Касцёл Святога Роха і кляштар рахітаў (Мінск)
Славутасць | |
Касцёл Святога Роха і кляштар рахітаў | |
---|---|
![]() Менскі кляштар рахітаў на плане горада 1793 года пад нумарам 16 | |
53°54′06″ пн. ш. 27°32′58″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Месцазнаходжанне | |
Дата пабудовы | XVIII стагоддзе |
Дата скасавання | 1824 |
Касцёл Святога Роха і кляштар рахітаў — колішні рымска-каталіцкі сакральны комплекс у Мінску. Дзейнічаў у сярэдзіне XVIII — 1-й палове XIX стст. Знаходзіўся ў канцы Койданаўскай вуліцы.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Кляштар рахітаў быў заснаваны 3 жніўня 1752 года паводле фундацыі менскіх бурмістраў Шышкаў, якія ахвяравалі рахітам пляц на Койданаўскай вуліцы побач з Койданаўскай брамай і гарадскім валам для пабудовы кляштара і шпіталя, а таксама 750 злотых на ўтрыманне хворых[1][2].
Адначасова ксёндз Тамаш Стацэвіч ахвяраваў кляштару 11 тысяч злотых і абраз Св. Веранікі[1][2].
Свае грошы на ўтрыманне кляштара і шпіталя скіравалі ўнукі Лукаша Шышкі — Юрый, Базыль, Тодар і Міхал. Дзякуючы гэтым ахвяраванням на вуліцы Койданаўскай, каля гарадской брамы паўстала дабрачынная ўстанова з невялікім касцёлам і сваёй фундацыяй, якая складала 7000 срэбрам[3].
У 1788 годзе Міхал Ансялеўскі падараваў кляштару 2 сенажаці недалёка ад горада[1][2]. Станам на 1796 год у рэзідэнцыі было 5 манахаў.
У XVIII — пачатку XIX стагоддзяў кляштару належалі некалькі пляцаў з будынкамі ў горадзе, а таксама фруктовы сад каля вуліцы Нямігскай і вятрак пры дарозе на Смілавічы[1][2].
У 1824 годзе мінскі кляштар рахітаў быў скасаваны, і разам з усёй маёмасцю далучаны да мінскага кляштара баніфратраў[1][2].
У 1836 годзе ўся маёмасць былога кляштара рахітаў была перададзена Мінскаму прыказу грамадскай апекі (Минскому приказу общественного призрения)[1][2].
Пасля 1832 года большасць будынкаў былога кляштара баніфратраў была разбурана, а ў другой палове XIX стагоддзя яго тэрыторыя паступова забудавана жылымі дамамі[1][2].
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]
Невялікі драўляны дзвюхвежавы касцёл Св. Роха галоўным фасадам выходзіў на вуліцу Койданаўскую. Інтэр’еры яго ўпрыгожвалі 3 драўляныя разныя алтары[1][2].
У галоўным алтары знаходзіліся абразы Св. Роха, Св. Веранікі і Св. Юзафа. На тэрыторыі кляштара месціўся аднапавярховы драўляны шпіталь на 30 ложкаў, а таксама 3 драўляныя жылыя дамы, у адным з якіх жыў ксёндз-капелан. Побач знаходзіўся комплекс гаспадарчых пабудоў і агарод. Тэрыторыя кляштара была абнесена драўляным парканам. Галоўная брама размяшчалася з боку вуліцы Койданаўскай[1][2].
Зноскі
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Менскі кляштар рахітаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.