Касцёл Маці Божай Добрай Рады (Нястанішкі)
Каталіцкі храм | |
Касцёл Маці Божай Добрай Рады | |
---|---|
54°46′11″ пн. ш. 26°19′17″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Нястанішкі |
Канфесія | Каталіцызм |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Дэканат | Смаргонскі дэканат |
Будаўніцтва | 1905 — 1911 |
Касцёл Маці Божай Добрай Рады — мураваны каталіцкі храм у вёсцы Нястанішкі Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. З 1970-х гадоў мае статус помніка архітэктуры.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першы касцёл быў заснаваны па фундацыі Багдана Андрэевіча з Паніжанаў у 1497 годзе і першапачаткова быў асвечаны пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Св. Міхала і Св. Барталамея Апостала. Першым плябанам тагачасны віленскі біскуп Войцех Табар зацвердзіў кс. Паўла з Пазнаньскай дыяцэзіі.
У XVI стагоддзі падчас пашырэння кальвінскага веравызнання фундушовая маёмасць касцёла была адабрана рэфарматарамі, занядбаная святыня стаяла ў зруйнаваным стане. Толькі ў 1609 годзе свірскі плябан кс. Войцех Кульчынскі аднавіў тут каталіцкае жыццё, а адбудаваны ў 1616 годзе касцёл залічыў як філіяльны да свірскай парафіі.
Быў пашкоджаны падчас вайны 1654—1667 гадоў і адбудаваны ў 1668 годзе. У 1746 годзе тагачасны пробашч кс. Павел Ядлінскі пабудаваў новы драўляны касцёл, і з таго часу Нястанішкі зноў сталі самастойнай парафіяй. У 1760 годзе Максіміліян і Анастасія Розенфельды зафундавалі пры бакавым алтары Божай Апекі аднайменную альтарыю. У 1797 годзе кс. Пётр Антоній Курчэўскі, канонік інфлянцкі, значна рэканструяваў касцёл. Будынак быў павялічаны, інтэр’ер упрыгожвалі 5 алтароў. У гэты час касцёл захаваў толькі тытул Найсвяцейшай Тройцы. Гэта была дзвюхвежавая святыня з рысамі барока і неарамантызму. Вертыкальна ашаляваны галоўны фасад увенчвалі 2 чацверыковыя вежы-званіцы пад фігурнымі трох’яруснымі купаламі. Верагодна, касцёл аднаўлялі ў XIX стагоддзі, калі касцёльны ўчастак быў абнесены бутавай агароджай з трохпралётнай уваходнай брамай з чырвонай цэглы. Пры касцёле дзейнічала Брацтва 5 ран Збаўцы, заснаванае ў 1740 годзе Янам Хялхоўскім, а таксама шпіталь і парафіяльная школка.
10 ліпеня 1905 года тагачасны (у 1904—1911 гадах) пробашч кс. Казімір Цежык асвяціў фундамент новага мураванага касцёла, які быў закладзены ў 100 сажанях ад старога драўлянага касцёла, пры парафіяльных могілках. У 1911 годзе будаўніцтва, якое вялося на сродкі парафіян, было скончана, і 10 ліпеня 1912 года кс. Казімір Валюнас, свірскі дзекан, асвяціў касцёл пад новым тытулам — Найсвяцейшай Панны Марыі Добрай Рады. Кансэкраваў новы касцёл у 1928 годзе віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Касцёл збудаваны ў неагатычным стылю з вонкавай чырвонай цэглы, дзвюхвежавая з трансэптам і пяціграннай апсідай, якую фланкуюць 2 сакрыстыі. Быў накрыты адзіным двухсхільным бляшаным дахам (у 2003 г. заменены на метала-чарапіцу) з вальмамі над апсідай і двухсхільнымі дахамі над крыламі трансепта. Галоўны фасад фланкуюць высокія і магутныя чатырох’ярусныя чацверыковыя вежы-званіцы, завершаныя спічакамі з падрэзанымі вугламі. Інтэр’ер, падзелены васьмю калонамі на 3 навы і перакрыты стрэльчатымі і крыжовымі скляпеннямі, упрыгожваюць 3 драўляныя алтары: галоўны алтар Найсвяцейшай Панны Марыі Добрай Рады (выдатны прыклад стылю неаготыкі — двух’ярусны, у цэнтры патранальны абраз, акружаны фігурамі свв. апосталаў Пятра і Паўла, наверсе — фігура Езуса Міласэрнага, завяршаюць кампазіцыю шматлікія пінаклі і фіялы рознай велічыні), левы бакавы св. Юрыя і правы св. Ізідара — апекуна земляробаў.
Алтар упрыгожаны атрыбутамі сялянскай працы: малацілкамі, косамі, граблямі і г.д, снапамі пшаніцы і нават разьбянымі галовамі кароў. Алтар св. Ізідара фундавны Мацільдай Бучыньскай, абраз намаляваны віленскім мастаком Карчэўскім. У алтары змешчаны і рэліквіі святога, прывезеныя з Мадрыда 10 ліпеня 1905 г. Бакавыя дзвюхкалонныя двух’ярусныя алтары выкананы ў стылі г.зв. «станіславаўскага класіцызму», але яны не аднолькавыя і, магчыма, перанесеныя з былога касцёла. Над уваходам зроблены хоры з арганам. У траўні 2004 г. з Рыма ў касцёл дастаўлены абраз і рэліквіі бл. Аўгуста Чартарыйскага.
Касцёльная тэрыторыя абнесена высокім бутавым мурам, галоўны ўваход пазначаны брамай у выглядзе чатырох грувасткіх цагляных слупоў[1].