Касцёл Святога Міхаіла (Гнезна)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Каталіцкі храм
Касцёл Святога Міхаіла
Гнезна. Касцёл.jpg
53°07′24,59″ пн. ш. 24°20′39,67″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Вёска Гнезна
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Архітэктурны стыль беларуская готыка (позняя готыка з элементамі рэнесансу)
Заснавальнік Ян і Альжбета Шамятовічы
Дата заснавання 1524
Дата пабудовы 1524 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000096шыфр 412Г000096
Стан дзейнічае

Касцёл Святога Міхаіла (Гродзенская вобласць)
Касцёл Святога Міхаіла
Касцёл Святога Міхаіла

Касцёл Святога Міхаіла — каталіцкі храм у вёсцы Гнезна (Ваўкавыскі раён). Помнік архітэктуры позняй готыкі з элементамі рэнесансу. Амаль цалкам захаваў аўтэнтычную структуру.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вядома апакрыфіка аб заснаванні касцёла ў 1121 годзе, звязана яна з тым, што мястэчка Гнезна блытаюць з аднайменным старажытным горадам у Польшчы. Касцёл пабудаваны (па адной з версій, на месцы драўлянага) у першай палове XVI ст. па фундацыі тагачаснага ўладальніка Гнезна Яна Шамятовіча (Шэмета) і яго жонкі Альжбеты. У 1524 годзе пры ўжо існуючым драўляным касцёле гнезненскую парафію пад тытулам Зыходжання Святога Духа, Унебаўзяцця НПМ і святых Міхала Арханёла, Яна Хрысціцеля і Станіслава біскупа эрыгаваў (кансэкраваў у 1527) віленскі біскуп Ян.

У 1555 годзе ўладальнікам Гнезна стаў Геранім Хадкевіч, актыўны прыхільнік рэфармацыі, які разам з жонкай Ганнай з Шэметаў у другой палове XVI ст. замест касцёла пабудаваў тут кальвінскі збор. Святыню будавалі, верагодна, даволі доўга, аб чым сведчыць разнастайная тэхніка муроўкі. Пазней прыбудавалі вежу-званіцу. Да канца першай паловы XVII ст. быў дабудаваны (ці перабудаваны) трэці ярус вежы, аб чым сведчыць рэнесансны тып муроўкі. Да гатычнай архітэктуры касцёла далучыліся рысы рэнесансу — шматлікія гзымсы і гарызантальныя паясы, аркавыя вокны. У 1643 касцёл быў вернуты католікам, што пацвердзіў дэкрэт караля Уладзіслава IV ад 21 студзеня 1644 года. З таго часу ў тытуле святыні ўзгадваецца толькі св. Міхал Арханёл.

На пачатку другой паловы XVII ст. касцёл упрыгожылі тры разьбяныя паліхромныя алтары (галоўны быў асвечаны 5.9.1660). Падчас вайны 1654-67 гг. касцёл быў пашкоджаны. Паводле падання, менавіта з тых часоў у галоўным фасадзе засталося каменнае ядро і адбітак ад другога. Святыня была пашкоджана і падчас Паўночнай вайны. У 1718 годзе старыя абразы ў алтарах замянілі новымі: у цэнтры галоўнага алтара быў змешчаны абраз св. Міхала Арханёла, наверсе — св. Анёла-ахоўніка; абраз Унебаўзяцця НПМ для бакавога алтара быў ахвяраваны тагачасным спадчыннікам маёнтка Леонам Ромерам. У 1728 арандатар Гнезна Ян Трапяньскі значна перабудаваў касцёл: быў перабудаваны цокаль, выкананы шлем над вежай і сігнатурка, пераслана дашчаная падлога, былі таксама заменены 12 драўляных слупоў, якія падтрымлівалі столь і інш. Пад вежай Трапяньскі стварыў ашаляваную крыпту, як месца свайго будучага пахавання. У паўночнай частцы касцёльных могілкаў пабудавалі новую плябанію, пры гэтым, калі капалі падмуркі, натыкнуліся на крыпту даўнейшага касцёла з чатырнаццаццю пахаваннямі. У 1787 годзе да паўднёвага фасада прыбудавана сакрысція. Незвычайнасць прыбудовы — яна была дабудавана да сярэдзіны фасада, хаця тое ж самае можна было б зрабіць і бліжэй да алтара — дае падставу некаторым даследчыкам лічыць, што гэта не сакрыстыя, а бакавая крухта і, магчыма, менавіта крыпта ў даўнія часы выконвала ролю сакрыстыі, таму што слядоў першапачатковай сакрыстыі пры алтарнай частцы не выяўлена. Але, як сведчыць інвентар святыні ад 1732 года, раней пад сакрыстыю выкарыстоўвалася цесная прастора па-за галоўным алтаром, «дзе ледзьве адзін каплан стаяць можа».

