Касцёл Маці Божай Ружанцовай і кляштар дамініканцаў (Гродна)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Гродзенскі дамініканскі касцёл — помнік архітэктуры барока. Існаваў у Гродне ў 16 — канцы 19 стагодзяў. Размяшчаўся на месцы скверыка па вуліцы Савецкая паміж сучаснымі дамамі № 6 і 8, якія захаваліся да нашых дзён.

Дамініканскі касцел на фота 1870-х гадоў. На пярэднім плане — захаваны будынак кляштара (цяпер вул. Савецкая, 6)

Традыцыйна лічыцца, што касцёл дамініканцаў у Гродне заснаваны на падставе прывілея Жыгімонта III у 1632, а ў 1633 касцёл ужо пабудаваны на фундацыю Фрэдэрыка і Хрысціны Сапегаў. Тым не менш, пра дзейнасць гродзенскіх дамініканцаў у 17 ст. нічога не вядома. У 1737 прыёрам гродзенскіх дамініканцаў стаў Т.Ганусевіч, які пачаў «мураваць новы кляштар», што дае падставу меркаваць, што дагэтуль існаваў драўляны кляштар пры мураваным касцёле. Касцёл быў асвячоны ў імя Прасвятой Дзевы Марыі Ружанцовай.

Аблічча касцёла дапамагае ўявіць «Інвентар Гродзенскага касцёла і кляштара дамініканцаў 1830 года» (захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы ў Вільне), у якім адзначана, што касцёл пабудаваны ў 1708, што хутчэй за ўсё з'яўляецца датай адной з рэканструкцый касцёла. У інвентары пазначана, што «касцёл у плане прамавугольны з закругленнем каля Вялікага алтара, з дзвюма вежамі і фацыятай паміж імі, з бабінцам… і дзвюма падоўжанымі капліцамі. Касцёл накрыты дахоўкай. Капліцы, якія дасягаюць вышыні паловы касцёла, накрытыя: адна — дахоўкай, другая — гонтам».

Захаваўся таксама фотаздымак 2-й паловы 19 ст., на якім відаць галоўны фасад касцёла. Таксама касцёл адлюстраваны на малюнку Н. Орды (на якім часта памылкова зазначаецца брыгіцкі касцёл).

Улічваючы інвентар і фотаздымак, а таксама захаваныя планы касцёла, можна ўявіць гэты помнік архітэктуры як бяскупальнае трохвугольнае з апсідай збудаванне, у якім вышыня апсіды аднолькавая з вышынёй цэнтральнага нефа. Апсіда аддзяляецца ад нефа толькі падпружнай аркай, маючы агульны з асноўным аб'ёмам даха. Трох'ярусная з дзвюма вежамі кампазіцыя галоўнага фасада была ўпрыгожана жалезнымі крыжамі на вежах і атыкам.

Хоры для манахаў размяшчаліся за галоўным алтаром і былі драўляныя, а над бабінцам знаходзіліся вымураваныя з цэглы музычныя хоры, аздобленыя драўлянай разьбой. Пад касцёлам меліся падвалы, куды вялі драўляныя лесвіцы. Тут знаходзілася крыпта (капліца для ганаровых пахаванняў), але ў гэтай якасці падвал не выкарыстоўваўся ўжо ў 19 ст. Да будынка кляпгтара былі далучаны сакрысція з печчу і скарбніца. Абодва памяшканні мелі скляпенні. Дзверы касцёла, зробленыя з магутных дошак, аздабляла жалезная акоўка. Будынак быў атынкаваны звонку і ўнутры. Як адзначалася ў інвентары, у 1830 будынак быў моцны і надзейны.

Інтэр'ер касцёла ўпрыгожвалі 11 алтароў з абразамі, выкананымі жывапісам. Туг жа знаходзіліся старадаўнія (магчыма, з 17 ст.) партрэты фундатараў касцёла — Сапегаў. У касцёле ў час літургіі выкарыстоўваліся шмат каштоўных рэчаў: больш за 100 сярэбраных манстранцыяў, пушак і келіхаў, звыш 200 падсвечнікаў, каядэлябраў і лямпаў, зробленых са шкла, металу і керамікі. Цікавым элементам інтэр'ера скарбніцы і сакрысціі былі 9 маляваных шафаў, якія да нашых дзён не захаваліся.

На заднім плане — дамініканскі касцёл.

Дамініканскі касцёл быў адным з самых прыгожых у Гродне, пра што ў час наведвання горада напісаў Ю. У. Нямцэвіч. Уяўленне пра будынак кляштара, вымураванага ў 1737, дае чарцёж фасада шляхецкага пансіёна, які захаваўся ў Вільні. На гэтам чарцяжы ёсць праект перабудовы будынка дамініканскай школы пад пансіён, выкананы ў 1836. Праект пададзены на фасадзе старога будынка, які існаваў да ажыццяўлення новага праекта. Гледзячы на фасад старой дамініканскай школы, можна адзначыць, што яна складалася з дзвюх частак. Правая, якая далучалася да касцёла, адрозніваецца ад левай часткі не толькі выразнасцю кампазіцыі фасада, але і вышынёй даху. Верагодна, гэта правая частка і ёсць пабудаваны ў 1737 «мураваны новы кляштар». Прыбудова левай часткі будынка была зроблена ў 1760-я гады, калі прыёрам гродзенскіх дамініканцаў быў айцец Людвіг Рыбінскі, які ахвяраваў на новы кляштар 5000 злотых і завяршыў будаўніцтва. Ахвяраваныя ім грошы вызначылі памер і лаканічнасць прыбудовы, у выніку чаго была пашырана плошча памяшканняў пад класы і ўзведзены бровар.

