Перайсці да зместу

Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў (Гальшаны)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каталіцкі храм
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў Гальшанах
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў Гальшанах
54°15′24″ пн. ш. 26°00′36″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Гальшаны
Канфесія Каталіцызм
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Благачынне Ашмянскі дэканат 
Ордэнская прыналежнасць ордэн францысканцаў (гістарычна)
Тып будынка прыхадскі касцёл і кляштарны корпус
Архітэктурны стыль барока
Заснавальнік Павел Стэван Сапега (першы храм)
Дата заснавання 1618
Будаўніцтва 1618 1770-я гады (сучасны будынак)
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000063шыфр 412Г000063
Стан дзейнічае
Мапа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў — каталіцкі сакральны комплекс у вёсцы Гальшаны (Ашмянскі раён). Уключае мураваныя касцёл і жылы кляштарны корпус. Помнік дойлідства XVIXVIII стагоддзяў. Інтэр'ер храма адметны ўнікальным ансамблем ілюзорнага насценнага жывапісу (квадратуры).

Касцёл у 1896 годзе

У 1618 годзе падканцлер літоўскі Павел Стэфан Сапега запрасіў манахаў-францысканцаў у свой радавы маёнтак Гальшаны і заснаваў там манастыр. Першы будынак касцёла быў пабудаваны яшчэ ў пачатку XVI ст., а ў сярэдзіне XVI стагоддзя яго перабудавалі пад кальвінскі збор. У 1618 годзе на сродкі Паўла Сапегі касцёл зноў быў перабудаваны і вернуты каталікам, тады ж узвялі жылы корпус кляштара.

У пачатку 1770-х гадоў (верагодна, каля 1774 года) будынак касцёла быў разабраны амаль да муроў. На яго месцы, з выкарыстаннем старых падмуркаў і часткі сцен, быў пабудаваны новы мураваны касцёл у стылі барока, які захаваўся да нашага часу. У гэты ж час інтэр'ер храма быў аздоблены манументальным жывапісам.

Пасля паражэння паўстання 1830—1831 гадоў расійскія ўлады пачалі масава зачыняць каталіцкія манастыры. Францысканскі кляштар у Гальшанах быў скасаваны ўказам ад 19 ліпеня 1832 года[1]. Жылы будынак кляштара перадалі ваеннаму ведамству, а касцёл Святога Яна Хрысціцеля стаў звычайнай прыхадской святыняй. У 1887 і 1928 гадах у храме праводзіліся рамонты, падчас якіх манументальны жывапіс мог быць часткова падноўлены.

Пасля Другой сусветнай вайны (пасля 1944 года) храм прыйшоў у заняпад, але неўзабаве быў адноўлены і цяпер працягвае дзейнічаць.

Агульны выгляд інтэр’ера галоўнага нефа касцёла

Касцёл уяўляе сабой прамавугольны ў плане трохнефавы храм з паўкруглай апсідай і невялікімі капліцамі па баках. Галоўны фасад безвежавы (што характэрна для францысканскіх храмаў) і разам з апсіднай часткай мае яркія рысы стылю барока: фігурны франтон, раскрапоўка пілястрамі, валюты.

Надмагілле Паўла Сапегі і яго трох жонак, Музей старажытна-беларускай культуры

Вертыкальнае чляненне галоўнага фасада пілястрамі на тры часткі адпавядае падзелу ўнутранай прасторы на тры нефы. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і папружнымі аркамі, бакавыя нефы маюць крыжовыя скляпенні. Над уваходам у інтэр’еры размешчаныя хоры. У адной з бакавых капліц доўгі час знаходзілася ўнікальнае мармуровае надмагілле Паўла Сапегі і яго трох жонак (стваральніка першага кляштара), выкананае ў стылі рэнесансу. Цяпер гэты твор мастацтва захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ў Мінску.

Кляштарны корпус

Жылы корпус кляштара двухпавярховы, прамавугольны ў плане, прымыкае да будынка касцёла з паўночнага захаду. Першапачаткова па перыметры ўнутранага дворыка (клуатра) ішла мураваная галерэя, частка якой (разбурана ў 1832 годзе) злучала касцёл з жылым корпусам. Рэшткі галерэі ў месцы прымыкання да касцёла выяўленыя аўтарам праекту рэстаўрацыі храма В. С. Маскалёвым. Да паўночнага вугла жылога корпуса прымыкае шасцігранная вежа (у час археалагічных даследаванняў на чале з А. Кушнярэвічам выяўлены фундамент другой такой жа вежы з процілеглага боку). У першым паверсе будынка размяшчаліся кухня, кладоўкі, васкоўня і трапезная, на другім паверсе — келлі манахаў і бібліятэка. Гістарычная планіроўка корпуса захавалася толькі часткова.

