Касцёл Святога Юрыя (Беліца)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Касцёл Святога Юрыя
53°39′09″ пн. ш. 25°19′15″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія Каталіцызм
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Дата пабудовы 1997 год
Стан дзейнічае
Map

Касцёл Святога Юрыя знаходзіцца ў цэнтры в. Беліца (Лідскі раён). Дзейнічае.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Парафіяльны касцёл Святога Юрыя Пакутніка (Пераможцы) быў заснаваны ў Беліцы ў 1486 годзе каралём Казімірам Ягелончыкам. Новы будынак касцёла збудаваны ў 1505 годзе.

У 1553 Мікалай Радзівіл Руды, гетман ВКЛ і тагачасны дзяржаўца Беліцы, зрабіў са святыні кальвінскі збор, але да сярэдзіны XVII ст. каталіцкая парафія адрадзілася. З таго часу і да 1832 года пры касцёле дзейнічала фундаваная Сапегамі рэзідэнцыя дамініканцаў ад кляштара ў Ельні, а таксама парафіяльная школа.

У 1787 на сродкі генерала польскіх войскаў Ігнація Мараўскага ў беліцкай рэзідэнцыі быў узведзены новы драўляны касцёл, які з дазволу віленскага біскупа Ігнацыя Якуба Масальскага ў тым жа годзе асвяціў дамініканец кс. Францішак Кантоўскі. Гэта была велічная дзвюхвежавая трохнававая святыня з трансептам у стылі барока, вальмы двухсхільнага гонтавага даху над прэзбітэрыем завяршала сігнатурка. Інтэр’ер упрыгожвалі пяць алтароў: галоўны з абразом Пана Езуса, бакавыя — Маці Божай Ружанцовай, св. Вінцэнта з Ферары, св. Тэклі, св. Антонія. Побач з касцёлам стаяла трох’ярусная чацверыковая драўляная званіца. Касцёльны комплекс быў абнесены драўляным плотам. Злева ад уваходу на ўчастак, перад могілкамі, стаяў сонечны гадзіннік. Калятарамі касцёла па-ранейшаму лічыліся магнаты Радзівілы, аб чым у касцёле захоўваўся дакумент ад 14 чэрвеня 1696 года.

У 1832 з закрыццём дамініканскага кляштара ў Ельні была ліквідавана і рэзідэнцыя ордэна ў Беліцы. У 1837 касцёл перадалі ў праваслаўнае ведамства і 20 лютага 1840 храм быў асвечаны як праваслаўная царква Святога Духа, якая атрымала статус прыпісной да зблянскай царквы.

Былы касцёл, ператвораны ў праваслаўную царкву Святога Духа, 1909-10

Вядомы па фотаздымку Я. Балзункевіча. Манументальны драўляны касцёл уяўляў сабой 3-нефавую з трансептам 2-вежавую базіліку з рысамі стылю барока. Пры перабудове над вежамі і сяродкрыжжам святыні ўзведзены цыбулепадобныя купалы.

У 1919 святыня зноў была вернута католікам і ў 1922 нанова адбудавана ўжо як парафіяльны касцёл. У тыя гады беліцкая парафія налічвала больш за 2000 вернікаў. Да парафіі належалі філіяльны касцёл у Крывічах і капліца на парафіяльных могілках у самой Беліцы. Апошняя была пабудавана дамініканцамі каля 1824 года з дрэва, асвечана як капліца Маці Божай Ружанцовай і выконвала функцыю каталіцкай святыні ў час, калі касцёл быў забраны пад царкву.

Падчас ІІ Сусветнай вайны ксёндз Стэфан Дабравольскі быў расстраляны нацыстамі. У пасляваенны час старажытны касцёл у Беліцы быў зачынены, выкарыстоўваўся як спортзала мясцовай школы. Потым стаяў занядбаны і з часам быў знішчаны.

З 1997 года ў цэнтры Беліцы паводле праекта польскага архітэктара Юліяна Стоцкага распачалося будаўніцтва дзвюхвежавага велічнага касцёла з сілікатнай цэглы. 14 ліпеня 2011 года адбылося асвячэнне касцёла Святога Юрыя, якое здзейсніў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]