Касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі (Парэчча)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі
53°52′59″ пн. ш. 24°08′30″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія Каталіцкая Царква
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Дэканат Дэканат Гродна-Усход 
Архітэктурны стыль неаготыка
Будаўніцтва 19041906 гады
Map

Касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі — рымска-каталіцкі храм, знаходзіцца ў цэнтры в. Парэчча (Гродзенскі раён), помнік архітэктуры. Дзейнічае.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Драўляны касцёл у неагатычным стылі быў тут узведзены ў 1904-06 гадах. Спачатку святыня была далучана ў якасці філіі да парафіі гродзенскага касцёла св. Францішка Ксаверыя. У 1919 годзе Парэчча атрымала статус самастойнай парафіі, а касцёл быў пашыраны і ўпрыгожаны (былі дабудаваны капліцы, якія ўтварылі трансепт, і галоўны фасад), што дадало неагатычнаму вобліку святыні рысы стылю мадэрн. Колькасць парафіян перад Другой сусветнай вайной перавышала 3800.

У савецкія часы святыня дзейнічала. У 1970-я гады яна атрымала статус помніка эклектычнай архітэктуры з рысамі неаготыкі.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл крыжападобны ў плане з пяціграннай апсідай. Крылы трансепта таксама маюць пяцігранныя планы. У левым крыле змешчана сакрыстыя, у правым — капліца св. Антонія. Асноўны аб’ём святыні перакрыты двухсхільным дахам, апсіда і крылы трансепта — вальмавымі. Усе зрубы накрыты рознавялікімі вальмавымі дахамі. Кампазіцыю завяршаюць 4 шатровыя сігнатуркі па канцах крыжастага аб’ёму і трошкі большая над сяродкрыжжам.

Залавы інтэр’ер, перакрыты каробчатай падшыўной дашчанай столлю (новая столь зроблена ў 2005—06 гадах падчас апошняга рамонту), упрыгожваюць тры неабарочныя алтары. У галоўным змешчаны вялікі тытульны абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў пасрэбраных шатах, які засланяецца абразом св. Тэрэзы. Алтар аточаны фігурамі свв. Антонія (злева) і Францішка. Бакавыя алтары прысценныя, у левым усталявана фігура Панны Марыі Беззаганай на фоне з намаляваных лілій, у правым — фігура Пана Езуса на фоне палесцінскага краявіду. Больш позні па часе стварэння алтар св. Антонія змешчаны ў аднайменнай капліцы. Ён, верагодна, выкананы ў міжваенны час.

Злева перад касцёлам асобна пабудавана двухузроўневая чацверыковая шатровая званіца. Справа перад уваходам у касцёл стаіць невялікі бетонны помнік з каваным крыжам. Як сведчыць надпіс па-польску, помнік у 1931 г. усталявалі фундатары касцёла і парафіяне «па памерлых». У 1920-я гады на старажытных парафіяльных могілках па-за касцёлам быў усталяваны крыж з датай «1863» у гонар паўстанцаў. Касцёльная тэрыторыя абнесена металічнай агароджай. У правым вуглу стаіць невялікі драўляны будынак — тут, пасля таго, як савецкія ўлады адабралі плябанію, жыў пробашч. Цяпер гэта проста гаспадарчы будынак.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць /АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ, 1986. — 371 с., іл.
  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]