Касцёл Святога Міхаіла Арханёла (Навагрудак)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла
Г. Наваградак - Міхайлаўскі касьцёл DSC07899.JPG
53°35′50″ пн. ш. 25°49′29″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія каталіцтва
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Архітэктурны стыль барока і класіцызм

Касцёл Міхаіла Арханёла — помнік архітэктуры барока ў Навагрудку.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Кляштар ордэна дамініканцаў у Навагрудку фундаваны ў 1624 годзе Крыштафам Хадкевічам, канюшым ВКЛ, на купленых ім пляцах ва ўсходняй частцы рынкавай плошчы, на рагу паміж вул. Слонімскай (па галоўным фасадзе касцёла, цяпер вул. Міцкевіча) і Яўрэйскай (цяпер Савецкая). Пазней, 3 жніўня 1636, стаўшы віленскім кашталянам, Хадкевіч павялічыў першапачатковы фундуш, да яго ў канцы XVII ст. далучыліся Астроўскія і Бральніцкія. Першапачаткова драўляны касцёл быў асвечаны ў гонар св. Яцка, заступніка Літоўскай правінцыі ордэна.

Каля 1724 г. на яго месцы дамініканцы пабудавалі мураваны касцёл (у аб’ём усходняга нефа ўключаная частка ранейшай пабудовы, захаваны дэкор інтэр'еру). Тытул святыні змяніўся ў другой палове XVIII ст., калі касцёл адбудавалі пасля пажару 1751 года. З таго часу храм прысвечаны св. Міхалу Арханёлу. Асаблівае ўшанаванне св. Міхала Арханёла ў Навагрудку пачалося пасля вайны 1654-61 гадоў, калі, згодна с паданнем, ён выратаваў горад ад знішчэння.

Паводле інвентара 1804 года ўваход на тэрыторыю кляштара ад рынку вызначаўся брамай з чатырох мураваных слупоў, крытых чарапіцай і ўвенчаных драўлянымі вазонамі зялёнага колеру, над брамай на металёвых штабах знаходзіўся пазалочаны герб ордэна дамініканцаў — выява сабакі з паходняй і крыжыкам. Злева стаяла драўляная званіца з трыма званамі: «св. Міхал», «св. Дамінік» і «св. Тадэвуш» (усе званы былі рэквізаваны расійскай арміяй у 1915 годзе). Комплекс быў абнесены мураванай агароджай.

Да касцёла прымыкаў, утвараючы ўнутраны дворык-клауструм, П-падобны ў плане мураваны кляштар, дзе акрамя 30 келляў манахаў знаходзіліся школьныя класы. Школа пры кляштары была заснавана ў 1794 годзе, мела 6 класаў; 6-7 прафесараў на чале з прэфектам выкладалі тут арыфметыку, гісторыю, матэматыку, маральныя навукі, мовы, права, фізіку і інш. У 1807-15 гадах тут навучаліся Адам Міцкевіч (у 1904 годзе ў яго гонар на сцяне касцёла была змешчана мемарыяльная пліта, не захавалася) і Ян Чачот. Большасць вучняў школы жыла ў кляштарнай бурсе. У комплекс кляштара таксама ўваходзілі мураваная стайня, свіран і шэраг гаспадарчых пабудоў.

Касцёл мураваны, крыты гонтай, бязвежавы, толькі над галоўным фасадам вісеў малы ружанцовы званочак. Інтэр’ер перакрыты сістэмай цыліндрычных скляпенняў на падпружных арках з распалубкамі над вокнамі. Падлога ў цэнтральнай наве была выкладзена з мармуровых пліт, у бакавых — з цэглы. У касцёле знаходзілася 10 алтароў. Галоўны алтар быў прысвечаны апекуну Навагрудка св. Міхалу Арханёлу, вялікі абраз якога ў сярэбранай шаце быў выкананы па фундацыі Адама Мацея Саковіча ў сярэдзіне XVII ст. (шата зроблена ў 1662, магчыма, абраз быў створаны для кляштара дамініканцаў у Зембіне, а ў Навагрудку ён з’явіўся праз стагоддзе). У касцёле захоўваліся рэліквіі Святога Крыжа і ўсіх Апосталаў. На хорах у той час змяшчаўся арган на 11 галасоў. У 1829 г. побач з касцёлам пабудаваная двух’ярусная мураваная званіца (не захавалася).

Рынкавая плошча ў Навагрудку, малюнак 1889 года

Пасля пажару 1831 года значна перабудаваны касцёл набыў сучасны выгляд.

Дамініканская школа была зачынена ў 1834 годзе і пераабсталявана пад гарадское вучылішча, потым пад гімназію. Кляштар дамініканцаў быў зачынены на пачатку 1853 года, законнікі былі адпраўлены па розных кляштарах, кляштарны корпус быў прыстасаваны пад павятовы і земскі суды, а з часам і ўвогуле быў разабраны на цэглу. Касцёл перайшоў у ранг парафіяльных, загадам Мінскай рымска-каталіцкай духоўнай кансісторыі ад 31 снежня 1857 яму перадалі функцыю старажытнай фары, а апошняя была прыпісана да яго ў якасці філіі. Частка корпуса, якая захавалася і сёння далучаецца да прэзбітэрыя касцёла, на той час была прыстасавана пад жыллё дзекана і ксяндзоў.

У 1948 годзе старажытная святыня была зачынена і ў пасляваенны час прыстасавана пад мэблевае сховішча, а пасля пажару пакінута ў руінным стане. Аднак, нягледзячы на гэта, у 1970-я гг. яна атрымала статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння.

