыяд кіравання дынастыі Эпенштайнаў (1073—1122) прыпадае пік паслаблення дзяржаўнай улады ў Карынтыі. У гэты перыяд Штырыйская, Крайнская і Істрыйская маркі цалкам аддзяліліся ад герцагства, якое захавала толькі тэрыторыю, якая прыкладна адпавядае сучаснай федэральнай зямлі Карынтыя. Аднак, пасля прыходу да ўлады ў Карынтыі ў 1122 годзе дому Шпангайм, герцагства, нягледзячы на памяншэнне яго тэрыторыі, пачало ўмацоўвацца. Скарыстаўшыся палітычным вакуумам у Крайне, герцагі Карынтыі падпарадкавалі значныя землі ў гэтым маркграфстве. Пры Германе Шпангайме (1161—1181) Клагенфурт стаў буйным горадам і фактычнай сталіцай дзяржавы. Герцагам удалося таксама вывесці біскупства Гурк з падпарадкавання Зальцбургу, што моцна ўмацавала аўтарытэт карынтыйскіх манархаў. У сярэдзіне XIII стагоддзя герцагі Карынтыі, абапіраючыся на трывалы саюз з Чэхіяй, разгарнулі барацьбу з Аўстрыяй за ўладу над Крайнай. Гэта барацьба завяршылася далучэннем Крайны да Карынтыі ў 1248 годзе Аднак у 1268 годзе сканаў апошні прадстаўнік дынастыі Шпангаймаў Ульрых III, які завяшчаў свае ўладанні чэшскаму каралю Пржэмыслу Отакару II.
Усталяванне ўлады Габсбургаў
[правіць | правіць зыходнік]У 1269 годзе Карынтыя перайшла ва ўладанне караля Чэхіі. Аднак яго канфлікт з імператарам Рудольфам I завяршыўся паражэннем Пржэмысла Отакара II у 1276 годзе і падзелам яго зямель. Карынтыя была перададзена графам Цірольскім, саюзнікам імператара. Цірольская дынастыя ў герцагстве згасла ў 1335 годзе і паводле пагаднення з Баварыяй Карынтыя была перададзена Габсбургам. Такім чынам вобласць увайшла ў склад аўстрыйскіх уладанняў і заставалася пад уладай габсбургскага дому да 1918 года.
У другой палове XIV стагоддзя спадчынныя землі Габсбургаў неаднаразова былі падзелены паміж рознымі галінамі гэтай дынастыі. Карынтыя паводле падзелаў 1396 і 1411 гадоў была замацавана за штырыйскай лініяй. Толькі ў 1457 годзе герцагства было зноў уключана ў склад адзінай аўстрыйскай дзяржавы, а карынтыйскі герцаг Фрыдрых III у 1452 годзе стаў імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі.
Турэцкія ўварванні і Сялянскі саюз
[правіць | правіць зыходнік]У канцы XV стагоддзя Карынтыя была спустошана працяглымі войнамі з Венгрыяй, а затым пачаліся турэцкія набегі на графства. Гэта катастрафічным чынам адбілася на эканоміцы Карынтыі: рэзка зменшылася колькасць насельніцтва, былі закінуты многія населеныя пункты, асабліва ва ўсходніх абласцях, пацярпела сельская гаспадарка і горныя промыслы. Няздольнасць Габсбургаў аказаць рэальнае супраціўленне туркам прывяла да ўзнікнення ў Карынтыі сялянскага руху, вядомага пад назвай Віндскага саюза, які арганізаваў адпор туркам і ў 1514—1515 гадах. Рух, аднак, неўзабаве быў задушаны Габсбургамі. Барацьба з туркамі паўплывала на асаблівы стыль крапасных збудаванняў Карынтыі, яркім прыкладам якіх стаў замок Гохастэрвіц. У 1500 годзе ў склад габсбургскіх уладанняў увайшло графства Гарыцкае, апошняе незалежнае свецкае ўладанне, якое мела лены на тэрыторыі Карынтыі.