Касцёл Святога Міхаіла ў Гнезне, мал. Напалеона Орды

У наступным стагоддзі святыня цярпела ад пажараў. У 1812 годзе на касцёле згарэў дах, у хуткім часе храм быў адрамантаваны. Драўляныя элементы будынка зноў церпяць ад пажару 1839 года. У 1844 адбудаваны на сродкі мясцовага памешчыка Г. Тарасовіча і адкрыты зноў. Падчас рэканструкцыі 1844 г. пасля апошняга пажару зноў была надбудавана вежа, разабрана сакрыстыя. У 1854 была пабудавана новая драўляная плябанія (знішчаная падчас II Сусветнай вайны). У 1876 на старое месца прыбудавалі пяцігранную сакрыстыю ў эклектычным стылі з рысамі неараманікі і неаготыкі. Тады ж стварылі і мураваны галоўны алтар у неагатычным стылі. У касцёле былі абразы і скульптура XVII—XVIII стст.

У 1901-1902 былі зроблены мураванымі і бакавыя алтары, драўляную падлогу замянілі на цагляную, дах накрылі пляскатай чарапіцай, замуравалі ўваход у сутарэнне, драўляныя арганныя хоры былі заменены на мураваныя, узнесеныя на дзве прыгожыя візантыйскія калоны з аркамі. У 1911 годзе (аб чым сведчыць дата на цэгле справа ад увахода) да галоўнага ўвахода была прыбудавана крухта. На хорах стаяў сямігалосны неагатычны арган, у 1931 перароблены на пяцігалосны.

Чарговая рэстаўрацыя адбылася ў міжваенны час. Для гэтай мэты ў 1924 быў створаны спецыяльны камітэт. У 1925 касцёльны ўчастак абнеслі новай мураванай агароджай, у 1926-1929 касцёл накрылі чарапіцай, інтэр’ер пабялілі, аднавілі брамы касцёльнага ўчастка (галоўную і з боку плябаніі). У 1931-1937 пад кіраўніцтвам варшаўскага архітэктара Тамаша Плюцынскага аднавілі фасады, замуравалі акно паўночнага фасада, перабудавалі сакрыстыю і дабудавалі чацвёрты ярус вежы-званіцы. Планавалася нават пабудаваць мураваную плябанію, але гэтаму перашкодзіў 1939 год. У гэты час колькасць вернікаў гнезненскай парафіі дасягала 3300 чалавек.

У пасляваенныя гады (пасля 1950 года) старажытны касцёл быў зачынены, выкарыстоўваўся як калгаснае сховішча і з часам ператварыўся ў руіны. Тым не менш, святыня была залічана ў шэраг помнікаў архітэктуры рэспубліканскага значэння. Частку касцёльнага інвентара захавалі парафіяне, частка, у тым ліку і барокавая разьба з алтароў, была забрана ў Мастацкі музей у Мінск (у 1995 годзе вернута, але ў копіях).

У 1989 годзе будынак вернуты каталіцкай царкве. 11 жніўня 1990 года біскуп Тадэвуш Кандрусевіч рэкансэкраваў касцёл пад гістарычным тытулам св. Міхала.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл быў змураваны ў архітэктурна-канструкцыйных формах цэнтральнаеўрапейскай готыкі, пратэстанты надалі яму рысы мясцовага рэнесансу, характэрныя для іх канфесіі. Гэтыя гістарычныя падзеі і архітэктурна-будаўнічыя працэсы з цягам часу зліліся ў адно мастацкае цэлае, дапоўненае пазнейшымі перабудовамі, у выніку чаго вельмі складана выявіць аўтэнтыку помніка[1]. Прафіляваныя стральчатыя, ступеньчатыя і гранёныя формы з'яўляюцца асноўнымі дэкаратыўнымі матывамі, якія ствараюць адметнае мастацкае аблічча храма.

