Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Яна Непамука (Вялікія Эйсманты)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каталіцкі храм
Касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі i Святога Яна Непамука
53°22′02″ пн. ш. 24°04′28″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Вялікія Эйсманты
Канфесія Каталіцтва
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Дэканат Бераставіцкі
Архітэктурны стыль эклектыка
Будаўніцтва 18431850 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000684шыфр 413Г000684
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Яна Непамука — рымска-каталіцкі храм у аграгарадку Вялікіх Эйсмантах Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці, помнік эклектычнай архітэктуры.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Нерэалізаваны праект аўтарства Ф. Выганоўскага, 1904.
Нерэалізаваны праект аўтарства Ф. Выганоўскага, 1904.
Нерэалізаваны праект аўтарства Л. Паніякевіча, 1910.

Першы драўляны касцёл быў фундаваны ў 1659 годзе Ганнай Эйсмант і яе сынам Якубам. У святыні было 9 алтароў. Галоўны — трох’ярусны: у першым ярусе знаходзіўся абраз Маці Божай Эйсмантаўскай у сярэбранай шаце (ужо ў сярэдзіне XVII стагоддзя абраз лічыўся цудадзейным, а касцёл меў статус Марыйнага санктуарыя), у другім ярусе — абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, у трэцім — абраз Імя Марыі. У левай частцы касцёла былі алтары Пана Ісуса, Св. Антонія, Св. Ануфрыя і двух’ярусны — Звеставання Дзевы Марыі з абразом Св. Адальберта ўверсе. У правай частцы стаялі алтары: Св. Яна Непамука, Св. Міхала Арханёла, Св. Тадэвуша Апостала і двух’ярусны — Св. Марыі Магдалены з абразом Маці Божай Заступніцы ўверсе.

Касцёльная тэрыторыя была абнесена мураванай агароджай з брамамі. Уваходную ад рынку браму вянчала статуя Св. Яна Непамука, а браму з гасцінца — фігура Маці Божай з Дзіцяткам Ісус. Паміж брамамі стаяла званіца на шасці слупах[1].

З 1660 года як найважнейшая святыня парафіі быў вядомы мініяцюрны абразок на камені з выявай Маці Божай Снежнай — гэта быў цудадзейны абраз на яшме, велічынёю з арэх. Абраз на палатне таксама лічыўся цудадзейным, на ім — сярэбраныя карона і сэрца, падараваныя Мікалаем Карасём.

Драўляны храм згарэў у 1722 годзе, а на яго месцы ў 1728 годзе быў пабудаваны новы, таксама драўляны. Ён быў узведзены ў 1748 годзе. У 1825 годзе стан касцёла быў плачэўны і святыня пагражала абвалам, таму ізноў прыйшлося будаваць новую, тым разам мураваную.

Цяперашні мураваны касцёл быў пабудаваны ў 1843—1850 гадах ў стылі класіцызму з рысамі неаготыкі намаганнямі ксяндза Міхала Сезяноўскага і парафіян. Нагляд за будоўляй ажыццяўляў гродзенскі грамадзянскі інжынер Антон Вікенцьевіч Яноўскі[2]. Будынак быў чатырохвугольны ў плане, 50 аршынаў даўжынёю і 20 аршынаў шырынёй. Касцёл быў асвечаны 14 красавіка 1851 года, аб чым сведчыць закладны камень на апсіднай сцяне, пад падвойным тытулам: Найсвяцейшага Імя Марыі і Св. Яна Непамука.

Пасля паўстання 1863—1864 гадоў касцёл зачынілі. У 1903—1910 гадах рабіліся спробы ўзвесці новы будынак, бо ў выкладзеных з бутавага каменю сценах з’явіліся расколіны, якія пастаянна павялічваліся. У 1904 годзе інжынер Выганоўскі склаў праект новага неагатычнага храма[3], аднак парафіяне ў 1912 годзе за ўласныя сродкі адрамантавалі будынак[1][4].

Да парафіі ў XIX стагоддзі належалі філіяльны касцёл у Красніках, капліцы ў Вялікай Бераставіцы, Масалянах і на мясцовых могілках. У 1930-х гадах капліца на могілках не згадваецца, затое дзейнічала капліца ў Жукевічах. Перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіян дасягала 3000 чалавек.

Касцёл дзейнічаў увесь час бесперапынна. З 1975 па 1990 год парафія не мела пробашча, але сюды даязджалі святары з суседніх парафій. З 1970-х гадоў касцёл мае статус помніка архітэктуры. У 2010 годзе пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь храм быў залічаны да помнікаў архітэктуры мясцовага значэння.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Выгляд з боку фасада.
Касцёл у 2018 годзе.

