Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Святых Іосіфа і Станіслава Косткі і калегіум езуітаў (Навагрудак)
| Славутасць | |
| Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Святых Іосіфа і Станіслава Косткі і калегіум езуітаў | |
|---|---|
| | |
| 53°35′58″ пн. ш. 25°49′39″ у. д.HGЯO | |
| Краіна | Рэч Паспалітая |
| Горад | Навагрудак |
| Месцазнаходжанне | |
| Канфесія | каталіцтва |
| Архітэктурны стыль | Барока |
| Дата заснавання | 1702 |
| Матэрыял | цэгла |
Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Святых Іосіфа і Станіслава Косткі і калегіум езуітаў — колішні касцёл у Навагрудку. Помнік архітэктуры барока XVII стагоддзя. Займаў пляц, што цягнуўся ад Рынку на ўсход, між вуліцай Траецкай з поўдня і вуліцай Кавальскай з поўначы. Існаваў да пачатку XX ст.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]Прысутнасць у Новагародку ордэн езуітаў пачаў з арганізацыі місіі. Гэтаму паспрыяў князь Юрый Галаўня, які запісаў езуітам у 1623 г. вёску з сялянамі. У 1624—1626 гг. коштам Яна Машынскага для езуітаў у Новагародку куплены пляц і пабудаваныя драўляныя дом і касцёл, у 1631 кіраўніцтва ордэна падняло статус новагародскай місіі да рангу рэзідэнцыі. У маі 1644 г. пан Ян Казакоўскі ахвяраваў новагародскім езуітам набыты ад Альбрыхта Бародзіча пляц у цэнтры горада для пабудовы мураванага касцёла і дома рэзідэнцыі. Пачаліся будаўнічыя працы, якія працягваліся з 1645 да 1651 г. Першыя касцёл і дом рэзідэнцыі прастаялі да 1652 г. і згарэлі ў вялікім гарадскім пажары. Адразу пачалося будаўніцтва новых, але працы затрымала вайна з Масквой і Шведамі вайна 1654—1667 гг.. Уніяцкія мітрапаліт Гаўрыіл Календа перадаў езуітам драўляную царкву з Руты — яе перанеслі ў Новагародак і 8 снежня 1662 года і асвяцілі як езуіцкі касцёл. Віленскі канонік і прэлат віленскай капітулы кс. Крыштаф Пшэцлаўскі ахвяраваў новагародскім езуітам 5000 злотых штогадовага даходу са свайго маёнтка Забердаў і паставіў умову: «калегіум двух трубачоў мець павінен perpetuo do grania (вечна каб граць) раніцай і вечарам кожны дзень на гонар Найсвяцейшай Дзевы ў вялікім алтары Цудатворнай»[1].
Крыштаф Пшэслаўскі таксама 4 ліпеня 1662 г. падарыў ксяндзу Адаму Вардацкаму, старэйшаму новагародскай рэзідэнцыі езуітаў цудатворны абраз Багародзіцы з Дзіцяткам. 5 лістапада 1662 у Жыровічах была створана камісія, якая пратаколам засведчыла цуды і дабрадзействы гэтага абраза — усяго прынята пад прысягай 47 сведчанняў. Пасля пасяджэння Камісіі абраз «аддадзены і публічна ўнесены да касцёла вялебных айцоў езуітаў да Навагрудка з набожным прытомнага люду згуртаваннем, года таго ж 1662, дня 17 снежня і пастаўлены на вялікім алтары…»[2].
Праз 10 год знаходжання абраза ў касцёле, 10 красавіка 1673 была склікана яшчэ адна камісія, якая пацвердзіла 48 новых цудаў. У ліпені таго ж 1673 г., пратаколы абедзвюх камісій надрукавалі ў Вільні асобнай кніжкай: «Новая абарона, дадзеная змучанай Айчыне з неба ад Бога, у нова-цудоўнай іконе Багародзіцы дзевы Марыі, спазнаная рознымі асобамі пры розных патрэбах у Наваградскім касцеле Таварыства Ісуса ў Навагрудку і ў ваколіцах усяго Навагрудскага ваяводства. Пададзеная да друку за дазваленнем і выразнай згодай духоўнага ўрада». Акрамя пратаколаў у ёй змешчана «Гісторыя» атрымання іконы і панегірычная прадмова да віленскага дэкана ксяндза Пшэслаўскага, ад якога наваградскія езуіты атрымалі абраз у падарунак[3].
Пасля вайны 1654—1667 гг., фундатарамі адбудовы касцёла і калегіума сталі новагародскі земскі пісар Багуслаў Уняхоўскі, будучы ваявода новагародскі і троцкі, і яго жонка, Барбара з Дунінаў. Асвяціў закладку краевугольнага каменя новага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Св. Барбары віленскі біскуп Канстанцін Бжастоўскі 26 ліпеня 1687 года. У 1691 годзе скончылі мураваць прэзбітэрый і дзве сакрысціі, у 1695 г. скончылі фасад з двума вежамі. У 1697—1699 скончаны мураванне, вышыня касцёла складала 7,2 м. Гэта быў будынак у стылі позняга барока з двума 20-метровымі вежамі. У 1701 г. дах пакрылі дахоўкай і агарадзілі тэрыторыю. У 1704 г. віхура сарвала купалы з вежаў, яны, падаючы, пашкодзілі дах, але ўжо на наступны год зрабілі рамонт даху і паставілі новыя купалы. У 1700 годзе памёр фундатар касцёлу Багуслаў Уняхоўскі. Яго ўдава Барбара выйшла другі раз за Міхала Патоцкага, новае сужэнства працягвала падтрымліваць пабудову і ўпрыгожванне касцёла.