Агульны выгляд

Касцёл уяўляе сабой мураваны аднанефны аднавежавы храм, завершаны з усходу трохграннай алтарнай апсідай, накрыты двухсхільным чарапічным дахам з вальмамі над алтаром. Тарэц даху на галоўным фасадзе закрыты ступеньчатым атыкам. Цэласнасць і маналітнасць асноўнага аб'ёму надае візуальную важкасць і прысадзістасць абліччу касцёла, нягледзячы на лёгкасць і дасканаласць гатычных канструкцый, вялікі пралёт нефа і адкрытасць унутранай прасторы. У першую чаргу гэта адбываецца з прычыны адсутнасці тут перападу вышынь дахаў нефа і алтарнай апсіды, што характэрна для больш ранніх гатычных касцёлаў.

План касцёла

Двух’ярусная вежа (васьмярык на чацверыку) накрытая высокім шатром з прагібам. Ніжні ярус вежы роўны па вышыні нефа, прамавугольны ў плане. У 1787 г. з паўднёвага боку да нефа была прыбудавана сакрысція, пазнейшая — у 1876 г. Бакавыя сцены і апсіда ўмацаваныя гранёнымі контрфорсамі, завершанымі ступеньчатымі кансолямі. Такія ж кансолі завяршаюць архітэктурныя элементы, якія аздабляюць верхні ярус вежы. Уваход аформлены арачным парталам, абапал якога дзве плоскія стральчатыя аркі. Такія ж тры аркі над парталам. Верхняя частка прытвора і сцены асноўнага аб’ёма прарэзаныя двума радамі невялікіх квадратных аб’ёмаў — прадухаў.

Шырыня будынка звонку 13,65 м, унутры — 12 м, таўшчыня сцен у розных месцах 0,8—1,0 м. Пры даволі вялікім пралёце ўнутранай прасторы, сцены па-гатычнаму тонкія. Яны ўмацаваны контрфорсамі, а таксама прамавугольнымі нішамі, зробленымі роўнай вышыні з вокнамі, і такім чынам не толькі дэкаратыўна афармляюць прасценкі, але і надаюць сценам унутраную канструкцыйную жорсткасць, прарэзаны вялікімі перспектыўнымі стральчатымі арачнымі праёмамі вокнаў. Сцены змураваны з цэглы-пальчаткі ў гатычнай тэхніцы на вапнава-пясчанай рошчыне з падрэзанымі швамі, якія ў профілі маюць гранёную форму. Контрфорсы ўнізе, на ўзроўні цокаля, маюць прамавугольнае сячэнне, вышэй набываюць гранёную форму і пасгупова змяншаюцца, становяцца больш вытанчанымі, а ўверсе завяршаюцца кансольна-ступеньчатымі тромпамі са схіламі для вадасцёку — спецыфічная форма гатычнага гаргуйля. Падобная будова контрфорсаў не трапляецца больш ні ў адным помніку беларускай готыкі. Ступеньчатыя тромпы, стральчатыя арачныя праёмы вокнаў і ўваходных парталаў, разгрузачныя плоскія нішы і іншыя канструкцыйна-дэкаратыўныя элементы выкананы з фасоннай цэглы.

Вежа

Велічная шмат'ярусная вежа-вестверк на галоўным фасадзе надае дынаміку і ўзнёсласць агульнай кампазіцыі святыні. Яна далучана да галоўнага фасада без перавязкі муроўкі, гэта сведчыць пра тое, што вежа ўзведзена пазней за асноўны аб'ём, але ў хуткім часе пасля яго, таму што іх аб'ядноўвае агульная гатычная будаўнічая тэхніка. Ніжні чацверык прарэзаны з трох бакоў магутнымі аркамі, якія ўспрымаюць увесь цяжар верхніх ярусаў. Распор бакавых арак часткова перадаецца на сцяну галоўнага фасада, якая ў гэтых месцах адпаведна ўмацавана разгрузачнымі аркамі.

Кілепадобнае аздабленне аконнага праёма

Вуглавыя часткі двух ніжніх ярусаў вежы дадаткова ўмацоўваюць і ўпрыгожваюць плоскія разгрузачныя арачныя нішы кілепадобнай формы, якія генетычна паходзяць з усходневізантыйскіх рэгіёнаў (з Малой Азіі). На верхнім ярусе вежы, які захаваўся аўтэнтычным толькі на палову вышыні, таксама зроблены плоскія разгрузачныя нішы, але ў выглядзе падвесных арак.

