Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Квасоўка)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі
53°30′50″ пн. ш. 23°59′49″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія Каталіцкая Царква
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Благачынне Дэканат Гродна–захад
Архітэктурны стыль эклектыка
Дата заснавання 1626
Дата пабудовы 1873
Map

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі — рымска-каталіцкі храм у в. Квасоўка (Гродзенскі раён), помнік архітэктуры эклектыкі. Дзейнічае.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

2 лютага 1626 года літоўскі надворны маршалак Крыштаф Весялоўскі выдаў фундацыйны дакумент на будаўніцтва ў Квасоўцы парафіяльнага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Першую святыню пабудавалі, напэўна, адразу ж пасля фундацыі парафіі коштам каралеўскай казны. Першы будынак касцёла быў драўляны. У ім былі тры двух’ярусныя алтары, кожны выразаны з дрэва, пафарбаваны і пазалочаны. У першым ярусе галоўнага алтара быў размешчаны абраз Унебаўзяцця Дзевы Марыі, угары была таксама выява Божай Маці. У бакавых алтарах знаходзіліся абразы: св. Тэрэзы, св. Роха, св. Антонія Падуанскага і св. Юзафа. Існаваў т. зв. шпіталь, які выконваў ролю прытулку для бедных і бяздомных старых, у будынку адбывалася таксама вучоба мясцовых дзяцей. Вакол касцёльнага будынку былі парафіяльныя могілкі, агароджаныя наўкола. Тут хавалі памерлых да канца XIX ст.

У 1747 г. коштам караля Аўгуста III на месцы старой разабранай святыні была ўзведзена новая. Яна таксама была драўляная, з дзесяццю вокнамі і вежачкай, закончанай крыжам. Касцёл меў 4 алтары. Галоўны алтар — «старасвецкі» — паходзіў, напэўна, са старога касцёла. У першым ярусе, як і раней, знаходзіўся абраз Унебаўзяцця Дзвы Марыі, над ім — выява заступніцы парафіі, Беззаганнай Божай Маці. У адным з бакавых алтароў размяшчаліся абразы Чанстахоўскай Божай Маці і св. Барбары, у другім — абразы Укрыжаванага Езуса і Найсвяцейшай Панны Марыі. Чацвёрты алтар з адным ярусам размясцілі пры амбоне. Тут знаходзілася выява св. Антонія Падуанскага. Амбона была драўляная з разьбянымі фігурамі чатырох евангелістаў.

Дазвол на будаўніцтва новай мураванай святыні парафіяне атрымалі ў 1856. Праект будаўніцтва быў выкананы Гродзенскай губернскай будаўнічай камісіяй. Летам 1864 будаўнічыя працы былі спынены па загаду генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва. Толькі ў сакавіку 1870 парафіяне атрымалі з Міністэрства ўнутраных спраў дазвол на заканчэнне будаўніцтва святыні пры ўмове, што пасля заканчэння работ адразу ж будзе разбураны стары касцёл.

Да восені 1871 года скончаны найважнейшыя будаўнічыя работы. 18 лістапада (30 лістапада паводле новага стылю) кс. Антоні Эйсмант асвяціў касцёл. Але святыня яшчэ не была цалкам закончана. У 1872 касцёл быў атынкаваны. Праз год было закончана будаўніцтва мураванай званіцы і касцёльнай вежы. Тады ж касцёльная тэрыторыя абгароджана каменным мурам.

Арган выканаў Фларыян Астрамецкі ў 1880-я гады. Летам 1944 года падчас ваенных дзеянняў у арган трапіў артылерыйскі снарад. Толькі ў 1997 зроблены рамонт, адрамантаваны арган быў асвечаны біскупам Аляксандрам Кашкевічам.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл збудаваны ў неагатычным стылі. Храм залавага аб’ёму з трыма нефамі адзначаецца прастатой і сіметрыяй. Сярэдні неф аддзелены ад бакавых калонамі, па 5 з кожнага боку. Калоны злучаны паміж сабой паўкруглымі аркамі, аздобленымі гзымсамі. З левага боку на сярэдняй калоне змясцілі амбону.

З захаду прэзбітэрый закрыты з трох бакоў і мае шырыню сярэдняга нефа. З правага боку да яго прылягае сакрыстыя, з левага — т. зв. скарбніца. З усходу на восі касцёла знаходзіцца чатырохбаковая трох’ярусная вежа.

Фасад атынкаваны і пабелены. Калісці ў нішах фасада знаходзіліся драўляныя фігуры св. Станіслава — галоўнага заступніка Польшчы і св. Казіміра — заступніка Літвы, якія паходзілі з XVIII ст. Ужо ў савецкі час абедзве гэтыя фігуры забралі ў Гродзенскі музей атэізму і рэлігіі (цяпер — Гродзенскі музея гісторыі рэлігіі). У 1996 годзе ў пустыя нішы былі ўстаўлены новыя фігуры, выкананыя мясцовым скульптарам Станіславам Быком, св. Казіміра і св. Максімільяна Кольбэ — заступнікаў Гродзенскай дыяцэзіі.

Каля касцёла, прылягаючы да ўсходняй сцяны магільных муроў, размешчана мураваная званіца. У паўночна-заходняй частцы прыкасцёльных могілак знаходзіцца магіла невядомага салдата з часоў польска-бальшавіцкай вайны 1920 года.

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

Галоўны мураваны трох’ярусны алтар аздоблены чатырма калонамі і дзвюма фігурамі анёлаў па абодвух баках. У ім знаходзяцца абразы Беззаганнай Божай Маці і Перамянення Пана. У верхнім ярусе — крыж, а над ім Вока — сімвал Божага Провіду. У алтары левага двух’яруснага нефа — абразы св. Антонія і св. Юзафа. Тут знаходзіцца таксама высечаная з дрэва фігура св. Антонія. У алтары правага нефа — абразы Перамянення Пана і Шкаплернай Божай Маці. Тут размешчана таксама фігура заступніцы касцёла Божай Маці Беззаганна Зачатай. Па абодвух баках святыні ля сярэдніх калонаў — фігуры св. Тэрэзы і Сэрца Езуса.

Над уваходам у касцёл знаходзяцца хоры, а ў іх — арган на 10 галасоў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]