Кастусь Шышэя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Кастусь Шышэя
Род дзейнасці: камандзір БКА
Дата нараджэння: 1921
Месца нараджэння: в. Шчорсы, Навагрудскае ваяводства, Польская Рэспубліка
Дата смерці: 11 снежня 2004(2004-12-11)
Месца смерці: мерк. Вільня
Месца пахавання: Свята-Ефрасіннеўскія могілкі, Вільня
Жонка: Леакадзія Кавальчук

Кастусь Шышэя (Канстанцін Шышэй, Канстанцін Шышэя) — дзеяч беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. Сябра БНП, дэсантнік батальёну «Дальвіц» і адзін з камандзіраў БКА падчас Другой сусветнай вайны.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1921 г. у вёсцы Шчорсы ў Навагрудскім ваяводстве (Польская Рэспубліка). У юнацтве належаў да польскіх харцэраў. У 1939 годзе заможная сялянская сям’я з надзеламі ўласнай зямлі пазбавілася ўсяго нажытага падчас савецкай акупацыі, родныя загінулі ў турмах, бацька быў расстраляны, а сам 17-гадовы Кастусь уратаваўся цудам.

Падчас Другой сусветнай вайны працаваў бухгалтарам. Пра сваё далучэнне да беларускага руху ўспамінаў так:

«Працаваў я бухгалтарам у маёнтку. А калі партызаны пачалі рэзаць усіх, дык я вырашыў уцячы з гэтай работы. Аднойчы я быў сведкам, як савецкія партызаны Міцькі Дзянісенкі расстралялі Кацю Сямашку з малым дзіцем. Яна толькі замуж выйшла і нарадзіла дзіця... Ляжала з ім на падлозе, уся ў крыві. Адной куляй забілі яе і немаўлятку... Я як паглядзеў на гэта, пайшоў і здаў свае бухгалтарскія справы. А тут якраз атрымаў павестку ў войска. Думаю: пайду, хай яна лясне, ваша адміністрацыйная работа. Пайду, трэба ваяваць з гэтымі «партызанамі» рускімі, польскімі... ».

У 1943 годзе атрымаў павестку, але мабілізаваны мог быць толькі да будаўнічай арганізацыі Тодта, таму добраахвотна быў запісаны ў БКА. Пасля стварэння беларускага батальёну ў Навагрудку пад кіраўніцтвам Барыса Рагулі стаў ягоным актыўным жаўнерам у змаганні з савецкімі партызанамі і Чырвонай Арміяй, а потым і ад’ютантам Барыса Рагулі.

Пазней далучыўся да батальёну «Дальвіц» (падчас навучання быў прызначаны старшынёй курса) і дэсантаваўся ў Беларусі. Пасля таго, як ягоная група трапіла ў рукі савецкіх спецслужб, ён яшчэ нейкі час знаходзіўся на нелегальным становішчы, пакуль не быў сам пайманы ў лістападзе 1944 г. Быў асуджаны «тройкай» на закрытым судзе і потым адбыў 10 гадоў у савецкіх канцлагерах.

У бараках Інты склалася кола беларусаў-патрыётаў, якое стварылі Васіль Супрун, Леў Бялевіч, Кастусь Шышэя і Шастаковіч. Яны арганізавалі зямляцкі гурток, які стаў беларускім цэнтрам у сістэме лагераў вакол Інты. Да беларускай супольнасці таксамі належала і вядомая паэтка Ларыса Геніюш: менавіта яна пазнаёміла Кастуся Шышэю з будучай жонкай Леакадзіяй Кавальчук, якая адбывала тэрмін у тым жа лагеры за сяброўства ў Саюзе беларускай моладзі.

Выйшаў на волю 16 верасня 1953 г. Пасля вызвалення Кастусь з жонкай пасяліўся ў Слоніме, але неўзабаве яны пераехалі да Вільні, што было спавадавана ціскам на былых палітзняволеных у БССР. Многія палітэмігранты і былыя палітвязні да апошніх дзён Кастуся Шышэі былі частымі гасцямі віленскай кватэры Шышэяў. Разам з жонкай быў сябрам віленскага «Згуртавання палітычных вязняў-беларусаў». Ужо ў незалежнай Беларусі неаднаразова даваў інтэрв'ю беларускім выданням, дасылаў успаміны ў беларускія газеты.

Памёр 11 студзеня 2004 г. Пахаваны 14 снежня на Свята-Ефрасіннеўскіх могілках у Вільні.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]