Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Чэрыкаў)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Каталіцкі храм
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Чэрыкаў. Клуб у касцёле.jpg
53°34′00″ пн. ш. 31°22′58″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Чэрыкаў
Канфесія Каталіцтва
Епархія Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Магілёўскі дэканат
Архітэктурны стыль неараманскі, позні класіцызм, неаготыка
Першае згадванне 1669 г.
Будаўніцтва 18621869 гады
Стан дзейнічае

Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі — мураваны каталіцкі храм у горадзе Чэрыкаве Магілёўскай вобласці, помнік архітэктуры неараманскага стылю. Узведзены на месцы былога кармеліцкага драўлянага касцёла, за савецкім часам перароблены ў дом культуры. У цяперашні час вернуты каталіцкай царкве, аднаўляецца.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню парафія згадваецца ў 1669 годзе ў сінодзе Казіміра Сапегі, на той час адносілася да Аршанскага дэканата Віленскага біскупства. У 1790—1832 гадах у горадзе існаваў кармеліцкі кляштар. На ахвяраванні ксяндза Маладковіча і парафіян у 1792 годзе быў збудаваны новы драўляны касцёл. З 1840 года над парафіяй узялі апеку дыяцэзіяльныя святары. Па звестках 1849 года, каталіцкі прыход адносіўся да Чавускага дэканата Магілёўскай архідыяцэзіі, дзейнічалі капліцы ў Горах і Гарадцы[1].

У 1862—1869 гадах на ахвяраванні ксяндза Паўла Падгурскага, Агаты Міхайлаўны і Сымона Андрэевіча Цюлюпаў быў узведзены новы мураваны касцёл у Чэрыкаве. Галоўны алтар быў кансэкраваны магілёўскім біскупам-вікарыем Альбінам Сымонам 23 ліпеня 1864 года[1].

Храм стаў цэнтрам парафіі (налічвала ў 1880 годзе 500 вернікаў) і Чэрыка-Чавускага дэканата Магілёўскай архідыяцэзіі. Дэканат размяшчаўся на тэрыторыях Чавускага і Чэрыкаўскага павета і аб’ядноўваў 4943 прыхаджан, 5 капліц і 6 парафій: Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Чэрыкаве, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вародзькаве, Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Крычаве, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Івандары, Святога Казіміра ў Расне і Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Радамлі[2].

У 1881—1882 гадах касцёл рамантаваўся. На пачатку XX стагоддзя парафіян было няшмат, і ў асноўным яны складаліся з мясцовай шляхты[3]

За савецкім часам будынак быў адабраны ў католікаў і ў 1950 годзе перабудаваны ў дом культуры, пазней выкарыстоўваўся як кінатэатр[4]. У 2019 годзе будынак быў вернуты адноўленай каталіцкай грамадзе і 11 жніўня таго ж года ў ім адбылася першая за доўгі час імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Аляксандр Яшэўскі. Душпастырам прызначаны ксёндз Павел Адамовіч[5].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Размешчаны ў цэнтры горада, на вуліцы Ленінскай, 192. Помнік архітэктуры неараманскага стылю, неаготыкі, таксама позняга класіцызму. Вырашаны працяглым прамавугольным у плане аб’ёмам пад двухсхільным дахам, з тыльнага боку далучана пяцігранная апсіда. Бакавыя фасады расчлянёны лапаткамі, крапаваны рустам, апяразаны гарадковым фрызам[6].

Арыгінальны выгляд будынка ўключаў дзве вежы з двума дубовымі крыжамі, абабітымі белай бляхай, пад імі — латунныя шары, памаляваныя алейнай фарбай. На сярэдзіне франтона знаходзіўся чыгунны крыж вагой 12 пудоў. Бабінец быў аддзелены ад асноўнага аб’ёма каменнай сцяною з 4 дзвярыма. Прэзбітэрый аддзяляўся кратамі. Даўжыня пабудовы складала 12, шырыня — 7, вышыня — 10 сажаней[1].

У касцёле мелася тры алтары. Галоўны алтар, камень з мошчамі святых, змяшчаў уверсе трон з выявай Святой Тройцы і Збаўцы ў цярновым вянку. Па баках трона змяшчаліся 8 калонак. Над тронам і галоўным алтаром была ўладкавана драўляная капліца з копіяй абраза Бялыніцкай Божай Маці. Над алтаром — абраз Найсвяцейшай Дзевы Марыі, напісаны на палатне ў драўлянай пазалочанай раме.

Апсіда касцёла.

Другі алтар — драўляны з левага боку, разны, з упрыгожаннямі і пазалотай, меў камень са святымі мошчамі, абраз Святога Іосіфа, над ім абраз Святога Казіміра на палатне. З правага боку знаходзіўся трэці алтар, такі ж, як і правы, з абразом Святога Антонія на палатне[1].

Усяго быў 21 абраз у храме. На вежы віселі 3 званы, вагой адпаведна 8 пудоў 9 фунтаў, 4 пуды 36 фунтаў і 2 пуды.

Пробашчы[правіць | правіць зыходнік]

  • Раймунд Комбар, Афанасій Амбражэвіч, Іпаліт Кантэйка, Дам’ян Баневіч, Філіп Вітарт (у перыяд 1812—1840).
  • Людвіг Багдановіч (1848—1849).
  • Францішак Вечаркоўскі, Марцін Голка (1851—1852).
  • Казімір Пятроўскі (душпастыр, 1870—1880).
  • Антоній Казлоўскі (1900—1907).
  • Станіслаў Ярашэвіч (1922—1923)[1].
  • Павел Адамовіч (душпастыр, з 2019).

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 Касцёл Найсвяцейшага Імя Божай Маці ў Чэрыкаве (бел.) . Магілёўскі і Бабруйскі дэканаты Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (7 мая 2014). Праверана 17 лістапада 2019.
  2. Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880., С.580
  3. Żyskar F. J.. Nasze kościoły: opis ilustrowany wszystkich kościołów i parafji znajdujących się na obszarach dawnej Polski i ziemiach przyległych. T. 1: Archidjecezja mohylowska. Z. 6: Dekanat klimowicko-mścisławski. Dekanat czerykowo-czausowski. С.93—94
  4. Славутасці Чэрыкаўскага раёна (руск.) . Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт (30 сакавіка 2018). Праверана 17 лістапада 2019.
  5. У вернутым католікам касцёле ў Чэрыкаве ў нядзелю адбудзецца першая святая Імша (бел.) . Catholic.by (9 жніўня 2019). Праверана 17 лістапада 2019.
  6. Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008., С.369

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]