Мураваная квадратная ў плане званіца была пабудаваная асобна ў 1810-я гады. Яна мела тры званы і завяршалася жалезным крыжам. Тэрыторыя кляштара абнесеная мураванай агароджай.

Манументальны жывапіс і ілюзорны алтар

[правіць | правіць зыходнік]
Галоўны ілюзорны алтар касцёла з выявай Хросту Хрыстова
Амбон касцёла на гістарычным фота, 1897 год

Галоўным эмацыянальным і мастацкім акцэнтам інтэр'ера касцёла з'яўляецца манументальны насценны жывапіс у тэхніцы квадратуры, выкананы ў 1790-я гады (каля 1790 года)[2]. Гэты роспіс цалкам пераўтварае прастору прамавугольнай прэсбітэрыі, ствараючы візуальную ілюзію велічнага архітэктурнага аб'ёму.

Мастак, імя якога застаецца невядомым, выкарыстаў прыёмы італьянскіх майстроў, у тым ліку абапіраючыся на трактат Андрэа Поца. На плоскай глухай сцяне прэсбітэрыі намаляваны маштабны трох'ярусны архітэктурны каркас, які імітуе аб'ёмны драўляны або мармуровы алтар (рэтабул). Больш за тое, ілюзорная архітэктура плаўна пераходзіць на скляпенні, дзе мастак візуальна «прарваў» столь, намаляваўшы ілюзорны купал, праз які бачна нябесная сфера з аблокамі і анёламі[3].

Дэкор аб'ядноўвае ў сабе намаляваныя элементы (калоны, пілястры) і рэальную архітэктуру храма (карнізы і г.д.). У ніжнім ярусе намаляванага алтара, паміж архітэктурнымі кулісамі, размешчана буйная сцэна «Хрост Хрыста», якая з'яўляецца цэнтрам кампазіцыі. Над ёй, у другім ярусе (у надкартушнай прасторы), намаляваны фігуры анёлаў. На атыку ілюзорнага алтара размешчана фігура Яна Евангеліста разам з яго сімвалам — арлом[4].

У трэцім ярусе адлюстраваная падкупальная прастора, запоўненая святлом блакітнага неба, дзе два анёлы трымаюць у руках герб (хутчэй за ўсё, герб фундатараў). Гэты жывапіс з'яўляецца адным з найбольш яскравых прыкладаў прафесійнага ілюзорнага мастацтва на тэрыторыі ВКЛ у канцы XVIII стагоддзя, дзе мастак бліскуча справіўся з задачай імітацыі складанай архітэктурнай прасторы[2]. Акрамя галоўнага ілюзорнага алтара, у касцёле было яшчэ сем бакавых алтароў, якія дапаўнялі агульны дэкор.

Легенда пра Белую панну

[правіць | правіць зыходнік]

З касцёлам Яна Хрысціцеля і францысканскім кляштарам звязана вядомая гарадская легенда пра прывід Белай панны, якая пераклікаецца з аналагічнымі паданнямі ў розных краінах Еўропы. Паводле яе, падчас будаўніцтва манастыра адна з мураваных сцен пастаянна абвальвалася. Угневаны Павел Стэфан Сапега прыстрашыў пакараць смерцю будаўнікоў, калі праца не будзе скончана ў тэрмін. Муляры вырашылі, што ім перашкаджаюць нячыстыя сілы, і прынеслі ў ахвяру маладую жанчыну (жонку аднаго з маладых будаўнікоў, якая першай прынесла абед), замураваўшы яе ў сцяну жыўцом. З тых часоў лічыцца, што ў сценах кляштара перыядычна з'яўляецца яе прывід — Белая панна[5][6].

У 1990-я гады падчас рэстаўрацыі і расчысткі сутарэнняў пад адной са сцен кляштара сапраўды быў знойдзены жаночы шкілет, што дадало легендзе містычнага арэолу.

  1. Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
  2. 1 2 Klajumienė 2006, с. 99, 107.
  3. Klajumienė 2006, с. 99.
  4. Klajumienė 2006, с. 107—108.
  5. www.belarusin.net(недаступная спасылка)
  6. Гальшаны і Крэва: ажывелыя тайны старадаўніх руін Архівавана 20 лістапада 2013.