Галоўны ўваход зроблены праз вежу па восі сіметрыі храма, дадатковы — у сярэднім прасценку паўднёвага фасада. Па дэкаратыўнай аздобе ён быў багацейшы за галоўны, паколькі выходзіў адразу на вонкавы фасад, але да яго пазней прыбудавалі прытвор.

У дэкаратыўным аздабленні спалучаюцца формы позняй готыкі, такія як, плоскія нішы ў выглядзе кілепадобных і вісячых арак, стральчатыя аркі парталаў і аконных праёмаў, і элементы рэнесансу, як, прафіляваныя карнізы, паўцыркульныя завяршэнні праёмаў верхняга яруса вежы.

Над стральчатымі праёмамі вокнаў назіраюцца зацёртыя тынкам сляды распалубак, якія сведчаць пра існаванне некалі гатычных скляпенняў. Невялікія памеры распалубак дазваляюць меркаваць, што першапачаткова сістэму перакрыццяў у інтэр'еры падтрымлівалі шэсць апорных слупоў, размешчаных адпаведна вонкавым контрфорсам. Пры гэтым бакавыя нефы былі даволі вузкія. Калі святыня перайшла да кальвіністаў, яны ўспрынялі гатычныя скляпенні як архаіку і каталіцкую спадчыну, таму замянілі сістэму перакрыццяў, знішчылі гатычныя апоры, каб раскрыць унутраную прастору. Аднак архітэктанічная ўзаемная абумоўленасць сістэмы апор і перакрыццяў сведчыць, што даволі тонкія сцены храма не маглі несці адно вялікае мураванае цыліндрычнае скляпенне. У выніку старадаўнія гатычныя скляпенні проста замянялі на драўляную бэлечную плоскую столь, якую дадаткова падтрымлівалі драўляныя слупы. Уласную канструкцыйную жорсткасць вонкавых сцен унутры ўмацавалі ўвядзеннем сіметрычных паўцыркульных разгрузачных арак на гранях алтарнай часткі і суседніх з імі пралетах.

У заходняй частцы над уваходам размешчаныя хоры на дзвюх круглых калонках. У тоўшчы паўночнай сцяны лесвіца, якая вядзе на хоры.

Спачатку святыня мела напаўпадземную крыпту з двума ўваходамі: першы знаходзіўся ў цэнтры святыні, другі — па-за алтарнай сцяной (замураваны ў 1844).

Залавы інтэр’ер касцёла упрыгожвалі чатыры алтары: св. Міхала, св. Яўстафія, Унебаўзяцця НПМ і св. Ганны. Галоўны алтар нагадвае трохвосевую трыумфальную неагатычную браму. У яго цэнтры змешчана копія знакамітага абраза Рафаэля «Сіксцінская Мадонна», у бакавых нішах стаяць фігуры Маці Божай Беззаганай, св. Кацярыны, св. Яна Хрысціцеля і прарока Майсея, у круглых абразах атыка змешчаны выявы Евагелістаў. У левым бакавым алтары змешчаны тытульны абраз св. Міхала Арханёла з абразом св. Станіслава Косткі наверсе, у правым — абразы Укрыжавання і св. Казіміра.

Тэрыторыя касцёла апяразана мураванай агароджай з брамай. Пры паўднёвай частцы агароджы касцёльнай тэрыторыі пабудавана капліца-пахавальня роду Калупайлаў. Тут пахаваны Марыя з Калупайлаў Манчыньская (1907), Фердынанд Калупайла (1878) і Юлія з Талочкаў Калупайла (1897).

На тэрыторыі захаваліся надмагіллі XIX — першай паловы XX ст. Сярод надмагілляў каля касцёла вылучаюцца мармуравы абеліск у стылі класіцызму, усталяваны над пахаваннямі роду Ельскіх.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Габрусь Т. Саборы помняць усё: Готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі. — Мн.: Беларусь, 2007. — С. 79

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Пярвышын У., Кушнярэвіч А., Баркун Л. Гнезнаўскі касцёл // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1989. №2.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.
  • Габрусь Т. Саборы помняць усё: Готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі. — Мн.: Беларусь, 2007. — 167 с.: іл. — ISBN 978-985-01-0714-5

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]