Старадаўні фасад вырашаны вельмі лаканічна. Рытмічная вертыкаль галоўнага фасада адзначана вокнамі і лапаткамі паміж імі. Левая яго частка не мае вызначанай кампазіцыі, што звязана з вытворчай функцыяй памяшканняў гэтай часткі будьшка. Этапы будаўніцтва кляштарнага комплексу прасачваюцца на планах горада. На плане Гродна 1753 дамініканскі комплекс адзначаны двума мураванымі будынкамі — касцёлам і далучаным да яго кляштарам, які выцягнуўся ўздоўж вуліцы Віленскай. Далей па Віленскай ішлі мяшчанскія дамы на дамініканскім пляцы з тарцовай арыентацыяй фасадаў. На плане Гродна 1795 фасад ужо падоўжваецца за кошт прыбудовы на месцы старых жылых дамоў.

Важкім элементам у планіроўцы комплексу дамініканскага кляштара з'яўляецца будынак, які выцягнуўся ўздоўж вуліцы Дамініканскай. Ён быў вымураваны ў 1780-я гады. На плане Гродна 1753 гэты будынак адзначаны як драўляны. Ён меў падоўжаную форму з невялікай прыбудовай. А на плане 1795 будынак ужо мае іншую канфігурацыю і без прыбудовы.

Змену ў характары і планіроўцы будынкаў прасвятляе ліст П.Пірамовіча, сакратара Ізабелы Браніцкай у Беластоку, да сакратара ў Варшаве, датаваным 5 мая 1782. У лісце гаворыцца: «Днямі горад Гродна вельмі гарэў уначы ад агню, які ўзнік у жыдоўскім доме. Цэлая вуліца Замкавая з палацамі пагарэла, усяго дамоў, якія загінулі ў вогнішчы, — 300. Касцёл фарны мураваны з усім, што ў ім было, пагарэў, дамініканскі апаліўся, але захаваўся, толькі ўнутраныя будынкі яго ўсе пагарэлі». Такім чынам, у 1782 у выніку пажару драўляны будынак, пазначаны на Плане горада 1753 згарэў.

Улічваючы гэты факт і тое, што ў 18 ст. вырасла патрэба ў адукаваных людзях, а дамініканцы сталі вядучым ордэнам у галіне адукацыі пасля касацыі ў 1773 ордэна езуітаў, пачалося будаўніцтва новага мураванага будынка на месцы драўлянага. Мураваўся будынак пры прыёру Людвіку Грынццэвічу, які быў вядомым архітэктарам. Такім чынам, разам з узвядзеннем у 1780-я гады мураванага будынка на вуліцы Дамініканскай было завершана будаўніцтва дамініканскага кляштара ў Гродне.

У пачатку 19 ст. пры дамініканскім кляштары дзейнічалі студыум вышэйшы, гімназія, павятовая і парафіяльная школы. У гэтых установах займалася 336 вучняў, працавала 18 настаўнікаў. Шырокую вядомасць у краі мела бібліятэка гродзенскіх дамініканцаў, а таксама фізічная лабараторыя. 3 1803 на працягу некалькіх гадоў у гродзенскай дамініканскай школе выкладаў фізіку і матэматыку славуты філосаф і тэолаг дамініканец Ф. І. Цяцерскі, які надрукаваў і выдаў у Гродне ў 1806 сваю дысертацыю па эксперыменталънай фізіцы.

У 1840 адбылася касацыя гродзенскага дамініканскага кляштара. У былых дамініканскіх мурах была адчынена мужчынская гімназія, а касцёл былога кляштара, пазбаўлены парафіі, дзейнічаў як студэнцкі гімназіяльны касцёл. Студэнты гродзенскай гімназіі прынялі актыўны ўдзел у паўстанні 1863—1864 гг., таму расійскія ўлады, адзначыўшы ўплыў каталіцкага духавенства на ўдзельнікаў паўстання, забаранілі дзейнасць касцела пры гімназіі і размясцілі ў ім царкву Ямбургскага ўланскага палка. Але ў такой якасці ён праіснаваў нядоўга. У 1875 г. «во избежание соблазна в местном населении» старадаўні касцёл дамініканскага кляштара, упрыгожванне горада, быў знішчаны «за исключением одного крыла, примыкающего к гимназиальному зданию», у якім планавалася размясціць бібліятэку і падрыхтоўчы клас.

Будынак былога дамініканскага манастыра ў далейшым выкарыстоўваўся як губернская мужчынская гімназія, зараз з'яўляецца жылым домам. Былая дамініканская школа выкарыстоўвалася пераважна пад гарадскія ўстановы, зараз у ёй знаходзіцца Аддзяленне павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў устаноў культуры і мастацтва.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка горада Гродна (Беларус. Энцыкл.; Рэд. кал. Г. П. Пашкоў, Я. М. Жабрун, І. П. Крэнь і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 712 с.: іл., ISBN 985-11-0147-8

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]