Касцявы мозг
Касцявы мозг[1] або шпік[2] — цэнтральны орган крывятвору, размешчаны ў губкаватым рэчыве касцей і касцёвамазгавых поласцях пазваночных жывёл і чалавека. Выконвае таксама функцыі біялагічнай аховы арганізма і косцеўтварэння[3].
У чалавека касцявы мозг паяўляецца на другім месяцы эмбрыянальнага развіцця ў закладцы ключыцы, на трэцім месяцы — у лапатках, рэбрах, грудзіне, пазванках і інш., на пятым — функцыянуе як асноўны крывятворны орган. Маса касцявога мозгу ў дарослага чалавека да 3700 г (3,4—5,9 % ад масы цела). Складаецца з рэтыкулярнай тканкі, крывятворных і тлушчавых клетак; забяспечаны нервамі і крывяноснымі сасудамі[3].
Адрозніваюць чырвоны касцявы мозг (у чалавека складае каля 1,5 % масы цела[3]) і жоўты касцявы мозг (пераважна ўдзельнічае ў тлушчавым абмене[3]). Колер жоўтага касцявога мозгу абумоўлены прысутнымі ў ім тлушчавымі шарыкамі. У чырвоным касцявым мозгу ўтвараюцца эрытрацыты, трамбацыты і большасць лейкацытаў. Невялікая частка лейкацытаў утвараецца ў жоўтым касцявым мозгу[4]. У касцях дзяцей да 7 гадоў пераважае чырвоны касцявы мозг. Ва ўзросце 18—20 гадоў у дыяфізах доўгіх і плоскіх[4] касцей ён замяняецца жоўтым[3].
Касцявы мозг змяшчае два тыпы стваловых клетак: крывятворныя і мезенхімныя. Крывятворныя стваловыя клеткі даюць пачатак эрытрацытам, трамбацытам і лейкацытам. Мезенхімныя стваловыя клеткі разрозніваюцца ў структуры што ствараюць косці, храсток і цягліцы[4].
Спелыя клеткі крыві з касцявога мозгу праз сценку сінусоідных капіляраў паступаюць у крывяносную сістэму, няспелыя паяўляюцца пры парушэнні крывятвору. Касцявы мозг выконвае ахоўную функцыю (рэтыкулярныя клеткі і клеткі эндатэлію сінусоідных капіляраў здольныя захопліваць іншародныя часцінкі з крыві і станавіцца макрафагамі). Функцыя косцеўтварэння праяўляецца пры загойванні пераломаў касцей[3].
Даследаванне касцявога мозгу дае звесткі для дыягностыкі і лячэння хвароб крыві (асабліва лейкозаў), злаякасных утварэнняў, многіх паразітарных інфекцый, прамянёвай хваробы, злаякаснага малакроўя. 3 дапамогай клетак касцявога мозгу, узятых ад донара, лечаць ад анеміі, прамянёвай хваробы, лейкозаў і інш.[3] Уласны касцявы мозг пацыента, якому ажыццяўляецца перасадка, загадзя знішчаецца з дапамогай хіміятэрапіі або радыяцыі[4].
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Іваноў Я. П. Касцявы мозг / Я. П. Іваноў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 165. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
- Richard L. Drake, A. Wayne Vogl, Adam W.M. Mitchell. Gray's Anatomy for Students. — 4-е выд.. — Філадэльфія: Elsevier, 2020. — ISBN 978-0-323-39304-1.