Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Яна Непамука (Вялікія Эйсманты)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Каталіцкі храм
Касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі i Святога Яна Непамука
Kościół w Wielkich Eysymontach front.jpg
53°22′02″ пн. ш. 24°04′28″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Аграгарадок Вялікія Эйсманты
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Архітэктурны стыль класіцызм
Дата пабудовы 1850 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000684шыфр 413Г000684

Касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі i Святога Яна Непамука (Гродзенская вобласць)
Касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі i Святога Яна Непамука
Касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі i Святога Яна Непамука

Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Яна Непамука — рымска-каталіцкі храм у в. Вялікія Эйсманты Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці, помнік архітэктуры класіцызму.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першы касцёл (драўляны) Найсвяцейшага Імя Марыі ў Вялікіх Эйсмантах быў фундаваны ў 1659 годзе Ганнай Эйсмант і яе сынам Якубам. У святыні было 9 алтароў. Галоўны — трох’ярусны: у першым ярусе знаходзіўся абраз Маці Божай Эйсмантаўскай у сярэбранай шаце (ужо ў сярэдзіне XVII стагоддзя абраз лічыўся цудадзейным, а касцёл меў статус Марыйнага санктуарыя), у другім ярусе — абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, у трэцім — абраз Імя Марыі. У левай частцы касцёла былі алтары: Пана Ісуса, Св. Антонія, Св. Ануфрыя і двух’ярусны — Звеставання Дзевы Марыі з абразом Св. Адальберта ўверсе. У правай частцы стаялі алтары: Св. Яна Непамука, Св. Міхала Арханёла, Св. Тадэвуша Апостала і двух’ярусны — Св. Марыі Магдалены з абразом Маці Божай Заступніцы ўверсе. Касцёльная тэрыторыя была абнесена мураванай агароджай з брамамі сталярскай работы. Уваходную ад рынку браму вянчала статуя Св. Яна Непамука, а браму з гасцінца — фігура Маці Божай з Дзіцяткам Ісус. Паміж брамамі стаяла званіца на шасці слупах[1].

З 1660 года як найважнейшая святыня парафіі быў вядомы мініяцюрны абразок на камені з выявай Маці Божай Снежнай — гэта быў цудадзейны абраз на яшме, велічынёю з арэх. Абраз на палатне таксама лічыцца цудадзейным, на ім — сярэбраныя карона і сэрца, падараваныя Мікалаем Карасём.

Старажытная драўляная святыня згарэла ў 1722 годзе, а на яе месцы ў 1728 была пабудавана новая, таксама драўляная. Трэці касцёл у Эйсмантах быў узведзены ў 1748 годзе. У 1825 годзе стан касцёла быў плачэўны і святыня пагражала абвалам, таму ізноў прыйшлося будаваць новую, тым разам мураваную.

Мураваны касцёл, які дзейнічае і сёння, ужо чацвёрты па ліку, быў пабудаваны ў 1843—1850 гадах ў стылі класіцызму з рысамі неаготыкі намаганнямі кс. Міхала Сезяноўскага і парафіян. Ён быў чатырохвугольны ў плане, 50 аршынаў даўжынёю і 20 аршынаў шырынёй. Касцёл быў асвечаны 14 красавіка 1851 г., аб чым сведчыць закладны камень на апсіднай сцяне, пад падвойным тытулам: Найсвяцейшага Імя Марыі і Св. Яна Непамука. У 1912 г. святыня была адноўлена[1].

Да парафіі ў XIX ст. належалі філіяльны касцёл у Красніках, капліцы ў Вялікай Бераставіцы, у Масалянах і на мясцовых могілках. У 1930-х гадах капліца на могілках не згадваецца, затое ёсць капліца ў Жукевічах. Перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіян дасягала 3000 чалавек.