У 1707 годзе быў усталяваны вызалачаны амбон. У 1709 г. усталявалі вызалачаныя алтары Хрыста Уваскрэслага, Арханёла Міхаіла, Св. Барбары, Св. Казіміра і Св. Іосіфа. 23 жніўня 1716 г. віленскі біскуп Канстанцін Бжастоўскі асвяціў касцёл.
У 1751 годзе ў час вялікага гарадскога пажару Навагрудка кляштар і калегіум былі крытычна пашкоджаныя, прынамсі ў 1753 г. сцены касцёла ледзьве стаялі, пагражаючы абрынуцца[4]. Пачаўся капітальны рамонт з іншай арганізацыяй прасторы храма. Новыя фундатары, браты Марцыян і Ян Храбтовічы, — першы з іх даў сродкі на стварэнне алтара Св. Крыжа, другі фундаваў алтар Св. Яна. З Кёнігсбергу быў прывезены арган коштам 400 тымфаў, алтары (адзін галоўны і два бакавыя) апрача абразоў былі ў 1755 годзе ўпрыгожаны алебастравымі статуямі святых. У 1757 г. выраблены новы амбон. У 1768 г. касцёл атынкаваны звонку, а праз год у адной з вежаў усталявалі гадзіннік, у другой былі 4 званы.
Скасаванне ордэна езуітаў папам Кліментам XIV у 1773 г. пазбавіла касцёл дбайных гаспадароў і ён прыйшоў у заняпад.
Пад уладай Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе, калі Наваградак апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, касцёл стаяў яшчэ ў 1802 годзе, калі з яго вежы знялі званы і даслалі да Вільні ў касцёл Святога Казіміра. Потым касцёл прызначылі да разборкі, а яго цэглу ўжылі на пабудову крамаў і корчмаў на Рынку[5]. Школа ў будынку былога калегіума дажыла да 1797 г., калі была скасавана ўладамі па прадпісанню літоўскага генерал-губернатара князя Рэпніна. 29 ліпеня 1802 г. магістрат Навагрудка звяртаўся да літоўскага ваеннага губернатара графа Бенінгсена з просьбай дазволіць пабудаваць з матэрыялаў занядбанага касцёла мураваныя лаўкі і дом для праезджых. Міністр унутраных спраў імперыі дакладаў у гэтай справе цару Аляксандру І, той загадаў аддаць занядбаныя будынкі на карысць гораду, а ў 1806 г. на гэтыя мэты былі адпушчаны 6000 рублёў срэбрам.
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]Будынак былога калегіуму існаваў яшчэ ў міжваенны час, калі ў ім размяшчалася гімназія.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]- Гістарычныя здымкі і графіка
-
1817 г.
-
1830 г.
-
1925—1929 гг.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 27. Воп. 6. №. 23. С. 13.
- ↑ Нікалаеў М. В. Кніга цудаў Наваградскай іконы Багародзіцы як помнік гісторыі XVII стагоддзя: Даследванне і тэкст. Санкт-Пецярбург, 2015. С. 93
- ↑ Нікалаеў М. В. Кніга цудаў Наваградскай іконы Багародзіцы як помнік гісторыі XVII стагоддзя: Даследванне і тэкст. Санкт-Пецярбург, 2015. — 124 с.
- ↑ Mączewska K. /Kościoł P.W. Niepokalanego Poczęcia Najsw. Marii Panny i św. Stanisława Kostki oraz kolegium jezuitów/ Kościoły Nowogródka. Redakcja naukowa Maria Kałamajska-Saeed. Kraków, 2017. S.175-180.
- ↑ Paszenda J. Kościół i kolegium Jezuitów w Nowogródku // Przeglad Wshodni. — T. VII, z. 4(28). — 2001.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Блинова Т. Б., Иезуиты в Беларуси (Их роль в организации образования и просвещения) / Т. Б. Блинова. — Гродно: ГрГУ, 2002. — 425 с. ISBN 985—417В. (руск.)
- Mączewska K. /Kościoł P.W. Niepokalanego Poczęcia Najsw. Marii Panny i św. Stanisława Kostki oraz kolegium jezuitów/ Kościoły Nowogródka. Redakcja naukowa Maria Kałamajska-Saeed. Kraków, 2017. S.175-180.
- Нікалаеў М. В. Кніга цудаў Наваградскай іконы Багародзіцы як помнік гісторыі XVII стагоддзя: Даследванне і тэкст. Санкт-Пецярбург, 2015. — 124 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх- аб’ект на сайце Radzima.org
