Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Трабы)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Каталіцкі храм
Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Трабы. Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі.jpg
54°09′20,32″ пн. ш. 25°54′23,85″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Вёска Трабы
Канфесія Рымска-Каталіцкая Царква
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Архітэктурны стыль Неаготыка
Будаўніцтва 1900[1]—1905[1]
Стан дзейнічае

Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Гродзенская вобласць)
Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі

Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі — каталіцкі храм у вёсцы Трабы, Іўеўскага раёна, Беларусь. Адносіцца да Іўеўскага дэканату Гродзенскай дыяцэзіі. Помнік архітэктуры неаготыкі[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1534 годзе ваявода віленскі Альбрэхт Гаштольд прафінансаваў новы драўляны касцёл у гонар Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, гэтую назву ён носіць і дагэтуль.

Трабы ў 1915 годзе. На заднім плане Касцёл Нараджэння Найсвяцешай Дзевы Марыі

Драўляныя святыні змя­нялі адна адну на працягу стагоддзяў, пакуль з пачаткам ХХ ст. вернікі на чале з тагачасным пробашчам кс. Паўлам Сухоцкім не вырашылі пабудаваць тут ужо каменны касцёл. У 1900 годзе касцёл быў закладзены і ў 1905 пабудаваны ў неагатычным стылі з жоўтай вонкавай цэглы. Новазбудаваны касцёл быў кансэкраваны ў 1928 віленскім арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім пад гістарычным тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

II сусветная вайна была цяжкім перыядам для трабскай парафіі. У 1940 годзе быў закатаваны злачынцамі ксёндз Вацлаў Родзька, які быў пахаваны пры касцёле. Яго паслядоўніка кс. Станіслава Зубкевіча расстралялі гітлераўцы ў 1941 годзе.

Іншы настаяцель кс. Раман Місевіч закатаваны савецкімі партызанамі і памёр 12 верасня 1943 года. Кс. Францішак Цыбульскі расстраляны немцамі як закладнік 10 сакавіка 1943 года ў Лідзе і пахаваны на лідскіх могілках у раёне Слабодка. Кс. Пятра Араньскага забілі савецкія ў 1944, і ён быў пахаваны ў Гальшанах.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Фасад

Касцёл знаходзіцца ў цэнтры вёскі. Двухвежавы прамавугольны ў плане храм з пяціграннай апсідай і невялікім трансептам. Асноўны аб'ём накрыты двухсхільным дахам, трох'ярусныя вежы — высокімі шатрамі. Крылы трансепта прылягаюць адначасова да асноўнага аб'ёму і апсіды, накрыты двухсхільнымі дахамі, якія з трох бакоў закрыты шчытамі. Сцены рытмічна расчлянёны контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі. Унутры касцёл падзелены слупамі на тры нефы. Цэнтральны перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі[2].

Тэрыторыя касцёла абнесена бутавай агароджай, галоўны ўваход пазначаны брамай у выглядзе чатырох цагляных неагатычных слупкоў-пінакляў.

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

Хоры з арганам

У інтэр’еры трабскага касцёла знаходзяцца тры двух’ярусныя разьбяныя (цёмнае дрэва з пазалочанымі элементамі) алтары ў неагатычным стылі. Галоўны алтар уяўляе сабою трыфорыумную карункавую кампазіцыю, у цэнтры якой змешчаны абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езус, упрыгожаны пазалочанай шатай з каронамі, адзначаны вотамі. У бакавых спічастых нішах змешчаны паліхромныя фігуры святых апосталаў Пятра і Паўла. У другім ярусе алтара знаходзіцца абраз св. Казіміра. Бакавыя алтары ўсталяваны ў тарцах наваў. У цэнтры левага бакавога алтара змешчаны абраз Укрыжавання, а ў другім ярусе – П’ета. У цэнтры правага алтара знаходзіцца абраз св. Антонія ў пазалочанай шаце, а наверсе – абраз св. Францішка з Асізі.

Над уваходам на дзвюх апорах размяшчаюцца хоры з арганам. Крыпты пад касцёлам няма.

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Некаторы час ксяндзом у касцёле працаваў Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля), беларускі каталіцкі святар, паэт. У Трабах ён пачаў гаварыць касцельныя казанні па-беларуску.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 344. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
  2. 2,0 2,1 «Збор помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусі. Гродзенская вобласць». Мінск, выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 1986 год. С. 205

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]