Новы час
[правіць | правіць зыходнік]Рэфармацыя і Контррэфармацыя
[правіць | правіць зыходнік]З пачатку XVI стагоддзя ў Карынтыю пачало пранікаць пратэстанцтва. Цэнтрам Рэфармацыі стаў Філах. У адпаведнасці з Аўгсбургскім рэлігійным мірам 1555 годзе пратэстанты атрымалі магчымасць свабоднага вызнання сваёй рэлігіі. З пратэстанцкіх цячэнняў у Карынтыі найбольшае распаўсюджанне атрымаў кальвінізм. У 1578 годзе герцаг Унутранай Аўстрыі Карл II зацвердзіў закон аб свабодзе веравызнання ў Карынтыі і Крайне. Аднак з прыходам да ўлады сына Карла II эрцгерцага Фердынанда ў канцы XVI стагоддзя ў краіну пракраліся езуіты, якія ўзначалілі барацьбу з Рэфармацыяй. Фердынанд у 1619 годзе стаў кіраўніком Аўстрыі і імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. Гэта дало новы штуршок контррэфармацыі ў Карынтыі. У 1628 годзе краіну былі вымушаны пакінуць дваране-пратэстанты. У XVIII стагоддзі рэшткі пратэстантаў Карынтыі перасяліліся ў Трансільванію і Банат.
Асветны абсалютызм і Напалеонаўскія войны
[правіць | правіць зыходнік]У другой палове XVIII стагоддзя ў Карынтыі, як і ў іншых уладаннях Габсбургаў, разгарнуліся рэформы асветнага абсалютызму. Урбарыяльныя патэнты Марыі Тэрэзіі 1771—1778 гадах зафіксавалі феадальныя павіннасці сялян, скарацілі паншчыну, усталявалі мінімум сялянскага надзелу і пацвердзілі права свабоды пераходу, дазволена таксама было выкупляць спадчынныя правы на зямлю. У 1775 годзе былі ліквідаваны ўнутраныя мытні паміж рознымі землям у складзе імперыі Габсбургаў. У 1779 годзе створана сістэма дзяржаўнай школьнай адукацыі. У 1781 годзе абвешчана свабода веравызнання хрысціянскіх канфесій. Пры Іосіфе II былі абмежаваны правы правінцыйных ландтагаў, а ўсе тэрыторыі імперыі аб’яднаны ў 13 правінцый. Карынтыя ўвайшла ў адну з такіх правінцый разам са Штырыяй і Крайнай, што азначала ліквідацыю самакіравання герцагства. Толькі ў 1790 годзе быў адноўлены стары адміністрацыйны падзел і Карынтыя зноў здабыла статус асобнай кароннай зямлі. У 1787 годзе князь-біскуп Гурка пераехаў у Клагенфурт і было ўтворана новая епархія, якая ўключала ў сябе ўсю тэрыторыі Карынтыі — біскупства Клагенфурт—Гурк.
У 1797 годзе тэрыторыя Карынтыі стала арэнай баявых дзеянняў паміж наступаючай арміяй Напалеона і войскамі аўстрыйскай імперыі. У 1805 годзе Штырыя зноў была акупавана французскімі войскамі, а паводле ўмоў Шонбрунскага міру 1809 годзе большая частка Карынтыі была перададзена новаму ўтварэнню, якое знаходзілася пад кіраваннем Францыі — Ілірыйскім правінцыям. У час французскага валадарства ў Карынтыі былі праведзены значныя буржуазныя рэформы, ажыццёўлена эмансіпацыя яўрэяў, падтрымлівалася ўжыванне славенскай мовы. У складзе Ілірыйскіх правінцый Карынтыя заставалася да 1813 года, калі была зноў заваявана Аўстрыяй.
Карынтыя ў XIX — пачатку XX стагоддзя
[правіць | правіць зыходнік]З 1849 года Карынтыя складала асобную каронную зямлю.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Gianna G. Buti e Giacomo Devoto, Preistoria e storia delle regioni d’Italia, Sansoni Università, 1974, pagina 56 [1].
- ↑ Wilkes, J. J. The Illyrians, 1992, ISBN 0631198075, page 183.
- ↑ Sir William Smith (ed.), Dictionary of Greek and Roman geography, Volume 1, p. 522
- ↑ Фредегар. Хроника, кн. IV / / The Fourth Book of the Cronicle of Fredegar with its continuations. — London: Thomas Nelson and Sons Ltd, 1960.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Карынтыя (герцагства) на Вікісховішчы |