Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар францысканцаў (Івянец)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар францысканцаў
53°53′28″ пн. ш. 26°44′15″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Канфесія каталіцтва
Епархія Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Архітэктурны стыль віленскае барока
Будаўнік Ансельм Чаховіч
Заснавальнік Тэадор Антоній Ваньковіч (драўляны касцёл)
Уладзіслаў Тадэвуш Ваньковіч (мураваны касцёл)
Дата заснавання 1702
Будаўніцтва 17021705 гады
Будынкі
касцёл Міхаіла • кляштарны корпус • агароджа з брамай
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Г000086шыфр 613Г000086
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар францысканцаў (Белы касцёл) — рымска-каталіцкі культавы комплекс у Івянцы. Размешчаны на скрыжаванні вуліц 1-га Мая і Пушкіна. Помнік віленскага барока. Належыць да Івянецкага дэканата Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Агульны выгляд
Інтэр’ер касцёла

Касцёл — мураваная трохнефавая крыжовая базіліка.

Галоўны фасад фланкіраваны пяціяруснымі вежамі. Прастора перакрыта цыліндрычным скляпеннем. Храм вылучаецца надзвычай багатай на галоўным фасадзе ордарнай пластыкай і ляпнінай.

Жылы корпус прымыкае да заходняга боку касцёла. Г-падобны ў плане двухпавярховы будынак накрыты вальмавым дахам. Брама размешчана па восі касцёла і з’яўляецца архітэктурна-мастацкім акцэнтам агароджы комплексу. Уяўляе сабой трохчасткавую кампазіцыю з чатырох руставаных слупоў з арачным лучковым праёмам, завершаным крывалінейным франтонам.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл перабудаваны пад праваслаўную царкву, 1918
Будынак кляштара
Агароджа з вежай
Брама

27 студзеня 1702 года мінскі стольнік Тэадор Антоній Ваньковіч запрасіў у Івянец францысканцаў, выдзяліўшы для іх гарадскую і фальваркавую зямлю і падарыўшы значныя грашовыя сродкі, якія дазволілі спачатку ўзвесці драўляны касцёл і кляштар францысканцаў, а пасля распачаць будаўніцтва каменных кляшторных будынкаў. Драўляны касцёл Святога Арханёла Міхаіла быў пабудаваны, хутчэй за ўсё, адразу пасля фундацыі, факт якой пацвярджаецца ў кнігах мінскага магістрата.

Будаўніцтва новага мураванага касцёла ў стылі позняга, «віленскага» барока побач з ужо існуючым драўляным касцёлам распачалося ў 1740 годзе. Будоўля фінансавалася пляменнікам фундатара Уладзіславам Тадэвушам Ваньковічам і мясцовымі мяшчанамі-дабрачынцамі. Будаўніцтвам кіраваў мясцовага майстар — айцец Ансельм Чаховіч. Пагорак на якім узводзіліся будынкі касцёла і кляштара ўзмацнілі брукаваным каменнем і вуглём. Рэчышча ракі Волмы на ўчастку, які прылягае да кляштара было часткова зменена так, што пад час павелічэння ўзроўня вады яна менш шкодзіла агароджы кляштара і фундаменту касцёла. Звесткі пра ход будоўлі касцёла, заканчэнне яго будаўніцтва і асвячэнне адстунічаюць. Аблічча будынка касцёла за 250-гадовы перыяд існавання практычна не змяніўся і выключэннем з’яўляецца толькі замена матэрыялаў пакрыцця будынка і змяненне верхніх ярусаў веж.

Пасля здушэння паўстання 1830—1831 гадоў расійскія ўлады закрылі ў 1832 годзе кляштар. На яго месцы стварылі пансіянат для састарэлых каталіцкіх святароў.

1856—1860 — адбыліся рэстаўрацыйныя работы кляштара францысканцаў пад кіраўніцтвам архітэктара В. Бяляўскага і мастака Я. Кураткевіча.

Пасля здушэння паўстання 1863 года шматлікія каталіцкія касцёлы і кляштары былі зачынены. У лісце, з міністэрства ўнутраных спраў у мінскую губернскую канцэлярыю напісана: «В Ивенце по-монастырский римско-католический костёл, обращённый в приходской, расположен так, что приезжающие в Ивенец торговать люди совращаются в латинство… Костёл необходимо закрыть… передав со всеми строениями в ведомтсво православного духовенства, ксёндзов перевести в другой приход».

12 снежня 1868 года — па загаду галоўнага начальніка края генерал-лейтэнанта князя Баграціёна касцёл быў зачынены. У архівах горада Санкт-Пецербурга захоўваюцца падпісныя лісты парафіян з просьбаю аб адчыненні касцёла ў Івянцы, але ўлады ігнаруюць прашэнне і ў канцы 1868 года касцёл перадаецца праваслаўнаму духавенству.

У 1880—1885 гг. касцёл быў перабудаваны пад праваслаўную царкву. Каталіцкія літургічныя атрыбуты былі заменены на праваслаўныя. Верхнія ярусы веж змянілі цыбулепадобныя купалы.

1915 год — праваслаўныя ўлады вырашылі адчыніць у былым францысканскім кляштары праваслаўны жаночы манастыр.

1920 год — будынак касцёла быў перададзены каталікам. Былі праведзены некаторыя архітэктурныя змены ў гэтым будынку. Касцёл выконваў свае функцыі як парафіяльны.

3 мая 1939 года — у Івянец вярнуліся францысканцы і зноў распачалі душапастырства парафіі касцёла Святога Арханёла Міхаіла. Гвардыянам і пробашчам стаў айцец Гіляры Прач-Прачынскі.

1941 год — пасля прыхода ў Івянец нямецкіх салдат распачаліся пераследванні каталікоў. У францысканскім кляштары размяшчаліся нямецкія жандармы.

19 ліпеня 1941 года — два святары з Івянецкай супольнасці францысканцаў — айцец Ахілес Пухава і айцец Герман Стэмпень — прынялі пакутніцкую смерць ад рук фашыстаў за жыхароў вёскі Пяршаі. 11 чэрвеня 1998 года Папа Ян Павел II аб’явіў іх благаслаўлёнымі.

1944—1990 годы — гістарычныя будынкі кляштара і касцёла выконвалі розныя функцыі: у касцёле знаходзілася крама, потым засолачны цэх загатканторы, у кляштары існавала сярэдняя школа, пазней у касцёле і кляштары знаходзіўся цэх эксперыментальна-даследчай вытворчасці Мінскага праектна-канструктарскага тэхналагічнага інстытута.

У 1980-1990-х гг. праведзены рэстаўрацыйныя работы пад кіраўніцтвам архітэктара І. Маскалёва. 1 мая 1990 года — ксёндз біскуп Тадэвуш Кандрусевіч перадаў айцам францысканцам касцёл Св. Аляксея і паручыў ім у душапастырскую апеку над усім Івянцом. 1992 год — перададзены каталіцкім вернікам касцёл Св. Міхаіла Арханёла. 1994 год — айцам францысканцам былі перададзены гістарычныя будынкі кляштара і пачалія работы па яго аднаўленню.

Помнік Яну Паўлу II

2003 год — распачалася комплексная рэстаўрацыя касцёла. 2012 год — на тэрыторыі каля касцёла адкрыты помнік Яну Паўлу II.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 244—246.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]