Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Ішчална)
| Славутасць | |
| Касцёл Найсвяцейшай Тройцы | |
|---|---|
| | |
| 53°39′54″ пн. ш. 24°52′38″ у. д.HGЯO | |
| Краіна |
|
| Вёска | Ішчална |
| Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
| Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
| Архітэктурны стыль | позняе барока |
| Будаўніцтва | 1755—1758 гады |
| Статус |
|
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — каталіцкі храм у в. Ішчална (Шчучынскі раён). Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1758 г.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]
Храм уяўляе сабой аднанефны дзвюхвежавы з пяціграннай апсідай і сакрысціямі храм. Дамінуючае становішча ў аб'ёмнай кампазіцыі займае галоўны фасад. Яго вузкую цэнтральную плоскасць фланкіруюць квадратныя ў плане вежы, якія рэльефна выступаюць з асноўнага аб'ёму, маюць нізкае шлемападобнае завяршэнне. Фасадныя і бакавыя плоскасці вежаў апяразаны карнізамі, расчлянёны плоскімі прамавугольнымі філёнгамі і прарэзаны прамавугольнымі, лучковымі і паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Бакавыя фасады будынку завершаныя карнізам і расчлянёныя ў верхняй частцы двума радамі лучковых акон.
Побач з касцёлам у XIX ст. пабудавана аднаярусная званіца.
Інтэр'ер
[правіць | правіць зыходнік]Інтэр'ер касцёла зальны, выцягнуты па падоўжнай восі. Асноўны аб'ём і апсіда перакрыты драўляным лучковым скляпеннем. Сцены дэкарыраваныя тонкімі спаранымі лапаткамі, завершаныя шырокім карнізам. Над бабінцам паміж аб'ёмамі вежаў ступеньчатыя ў плане хоры. Тры алтары і амбон выкананыя ў стылі ракако. Галоўны алтар двух'ярусны. Першы ярус, устаноўлены на высокім цокалі, падзелены калонамі карынфскага ордара на тры часткі, аддзелены ад другога яруса хвалепадобным антаблементам з ляпным дэкорам. У цэнтры другога ярусу — картуш з люнетам, па баках жывапісныя панэлі і дэкаратыўныя вазы. Два бакавыя алтары формай і дэкорам нагадваюць галоўны, але крыху меншыя за яго, увянчаныя скульптурнымі кампазіцыямі. Амбон хвалепадобнай формы, дэкарыраваны ляпнымі ракайлямі, скульптурнай кампазіцыяй на біблейскія тэмы.
Сонечны гадзіннік
[правіць | правіць зыходнік]
З паўднёвага боку Траецкага касцёла знаходзіцца сонечны гадзіннік. Ён уяўляе сабой круглы абцясаны пастамент з каменю вышынёй каля 1 м і дыяметрам каля 0,5 м. Двума стальнымі стрыжнямі да яго прымацавана медная круглая пласціна дыяметрам 0,3 м. Трохвугольная стрэлка напалову зламаная. На пласціне выгравіраваны: цыферблат, прозвішча майстра (J. Malecki), месца вырабу (Wilna), геаграфічная шырата в. Ішчална (54*41"2’). Гэты гадзіннік адносіцца да класу гарызантальных сонечных гадзіннікаў з трохвугольнай стрэлкай, верхні вугал якой скіраваны на Палярную зорку. Цень ад стрэлкі падае на гарызантальны цыферблат, часавыя дзяленні якога няроўныя між сабой[1]. Гадзіннік — цікавы ўзор дакладнае механікі, вырабленай у беларускай Вільні ў XVIII ст.
Зноскі
- ↑ lavon. Сонечны гадзіннік у в.Ішчална. Форум «Гісторыя астраноміі на Беларусі» (11 верасня 2010).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 258-259.
- Лаўрэш Л., Круцікаў У., Пастухоў В. Сонечны гадзіннік у в. Ішчална Архівавана 4 сакавіка 2016. // «Cпадчына» № 2, 2000.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Ішчална)- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Ішчална) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Ішчална) на сайце Radzima.org