У 1992 годзе касцёл вернуты каталіцкай супольнасці горада. Да 1997 комплекс быў рэстаўраваны. У 2003 года, паводле праекта мінскага архітэктара А. Я. Кандратава, пачалася рэстаўрацыя дзвюх ліній кляштарнага корпуса (з сілікатнай цэглы). Тут маюць размясціцца рэкалекцыйны цэнтр і Дом міласэрнасці.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Галоўны фасад

Касцёл вырашаны ў стылі позняга класіцызму «тасканскага парадку»: больш пакаты двухсхільны дах са спрошчаным трохвугольным франтонам на галоўным фасадзе. Бязвежавая трохнефная базіліка з плоскім галоўным фасадам, вузкім нартэксам і паўцыркульнай алтарнай апсідай, да якой з паўночнага боку далучаная сакрысція. Галоўны фасад вырашаны як трыфорыумная кампазіцыя. Цэнтральная частка, якая засланяе цэнтральны неф, падзелены развітым карнізам на два ярусы і завершаны трохвугольным франтонам з вежачкай над ім. Бакавыя часткі засланяюць бакавыя нефы, тарцы дахаў бакавых нефаў закрытыя ступеньчатымі атыкамі. Па гарызанталі галоўны фасад падзелены на два ярусы антаблементам на ўзроўні карнізаў бакавых нефаў, што надае яму візуальную важкасць і прысадзістасць. Вертыкальныя ордэрныя чляненні фасада не адпавядаюць структуры базілікі, што падкрэслівае яго кампазіцыйную самастойнасць. Галоўны ўваход пазначаны невялікай крухтаю-тамбурам. Сцены аздобленыя пілястрамі. Вокны з лучковымі і арачнымі завяршэннямі.

Апсіда

Асаблівасцю архітэктонікі касцёла з’яўляецца надзвычай выцягнуты прэсбітэрый з паўкруглым алтарным завяршэннем, па даўжыні амаль роўны базіліцы, ад якой аддзелены спаранымі падпружнымі аркамі і ўзмоцненымі апорнымі слупамі.

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр’ер касцёла

Сціпласць і сухаватасць малюнка моцна змененага фасада кантрастуюць з брутальнай барочнай сакавітасцю пластыкі інтэр'ера. Унутраную прастору 2 рады слупоў падзяляюць на 3 нефы. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках, упрыгожаны ляпным геаметрычным арнаментам, бакавыя нефы маюць крыжовыя скляпенні. Інтэр’ер упрыгожаны аздобленымі лепкай і скульптурамі алтарамі.

Сёння ў святыні, як і раней, 10 алтароў, але ў розныя часы іх прысвячэнне было розным. Толькі галоўны алтар заўсёды быў прысвечаны заступніку горада і касцёла — св. Міхалу Арханёлу, абраз якога ў сярэбранай шаце змешчаны ў цэнтры трох’яруснай кампазіцыі (узнята на высокі пастамент карынфскай каланадай, якая нясе хвалісты антаблемент. Паміж калонамі некалі былі ўсталяваны фігуры чатырох Евангелістаў. У падобным барочным стылі створаны і бакавыя алтары). Па баках ад патранальнага знаходзяцца абразы святых апосталаў Пятра і Паўла. У другім ярусе змешчана разьбянае Укрыжаванне ў акружэнні анёлаў, увенчвае алтар гіпсатурны барэльеф «Сыходжанне Святога Духа». Пры апорах прэзбітэрыя ўсталяваны алтары св. Дамініка (злева; у ХIХ ст. — таксама св. Дамініка) і Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса (у 1853 г. — св. Тадэвуша, у 1867 — св. Ганны). Пры сярэдніх апорах знаходзяцца алтары св. Станіслава Косткі (злева, у 1853 — св. Яна Непамука, у 1867 — св. Філамены) і св. Крыштафа (у ХIХ ст. — св. Юзафа), у цэнтральную наву насупраць амбона развернуты шыкоўны трох’ярусны алтар св. Тэрэзы (у 1853 — св. Вікенція з Феррары з абразом св. Рэгіны наверсе, у 1867 — св. Алены Імператрыцы, у пач. ХХ ст. — св. Тэрэзы). Пры бліжэйшых да ўвахода апорах стаяць алтары св. Антонія (злева, як і раней, абраз намаляваны ў 1861 годзе) і св. Цэцыліі (у 1853 — св. Тамаша Аквінскага, у 1867 — св. Станіслава). Яшчэ два алтары знаходзяцца ў тарцах бакавых наваў: злева — Маці Божай Снежнай, справа — Укрыжавання (раней — Маці Божай з Дзіцяткам Езус, у другім ярусе — абраз св. Кацярыны). Многія з абразоў, што ўпрыгожвалі алтары ў другой палове ХIХ ст. належалі пендзлю Эдварда Паўловіча, выкладчыка жівапісу навагрудскай гімназіі: абраз св. Дамініка (ахвяра пана Пятра Абламовіча), св. Ганны (ахвяра памешчыцы Кацярыны Ёдкі), св. Філамены (ахвяра памешчыцы Гнаінскай), св. Станіслава. У Нядзелю Спаслання Святога Духа, 27 мая 2007 года, у менсе галоўнага алтара ўрачыста размешчаны рэлікварый адзінаццаці бласлаўлёных сясцёр назарэтанак, перанесены з рэктаральнага касцёла (фары).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.
  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 213.
  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]