Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінцаў (Орша)
Кляштар | |
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінцаў | |
---|---|
| |
54°30′39,93″ пн. ш. 30°25′18,25″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Орша |
Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
Архітэктурны стыль | барока |
Заснавальнік | Андрэй і Крысціна Млоцкія |
Дата заснавання | 1636 |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000891 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінцаў — колішні каталіцкі комплекс, які існаваў у 1636—1832 гадах у Оршы. Захаваўся былы кляштарны корпус, размешчаны па адрасе вул. Камсамольская, 2.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У павятовым горадзе Орша бернардзінцы аселі ў 1636 г. па фундацыі караля Уладзіслава IV[1]. Кляштар заснаваны па фундацыі Андрэя, старосты аршанскага, і Крысціны Млоцкіх, якія выдзелілі пад яго пляц і 6 маргоў зямлі. Мураваныя будынкі касцёла і двухпавярховага жылога корпуса пастаўлены ў другой палове XVIII ст. на ахвяраванні жыхароў[2].
Бернардзінскі кляштар займаў шырокі ўчастак на левым беразе Аршыцы і ўпрыгожваў пляц у Надняпроўскім пасадзе, побач з мостам цераз рэчку Аршыцу[1].
Касцёл, пашкоджаны паводкай 1760 года, пазней заняты пад ваенны склад, у 1817—1819 гадах адрамантаваны і вернуты духавенству[2].
Пры касцёле і кляштары захоўваўся стары каменны будынак. Пазней была пабудавана драўляная багадзельня. Да 1830-х гадоў дадаліся новыя гаспадарчыя будынкі: свіран, лядоўня; новая агароджа і брама, створаны сажалкі[1]. Пасля 1831 г. кляштар перададзены ваеннаму ведамству, а жылы корпус з цягам часу прыстасаваны пад шпіталь[1].
Зараз тут знаходзіцца аддзяленне гарадской бальніцы. Касцёл не ўцалеў[1].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Мураваныя касцёл і кляштар размяшчаліся за кляштарнай агароджай, з некаторым водступам ад пляца ў глыбіню ўчастка. Касцёл меў пяць алтароў: Вобразу Божага, Покрыва Найсвяцейшай Божай Маці, Св. Ганны, Св. Францыска, Св. Антонія. Кляштар размяшчаўся з паўночна-ўсходняга боку ад храма і прымыкаў да яго прэзбітэрыя. На карце Г. Ляйбовіча касцёл намаляваны аднанефным двухвежавым храмам з прыбудаванай з боку кляштара да прэзбітэрыя вежкай. Алтарная частка храма была звернута на поўнач, каб галоўны партал арыентаваць франтальна пляцу[1].
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Слюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиций: Наследие архитектуры Беларуси (руск.) / Рос. акад. архитектуры и строит. наук. — М.: Прогресс-Традиция, 2002. — 600 с.: ил. — ISBN 5-89826-093-5.
- Аршанскі кляштар бернардзінцаў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінцаў (Орша)
- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінцаў (Орша) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Кляштар бернардзінцаў на сайце Radzima.org
- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (бернардзінцаў) на сайце Radzima.org