Касцёл Адшукання Святога Крыжа (Жырмуны)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Касцёл Адшукання Святога Крыжа
54°01′15″ пн. ш. 25°13′15″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія Каталіцызм
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Архітэктар Ян Падчашынскі[d]
Дата заснавання 1789
Матэрыял драўніна
Стан дзейнічае
Map

Касцёл Адшукання Святога Крыжа — каталіцкі храм, помнік архітэктуры класіцызму, знаходзіцца ў цэнты вёскі Жырмуны (Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць). Пабудаваны ў 1789 годзе з дрэва Каралінай Радзівіл паводле праекта Я. Падчашынскага на месцы храмаў 1500 і 1664 гадоў. Дзейнічае.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл тут быў заснаваны ў 1437 годзе па фундацыі тагачаснага ўладальніка Жырмунаў пана Войцеха Кучука. У сярэдзіне XVI стагоддзя пры касцёле дзейнічала альтарыя.

Новы драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1624 годзе на сродкі Яна Завішы, ваяводы віцебскага, і яго жонкі Ганны Трызнянкі. Касцёл быў кансэкраваны пад тытулам Найсвяцейшай Марыі Панны і ўпасажаны «з абавязкам утрымання арганіста, школкі, кантара і слуг касцёльных». Але святыня была знішчана падчас вайны 1654—1667 гадоў. Новы касцёл у 1667—1673 гадах паўстаў на сродкі пана Алойзы Кунцэвіча. Менавіта ў гэты час тут з’явілася галоўная парафіяльная рэліквія — кроплі крыві Пана Езуса. 20 сакавіка 1667 года жонка віцебскага кашталяна Завішы, Гальшка Тышкевіч, ахвяравала іх жырмунскаму касцёлу. А ёй, атрымаўшы іх ад Папы Урбана VIII, прывёз з Рыма яе брат віленскі біскуп Тышкевіч. У 1674 годзе святыню кансэкраваў біскуп суфраган Мікалай Слупскі, у яго тагачаснай візіце адзначаецца цудатворны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі, змешчаны ў алтары касцёла.

Жырмуны (1900)

У 1788—1789 гадах князь Станіслаў Радзівіл разам са сваёй жонкай Каралінай ахвяравалі сродкі на ўзвядзенне цяперашняга драўлянага храма ў класіцыстычным стылі. Пабудавалі касцёл на ранейшым месцы, у цэнтры мястэчка, паводле праекта архітэктара Яна Падчашынскага, які працаваў у жырмунскім маёнтку Радзівілаў. Касцёл быў кансэкраваны пад новым тытулам Адшукання Святога Крыжа. Пры касцёле дзейнічалі парафіяльная школа і шпіталь, які фундавала лідская падстаросціна Гадзебская.

Перад Другой сусветнай вайной колькасць вернікаў жырмунскай парафіі дасягала амаль 4000 чалавек. Да парафіі належаў хатні араторый у радзівілаўскім палацы ў двары Жырмуны.

Касцёл дзейнічаў увесь час, у 1970-я гады быў аб’яўлены помнікам архітэктуры. Да ўтварэння Гродзенскай дыяцэзіі жырмунская парафія заўсёды ўваходзіла ў склад Лідскага дэканата, з 1991 года знаходзіцца ў Радунскім дэканаце.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Агульны выгляд

Адасоблены ад забудовы прамавугольным скверам. Перад касцёлам пастаўлена драўляная каркасная 2-ярусная званіца ў трактоўцы народнага дойлідства.

Да асноўнага падоўжанага зруба, які пераходзіць у 5-гранную апсіду, далучаны бакавыя крылы трансепта, што надае храму крыжовы план. 2-схільны гонтавы дах выходзіць на галоўны фасад трохвугольным франтонам, які разам з 2 мураванымі калонамі глыбокай лоджыі стварае своеасаблівы порцік, завершаны 8-гранным барабанам з крыжам над пакатым шатровым пакрыццём. Імкненне ўвасобіць у дрэве формы мураванай архітэктуры праявілася ў нетрадыцыйнай для драўлянага дойлідства арачнай форме аконных праёмаў, імітацыі пілястраў у іх прасценках, вылучэнні шалёўкай фрызавай часткі фасадаў.

Злева ад касцёла асобна пабудавана каркасная, таксама драўляная, двух’ярусная званіца. Комплекс абнесены невысокай бутавай агароджай з трохпралётнай уваходнай брамай у стылі класіцызму, цаглянай і атынкаванай.

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

Амбон
Інтэр’ер
Хоры

Унутраная прастора падзелена калонамі дарычнага ордэра на 3 нефы, цэнтральны з якіх значна шырэйшы за бакавыя. У цэнтральны неф аркадамі адкрываюцца бакавыя галерэі і хоры. Інтэр’ер, перакрыты плоскай падшыўной столлю, упрыгожваюць 4 каменныя алтары. Асноўны пластыка-дэкаратыўны акцэнт малітоўнай залы — галоўны алтар, выкананы ў класічным стылі каланадай з антаблементам такога ж дарычнага ордэра. Галоўны алтар і два бакавыя ўтвараюць адзіную аднаярусную шматкалонную кампазіцыю карынфскага ордэра з разьбяным Укрыжаваннем у цэнтры, абразом Езуса Уваскрослага ў левым алтары і Унебаўшэсця Езуса ў правым. Паміж алтарамі ўсталяваны разьбяныя паліхромныя фігуры св. Станіслава біскупа і св. Казіміра. Алтар з абразом Маці Божай Ласкавай са шматлікімі вотамі змешчаны ў паўночнай капліцы трансепта — чатыры спараныя мураваныя калоны дарычнага ордэра нясуць антаблемент, у метопах якога знаходзяцца выявы Мук Хрыста. Над уваходам зроблены арганныя хоры на чатырох дарычных мураваных калонах.

Абразы XVIII ст. «Маці Божая Ларэтанская» і «Св. Кацярына».

Пахаванні[правіць | правіць зыходнік]

У крыпце касцёла пахаваны Радзівілы, фундатары і калятары святыні.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]