Касцёл у Вялікіх Эйсмантах дзейнічаў увесь час бесперапынна. З 1975 па 1990 гады парафія не мела пробашча, але сюды даязджалі святары з суседніх парафій. З 1970-х гадоў касцёл мае статус помніка архітэктуры. У 2010 годзе пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь эйсмантаўская святыня была залічана да помнікаў архітэктуры 3-й катэгорыі.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл уяўляе сабой бязвежавую, прамавугольную ў плане (вышыня 17, даўжыня 48, шырыня 19 м) святыню з такой жа самай апсідай і дзвюма сакрысціямі.

Галоўны фасад вырашаны ў выглядзе чатырохкалоннага порціка, а магутны трохвугольны франтон з выявай Усёбачнага вока завершаны па вуглах невялікімі слупкамі з карункавымі крыжамі. Малітоўная зала накрыта двухсхільным бляшаным дахам (раней была дахоўка), апсіда — паніжаным вальмавым, сакрысціі — двухсхільнымі[2].

Інтэр’ер падзелены 4 парамі круглых калон на тры нефы, цэнтральны з якіх перакрыты цыліндрычным падшыўным дашчатым скляпеннем з арнаментальнай размалёўкай, а бакавыя — плоскай дашчатай столлю. Падлога касцёла выкладзена керамічнай пліткай (раней была цагляная). Арганныя хоры над уваходам абапіраюцца на дзве дарычныя калоны[3]. Пад касцёлам няма крыпты. На сцяне святыні ў 1995 годзе змешчана мемарыяльная пліта Яну Біспінгу (1880—1940), уладальніку масалянскага маярату і папскаму камергеру, і Марыі Біспінг з Замойскіх (1887—1961), у другім шлюбе — Радзівіл.

У касцёле знаходзяцца тры алтары. Галоўны алтар — разьбяны, зроблены на мяжы XIX — XX стст. у неараманскім стылі. У цэнтры — абраз Маці Божай Кангрэгацкай (першая пал. XVIII ст.) у сярэбранай шаце, які быў адзначаны шматлікімі вотамі. Ён засланяецца абразом Святой Сям’і і акружаны фігурамі Св. Пятра і Паўла, уверсе — фігура Сэрца Пана Езуса ў акружэнні анёлаў. Каля сцен прэзбітэрыя ўсталяваны фігуры Маці Божай Каралевы і Св. Казіміра. Бакавыя алтары — неабарочныя, двух’ярусныя, разьбяныя. У левым з іх над абразом Св. Антонія размяшчаецца тытульны абраз Св. Яна Непамука (XVIII ст.), у правым — абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі, над ім — абраз Св. Францішка. Перад касцёлам, злева ад уваходнай брамы, знаходзіцца велічная магіла Аляксандры Светчынавай, уроджанай Біспінг (на помніку — Bispink), фундатаркі касцёла ў Вярэйках, і Юзафы дэ Біспінг Вайчынскай, фундатаркі філіяльнага касцёла ў Масалянах. З правага боку ад уваходнай брамы знаходзіцца каменная грота Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пабудаваная ў наш час, а злева ад яе — помнік папу Яну Паўлу II[1].

Па-за касцёлам, злева і асобна, пабудавана цагляная атынкаваная двух’ярусная званіца — гэта чацверыковая пад чатырохсхільным дахам пабудова ў стылі класіцызму. Таксама па-за касцёлам у 1988 г. быў зроблены своеасаблівы мемарыял як даніна памяці знішчаным у 1940—1988 гады парафіяльным могілкам. Справа ад касцёла, па-за агароджай, захаваўся драўляны і атынкаваны прадаўгаваты будынак былой плябаніі — цяпер тут размяшчаюцца аптэка і жылы дом. Новая цагляная плябанія ўзведзена побач. Касцёльны ўчастак абнесены бутавай агароджай (адноўленай у 1960—1970 гады) з брамай у выглядзе двух слупкоў з неабарочным дэкорам і каванымі кратамі[1].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 Касцёл Імя НПМ і св. Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах
  2. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ, 1986.- 371 с., іл., с.115
  3. Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5., с.423

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]