Касцёл Святога Антонія Падуанскага і кляштар францысканцаў (Мінск)
Касцёл | |
Касцёл Святога Антонія Падуанскага і кляштар францысканцаў | |
---|---|
| |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
Епархія | Віцебская дыяцэзія |
Заснавальнік | Тэадор Караль Друцкі-Горскі[d] |
Францысканскі кляштар у Мінску — колішні кляштар францысканцаў у Мінску, існаваў у 1680—1832 гадах.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Заснаваны ў кастрычніку 1680 года, пасля ахвяравання пляца на рагу вуліц Лошыцкай і Юр'еўскай менскім падкаморым Тэадорам Каралем Горскім францысканцам для будаўніцтва касцёла і кляштара. Вуліцу Лошыцкую, куды выходзіў фасад кляштарнага касцёла, па касцёле пазней пачалі зваць Францысканскай (цяпер вуліца Леніна). Паводле плана 1796 года францысканскі кляштар размяшчаўся на рагу Францысканскай і Юр'еўскай вуліц, плошча пляца складала 1 морг, 7 прутоў і 73 прэнцікі, пляц быў абнесены драўляным плотам з дзвюма брамамі. Кляштарны касцёл Св. Антонія фасадам выходзіў на Францысканскую. Касцёл быў драўляны, крыжападобны планам, дзвюхвежавы, крыты гонтам. Паміж касцёлам і Юр'еўскай вуліцай размяшчаліся старыя драўляныя кляштарныя будынкі. Паблізу галоўнай брамы быў вялікі драўляны дом, крыты гонтам, за ім — стайня і вінакурня. Кляштар меў вялікі гарод і пладова-дэкаратыўны сад.
У 1798 годзе францысканцаў перавялі ў будынкі колішняга кармеліцкага кляштара ў Мінску (у 1832 годзе і гэты францысканскі кляштар закрылі), а будынкі на Францысканскай вуліцы перадалі Мінскай каталіцкай семінарыі. Ёсць звесткі, што ў 1801 годзе на месцы драўлянага касцёла Св. Антонія быў закладзены каменны, але яго не дабудавалі. У складзе комплексу семінарыі былі як старыя будынкі францысканскага кляштара, так і новыя гаспадарчыя і жылыя будынкі. Тэрыторыя семінарыі была агароджаная мурам з некалькімі брамамі. У 1843 годзе семінарыя пераведзена ў будынкі колішняга дамініканскага кляштара ў Мінску, а ў семінарскіх будынках размясцілі каталіцкую кансісторыю.
У 2-й палове XIX ст. каменныя будынкі комплексу (францысканскі кляштар — семінарыя — кансісторыя) перабудавалі пад Мінскую гарадскую ўправу (рог вуліц Губернатарскай і Юр'еўскай, 7/1).
Комплекс пашкоджаны падчас 2-й сусветнай вайны і ў канцы 1940-х гадоў разбураны падчас рэканструкцыі вуліцы Леніна.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Касцёл
[правіць | правіць зыходнік]Стары драўляны касцёл, арыентаваны галоўным фасадам на Францысканскую вуліцу, уяўляў сабой крыжападобны ў плане дзвюхвежавы храм. На паўночна-заходняй вежы было 3 званы.
Інтэр'ер касцёла ўпрыгожвалі 4 драўляныя алтары. У галоўным алтары, які аздаблялі 12 металічных ліхтароў, знаходзіўся абраз Св. Антонія. Астатнія алтары мелі абразы Свв. Францішка, Яна і Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Падлога ў касцёле была цагляная.
Кляштар
[правіць | правіць зыходнік]Паводле візіты 1796 года паміж драўляным касцёлам і вуліцай Юр'еўскай стаяў стары драўляны кляштарны корпус.
Новы мураваны Г-падобны ў плане двухпавярховы кляштарны будынак меў калідорнае планаванне і быў накрыты двухсхільным дахам, які аддзяляўся ад сцяны магутным прафіляваным карнізам. У паўднёва-заходняй частцы тарэц даху закрываў трохвугольны франтон, які аздаблялі скульптуры двух анёлаў і рэльефная выява сонца з праменямі ў тымпане. Рытм фасадаў стваралі прамавугольныя аконныя праёмы без ліштваў. Будынак кляштара быў накрыты дахоўкай.[1]
На тэрыторыі кляштарнага комплексу знаходзіўся гарод, а таксама фруктова-дэкаратыўны сад.[2]
Зноскі
- ↑ Памяць. Мінск 2001, с. 328.
- ↑ ЭнцВКЛ 2005, с. 295.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Дзянісаў У. М. Кляштар францысканцаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 328. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.
- Дзянісаў У. Менскі кляштар францысканцаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 295. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007— 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8.