Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Тракелі)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Каталіцкі храм
Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі
54°02′13″ пн. ш. 25°24′30″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Вёска Тракелі
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Архітэктурны стыль барока, класіцызм
Дата пабудовы 1809 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000143шыфр 413Г000143

Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Гродзенская вобласць)
Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі

Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі — каталіцкі храм, знаходзіцца на галоўнай вуліцы ў вёсцы Тракелі (Воранаўскі раён). Дзейнічае. Помнік архітэктуры. Касцёл мае ў сваім архітэктурным выглядзе рысы і барока, і класіцызму.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пабудаваны ў 1809 г. з дрэва на месцы касцёла 1740 г. У 1928 г. адрамантаваны[1]. Пасля апошняга рамонту страціў сваю аўтэнтычную вертыкальную ашалёўку і гонтавы дах, а разам з імі — мастацкую выразнасць і сапраўднасць[2].

Упершыню касцёл у Тракелях узгадваюцца ў 1433 годзе ў лісце вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча, дзе ён пацвярджае Яну Гаштольду ягоную ўласнасць Тракеляў. З канца XVI ст. тут аселі езуіты, і з таго часу да 1865 года Тракелі разам з Дворышчам утваралі адзіную гаспадарку. Пасля належалі Нікіціным, Языкавым.

Касцёл пад тытулам Наведзінаў Найсвяцейшай Марыі Панны (Звеставання Найсвяцейшай Марыі Панне), згодна з традыцыяй, быў заснаваны тут у 1500 годзе віленскім ваяводам Марцінам Гаштольдам. І першы касцёл, і новыя святыні, якія будавалі на гэтым месцы ў 1680 годзе (пасля знішчэння ў 1656 г. падчас “крывавага патопу”, зноў знішчаны пажарам у 1674, адбудаваны езуітамі ў 1680 і кансэкраваны 4 ліпеня 1687 года біскупам Цернопальскім, суфраганам прэлатам віленскім Габрыэлем Сільніцкім) былі драўляныя. Аднак тады касцёл стаяў у паўночнай частцы вёскі, прыкладна ў 500-600 м ад цяперашняга, каля шашы на Ліпнішкі.

На новым месцы, дзе дзейнічае і сёння, таксама драўляны, касцёл быў узведзены ў 1830 годзе на ахвяраванні мясцовага землеўладальніка Стэфана Незабытоўскага, падкаморыя навагрудскага. Святыня рэстаўравалася на сродкі парафіян у 1866, у 1928 сцены былі ашаляваны звонку і ўнутры, у 1950-х гонтавы дах замянілі бляшаным.

Да тракельскай парафіі з ХVIII ст. адносіліся капліцы ў Гімбутах, Дворышчы і на мясцовых парафіяльных могілках (апошняя, драўляная васьмігранная з абразом Маці Божай у алтары, знікла прыкладна ў сярэдзіне ХІХ ст.). У ХVIII–ХІХ ст. пры парафіі дзейнічалі шпіталь і школка.

Пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады не аднойчы спрабавалі зачыніць касцёл. У 1968 парафію знялі з рэгістрацыі (у 1961–1975 касцёл стаяў зачынены), але вернікі змаглі абараніць святыню. Дваццаць гадоў ішло супрацьстаянне, рэгулярна служылася імша, больш таго, парафіяне адрамантавалі касцёл. У жніўні 1988 тракельская парафія ізноў была афіцыйна зарэгістравана.

Раней тракельская парафія ўваходзіла ў склад Лідскага дэканата, з 1991 знаходзіцца ў Радунскім дэканаце. У 1994 касцёл у Тракелях атрымаў статус дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай (фэст – першая субота ліпеня). У 1997 перад касцёлам пабудаваны навес для вулічных набажэнстваў падчас пілігрымак.

З 1970-х гг. занесены ў спіс помнікаў архітэктуры.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Агульны выгляд

Помнік народнага драўлянага дойлідства з элементамі барока і класіцызму. Будынак складаецца з аднолькавых па вышыні прамавугольных зрубаў прытвора, асноўнага аб'ёму і апсіды з бакавымі нізкімі сакрысціямі, якія скампанаваны ў выцягнуты па падоўжнай восі манументальны аб'ём, накрыты агульным вальмавым дахам. Шатровы дах прытвора завершаны цыбулепадобным купалам на гранёным барабане[1].

Інтэр'ер

Малітоўная зала ўнутры перакрыта плоскай падшыўной столлю, апсіда – цыліндрычным скляпеннем, таксама падшыўным. Над уваходам зроблены хоры на 4 калонах. У касцёле тры двух’ярусныя алтары. Драўляны галоўны алтар выкананы ў стылі неабарока.

Шануецца цудатворны абраз XVI ст. «Маці Божая Тракельская»[1] (рымскай іканаграфіі, мастак невядомы) у пасрэбрана-пазалочанай шаце, упрыгожаны трыма каронамі з шляхетнымі камянямі (усяго 74) і шматлікімі вотамі, які знаходзіцца ў галоўным алтары святыні і згодна з паданнем у 1595 годзе прывезены з Вільні. Паміж набажэнствамі цудадзейны абраз засланяецца абразом св. Ізідара. У другім ярусе галоўнага алтара знаходзіцца абраз Адведзінаў Паннай Марыяй св. Альжбеты. Левы бакавы алтар прысвечаны св. Каятану з абразом св. Тэрэзы ў другім ярусе. Правы бакавы алтар – св. Юзафа, у другім ярусе змешчаны абраз Маці Божай Балеснай. Амаль цалкам захавалася гістарычнае размяшчэнне алтароў, нават з тых часоў, калі яны яшчэ былі аптычна намаляваны на сценах, толькі правы алтар да 1850 г. быў прысвечаны Езусу Бічаванаму.

Побач з касцёлам (на поўнач ад яго) пастаўлена драўляная 2-ярусная каркасная званіца[1]. Тут змешчаны старажытны звон, адліты ў 1754 майстрам Густавам Мёркам з Вільні.

Ля касцёла, насупраць брамы, стаіць капліца-пахавальня Брыгіты Шукевіч (пам. 1803), зачыненая ў 1870 годзе. Васьмігранная, цагляная, атынкаваная святыня з рысамі класічнага стылю, перакрытая цыліндрычным скляпеннем і накрытая шатровым дахам. У нішы алтара змешчана Укрыжаванне.

Комплекс абнесены невысокай бутавай агароджай з невялікай аднапралётнай уваходнай брамай з цэглы пад тынкам.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]