Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Радашковічы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каталіцкі храм
Троіцкі касцёл
54°09′18″ пн. ш. 27°14′26″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія Каталіцызм
Епархія Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Дэканат Маладзечанскі дэканат 
Будаўніцтва 18551859 гады
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — каталіцкі храм у гарадскім пасёлку Радашковічы Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці, помнік архітэктуры позняга класіцызму.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Від на касцёл
Унутры касцёла

У сярэдзіне ХІХ ст. згарэў у пажары драўляны барочны касцёл, і ў 1855 г. на сродкі парафіянаў, ахвяраванні памешчыкаў Валадковічаў і руплівасцю пробашча і дэкана кс. Пятра Жылінскага ў Радашковічах быў закладзены каменны касцел у стылі позняга класіцызму. У 1859 г. будаўніцтва завяршылася, і 3 верасня 1860 г. касцёл кансэкравалі пад гістарычным тытулам Найсвяцейшай Тройцы[1].

У сярэдзіне XIX ст. на старажытных радашковіцкіх могілках, на месцы драўлянай, была ўзведзеная каменная капліца пад тытулам Св. Яна Непамука. Акрамя яе, у канцы XIX ст. парафію касцёла Найсвяцейшай Тройцы абслугоўвалі філія ў в. Будзькі (цяпер Вілейскі раён), а таксама капліца ў в. Крамянец (цяпер Лагойскі раён). Да 1864 г. да радашковіцкай парафіі прыпісваўся таксама філіяльны касцёл у в. Батурына (цяпер Вілейскі раён) з капліцамі ў Лукаўцы і Карповічах. Колькасць парафіянаў перавышала 2600 чалавек[1].

Пасля Другой сусветнай вайны касцёл у 1946 г. закрылі і прыстасавалі пад цэх завода «Беларуская кераміка». З цягам часу будынак дайшоў да аварыйнага стану, аднак пры гэтым быў аб’яўлены помнікам архітэктуры. Капліца ж і ўвогуле ператварылася ў руіны[1].

У 1990 г. будынак касцёла вярнулі католікам. Святыня была адрэстаўраваная, у галоўным алтары зноў быў змешчаны абраз Найсвяцейшай Тройцы, левы бочны алтар асвечаны ў гонар Маці Божай Чанстахоўскай, правы — у гонар Боскай Міласэрнасці[1].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл — 3-нефавая 2-вежавая базіліка з паўцыркульнай апсідай і дзвюма сакрысціямі абапал яе. Асноўны прамавугольны ў плане аб’ём накрыты 2-схільным дахам, апсіда — больш нізкім. Галоўны фасад вылучаны ў цэнтры глыбокім рызалітам і завершаны 2-схільным шчытом. Квадратныя 4-ярусныя вежы прарэзаны скразнымі арачнымі праёмамі, круглымі люкарнамі і завершаны шлемападобнымі купаламі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і шырокімі пілястрамі ў прасценках[1].

Перад касцёлам брама з 3 арачнымі праходамі, аздобленая на галоўным фасадзе паўкалонамі і завершаная лучковым франтонам[1].

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

Унутраная прастора члянёна 2 радамі квадратных у сячэнні слупоў на 3 нефы, перакрытыя скляпеннямі (конхавым у цэнтральным і крыжовымі ў бакавых нефах). Сцены крапаваны пілястрамі, буйнымі карнізамі. Скляпенні на падпружных арках. У нартэксе галерэя хораў. Часткова захавалася керамічная арнаментаваная падлога ў апсіднай частцы. Перад касцёлам размешчана трох’арачная брама з лучковым франтонам і паўкалонамі на фасадзе[1].

Цікавыя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

У гэтым касцёле хрысцілі Янку Купалу.

Зноскі

  1. а б в г д е ё Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Ч. 1. Будслаўскі, Вілейскі і Мінскі дэканаты. / Тэкст і фота А. Яроменкі. Уводзіны Ул. Трацэўскага, — Мн.: ВУП «Выд-ва „Про Хрысто“». — 2003. — 256 с. ISBN 985-6628-37-7.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]