Касцюковіцкая раўніна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Касцюковіцкая раўніна на карце Беларусі

Касцюковіцкая раўніна — фізіка-геаграфічны і геамарфалагічны раён у Беларусі, размешчаны на ўсходзе Магілёўскай вобласці, на левабярэжжы Сажа. Мяжуе на поўначы з Аршанска-Магілёўскай, на поўдні з Чачорскай раўнінамі.

Геалогія[правіць | правіць зыходнік]

Касцюковіцкая марэнна-водна-ледавіковая раўніна з краявымі ўтварэннямі ў тэктанічных адносінах прымеркавана да заходніх схілаў Варонежскай антэклізы і паўднёва-ўсходняй часткі Аршанскай упадзіны, што абумовіла пагружэнне фундамента з паўднёвага ўсходу на паўночны захад ад −500 да −1000 м. Сярод адкладаў асадкавага чахла найбольш распаўсюджаны гліны, даламіты, мергелі дэвону, мел і мергелі, вапнякі, пескавікі мелавой і юрскай сістэм, а таксама комплексы антрапагенавых утварэнняў магутнасцю да 50 м, а па лагчынах да −100 — −140 м.

Паверхня карэнных парод уяўляе сабой платападобную, слабарассечаную раўніну, прыўзнятую да 140—160 м. У рельефе выдзяляюцца асобныя астанцовыя ўзвышэнні, карставыя формы, лагчынападобныя паглыбленні, урэзаныя да 60-80 м. Для краявых град характэрна пашырэнне адорвеняў дэвонскіх вапнякоў і глін.

Утварэнне сучаснай паверхні раёна абумоўлена тэктанічнай будовай і характарам дзейнасці ледавікоў і расталых вод. У цэнтральнай частцы з паўднёвага захаду на паўночны ўсход праходзіць мяжа сожскага зледзянення. На ўсход ад Клімавічаў выяўлены масіў краявых утварэнняў дняпроўскага ўзросту. У сувязі з рознаўзроставасцю паверхні на параўнальна невялікай плошчы распаўсюджаны розныя генетычныя тыпы рэльефа з характэрнымі марфалагічнымі комплексамі. Пашырэнне мергельна-мелавых парод, лакальных падняццяў і лагчын у ложы антрапагена стварылі ўмовы для фарміравання гляцыядыслакацый, адорвеняў карэнных парод.

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Максімальныя абсалютныя вышыні рэльефа прымеркаваны да краявых ледавіковых форм. Яны маюць пераважныя абсалютныя вышыні 180—185 м, на ўсход ад г. Клімавічы, абсалютныя адзнакі нярэдка перавышаюць 200 м (да 220 м), на поўнач ад Краснополля — 192 м, паступова паніжаюцца на ўсход да 150—160 м. Характэрны ўзгорыста-градавы рэльеф, грады выцягнуты з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, рассечаны эрозіяй.

Найбольшае пашырэнне атрымалі спадзістахвалістыя марэнныя раўніны (адносныя перавышэнні 2-5 м), якія ўскладняюцца невялікімі ўзгоркамі і эразійнымі формамі. Характэрны слабахвалістыя зандравыя раўніны з лагчынамі сцёку расталых ледавіковых вод, з ярамі і балкамі. Самыя нізкія ўчасткі займаюць азёрна-алювіяльныя нізіны з эолавымі ўзгоркамі і градамі. Значныя прасторы забалочаныя.

Мінімальныя адзнакі ў далінах рэк да 130 м (р. Беседзь). Рачныя даліны нешырокія (да 0,5-1 км, рэдка 3 км), урэзаныя на 10-20 м, добра выражаныя, трапецыяпадобныя. Як правіла, у далінах выдзяляецца двухбаковая, часам левабярэжная пойма, прыўзнятая над урэзам вады да 2 м. Паверхня поймы плоская, рассечаная далінамі прытокаў, старарэччамі, рукавамі, часта забалочаная. Рэчышчы звілістыя, з мноствам рукавоў. У даліне Сажа выдзяляюцца першая (3-4 м) і, лакальна, другая надпоймавыя тэрасы. У агаленнях ускрываюцца мелавыя пароды.

З адмоўных форм, акрамя эразійных, пашыраны тэрмакарставыя і карставыя западзіны. Тэрмакарставыя паніжэнні маюць размеры ў папярэчніку да 1 км, карставыя да 50 м і глыбіню да 2—5 м.

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Гідраграфічная сетка адносіцца да басейна Сажа. Найбольшыя рэкі — Сож, на паўночным захадзе, і Беседзь, якая дрэнуе паўднёва-ўсходнюю частку раёна. Планавы рысунак рачной сеткі дрэвападобны, а на ўсход ад г. Клімавічы — цэнтрабежны.

Значныя прасторы займаюць балоты. Найбольшыя плошчы іх прымеркаваны да водападзелу рэк Бароўка, Жадунька, Дзяражня, на паўночны ўсход ад Краснаполля і паўночны захад ад Клімавічаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Емельянов Ю. Н. Костюковичская равнина // Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0472-3 (руск.)