Помнік эклектычнай архітэктуры з выкарыстаннем элементаў позняга класіцызму[5] і готыкі[6]. Касцёл уяўляе сабой бязвежавую, прамавугольную ў плане (вышыня 17, даўжыня 48, шырыня 19 м) святыню з такой жа самай апсідай і дзвюма сакрысціямі.

Галоўны фасад вырашаны ў выглядзе чатырохкалоннага порціка, а магутны трохвугольны франтон з выявай Усёбачнага вока завершаны па вуглах невялікімі слупкамі з карункавымі крыжамі. Малітоўная зала накрыта двухсхільным бляшаным дахам (раней была дахоўка), апсіда — паніжаным вальмавым, сакрысціі — двухсхільнымі[6].

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр’ер падзелены 4 парамі круглых калон на тры нефы, цэнтральны з якіх перакрыты цыліндрычным падшыўным дашчатым скляпеннем з арнаментальнай размалёўкай, а бакавыя — плоскай дашчатай столлю. Падлога касцёла выкладзена керамічнай пліткай (раней была цагляная). Арганныя хоры над уваходам абапіраюцца на дзве дарычныя калоны[5]. Пад касцёлам няма крыпты. На сцяне святыні ў 1995 годзе змешчана мемарыяльная пліта Яну Біспінгу (1880—1940), уладальніку масалянскага маярату і папскаму камергеру, і Марыі Біспінг з Замойскіх (1887—1961), у другім шлюбе — Радзівіл.

У касцёле знаходзяцца тры алтары. Галоўны алтар — разьбяны, зроблены на мяжы XIX—XX стагоддзяў у неараманскім стылі. У цэнтры — абраз Маці Божай Кангрэгацкай (першая пал. XVIII ст.) у сярэбранай шаце, які быў адзначаны шматлікімі вотамі. Ён засланяецца абразом Святой Сям’і і акружаны фігурамі Святога Пятра і Паўла, уверсе — фігура Сэрца Пана Езуса ў акружэнні анёлаў. Каля сцен прэзбітэрыя ўсталяваны фігуры Маці Божай Каралевы і Святога Казіміра. Бакавыя алтары — неабарочныя, двух’ярусныя, разьбяныя. У левым з іх над абразом Святога Антонія размяшчаецца тытульны абраз Святога Яна Непамука (XVIII ст.), у правым — абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі, над ім — абраз Святога Францішка. Перад касцёлам, злева ад уваходнай брамы, знаходзіцца велічная магіла Аляксандры Светчынавай, уроджанай Біспінг (на помніку — Bispink), фундатаркі касцёла ў Вярэйках, і Юзафы дэ Біспінг Вайчынскай, фундатаркі філіяльнага касцёла ў Масалянах. З правага боку ад уваходнай брамы знаходзіцца каменная грота Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пабудаваная ў наш час, а злева ад яе — помнік папу Яну Паўлу II[1].

Званіца[правіць | правіць зыходнік]

Па-за касцёлам, злева і асобна, пабудавана цагляная атынкаваная двух’ярусная званіца — гэта чацверыковая пад чатырохсхільным дахам пабудова ў стылі класіцызму. Таксама па-за касцёлам у 1988 годзе быў зроблены своеасаблівы мемарыял як даніна памяці знішчаным у 1940—1988 гады парафіяльным могілкам. Справа ад касцёла, па-за агароджай, захаваўся драўляны і атынкаваны прадаўгаваты будынак былой плябаніі — цяпер тут размяшчаюцца аптэка і жылы дом. Новая цагляная плябанія ўзведзена побач. Касцёльны ўчастак абнесены бутавай агароджай, адноўленай у 1960—1970-я гады, з брамай у выглядзе двух слупкоў з неабарочным дэкорам і каванымі кратамі[1].

Зноскі

  1. а б в г Касцёл Імя НПМ і Св. Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах
  2. Кулагин А. Н. Гродненские зодчие XIX — начала XX веков (новые архивные изыскания). // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 24. — Мінск, «Права і эканоміка». — 2018. — С. 81
  3. Кулагин А. Н. Гродненские зодчие XIX — начала XX веков (новые архивные изыскания). // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 22. — Мінск, «Права і эканоміка». — 2017. — С. 79
  4. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. — С. 79
  5. а б Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. — С. 493
  6. а б Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Гродзенская вобласць. — 371 с., іл. — С. 115

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]