Касцёл Святога Яна Хрысціцеля (Мікалаеўшчына)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля
Краіна Flag of Belarus.svg Беларусь
Вёска Мікалаеўшчына
Канфесія Каталіцтва
Епархія Віленская дыяцэзія
Дэканат Навагрудскі дэканат 
Тып будынка Базіліка
Архітэктурны стыль барока
Заснавальнік Аляксандр Людвік Радзівіл
Першае згадванне 1628 год
Дата пабудовы 1652 год
Рэліквіі і святыні Абразы «Укрыжаванне» і «Дабравешчанне»
Стан страчаны

Касцёл Свято́га Я́на Хрысці́целя — страчаны каталіцкі храм у колішнім мястэчку Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, помнік драўлянай архітэктуры ХVII стагоддзя.

Узведзены па фундацыі дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага Аляксандра Людвіка Радзівіла. Дзейнічаў да 1866 года, пакуль не быў зачынены царскімі ўладамі і неўзабаве знесены дзеля пабудовы Мікалаеўскай царквы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл ўзгаданы ў якасці першага храма, пабудаванага ў Мікалаеўшчыне, згодна з інвентаром Нясвіжскай ардынацыі, датаваным 1628 годам. Хутчэй за ўсё, ён быў драўляным і патрабаваў аднаўлення, таму ў 1652 годзе тагачасны ўладальнік мястэчка Аляксандр Людвік Радзівіл заснаваў новы драўляны (па некаторых звестках — цагляны[1]) касцёл, асвечаны ў гонар Яна Хрысціцеля. Ён прыпісаў да храма 6 валок зямлі і ахвяраваў касцёлу грошы ў суме, эквівалентнай 300 расійскім рублям (у коштах 1889 г.)[2].

Па дадзеных 1784 года, касцёл з’яўляўся цэнтрам парафіі, уаходзіў у склад Навагрудскага дэканата Мінскай дыяцэзіі[3]. У 1812 годзе будынак быў рэканструяваны[4]. У 1830 годзе касцёл адзначаны як «пахілены ад старасці», з чатырма алтарамі[5]. Прыхаджан у 1863 годзе налічвалася 600 чалавек[1].

Запіс у метрычнай кнізе Мікалаеўскага касцёла аб нараджэнні і хрышчэнні Казіміра Міцкевіча (дзеда Якуба Коласа)

У выніку паўстання 1863—1864 гадоў касцёл быў зачынены, а прыхаджане пераведзены ў праваслаўе. У рапарце аб пераводзе жыхароў Мікалаеўшчыны ў праваслаўе, складзеным святаром Пятром Трускоўскім, падкрэслена, што мястэчка знаходзіцца сярод каталіцкага насельніцтва, касцёл у ім «драўляны, крэпкі, пабудаваны алтаром на ўсход, звонку прыемны, з двума купаламі, годны да пераробкі ў праваслаўную царкву»[6]. Нягледзячы на гэта, у 1868 годзе стары храм быў разабраны і на яго месцы пачалося будаўніцтва Свята-Мікалаеўскай царквы, скончанае ў 1876 г. Святар касцёла Войцэх Стэцкі (пасвечаны ў 1848 годзе) быў высланы на Урал, адкуль, па звестках 1889 года, ён так і не вярнуўся[1].

У міжваенны час, калі Мікалаеўшчына ўваходзіла ў склад Польшчы, каталіцкая парафія адраджалася, але дзейнічала толькі Мікалаеўская царква[4].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл Святога Яна Хрысціцеля — помнік драўлянай архітэктуры. З’яўляўся прастакутным у плане будынкам з двума купаламі. Інвентар 1653 года ўказвае яго найдаўнейшую паліганальную структуру і алтары з абразамі «Укрыжаванне» і «Дабравешчанне», а таксама скульптурамі святога Юрыя, Якуба, Станіслава і Казіміра. Усяго ў касцёле меліся чатыры алтары[5].

Касцёльныя метрыкі[правіць | правіць зыходнік]

Захаваліся касцёльныя метрыкі, напісаныя лацінскай мовай, на падставе якіх была ўдакладнена радаслоўная Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, ураджэнца мястэчка. Вядомыя прапрадзед Канстанціна Міцкевіча Лявон Міцкевіч (пахаваны ва ўзросце 41 году на мікалаеўскім парафіяльным могільніку 18 верасня 1797 года), прадзед Мікола Міцкевіч (нарадзіўся 29 красавіка 1790 года, пражыў 51 год), а таксама вядомыя імёны бабулі Коласа па бацькоўскай лініі (Домна, прыкладна 1796 года), яе сына, Коласавага дзеда (Казімір Міцкевіч, народжаны ў 1821 годзе), яго жонкі Ганны Белай, таксама 1821 года нараджэння. Ад іх шлюбу, які адбыўся 14 ліпеня 1840 года, нарадзіўся Міхась Міцкевіч — бацька Якуба Коласа.

Прапрадзедам з боку маці быў Ігнась Лёсік, сын якога Язэп (прадзед Коласа) нарадзіўся 2 сакавіка 1791 года. Ён двойчы браўся шлюбам: спачатку з Альжбэтай (памерла ў 1823 годзе), другі раз — з Даміцэляй Галавачанкай. Сын ад другога шлюбу Юрый ажаніўся з Хрысцінай Лёсік 8 верасня 1857 года, аб чым сведчыць метрыка мікалаеўскага касцёла за 1849—1862 гады. Дачка Юрыя і Хрысціны Лёсікаў Ганна Міцкевіч — маці Якуба Коласа[7].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 Kartka z dziejów kościoła katolickiego, 1889, с. 114
  2. Kartka z dziejów kościoła katolickiego, 1889, с. 107
  3. Opisy parafii dziecezji wileńskiej, 1784, с. 110
  4. 4,0 4,1 Мікалаеўшчына — парафія Cв. Яна Хрысціцеля і св. Андрэя, апостала (бел.) . Catholic.by. Праверана 4 чэрвеня 2019.
  5. 5,0 5,1 Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Стаўбцоўскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2004. — 831 с.: іл. ISBN 985-11-0312-8.
  6. О переходе жителей села Николаевщи(з)на в православие (руск.) . oldmikk.ru. Праверана 4 чэрвеня 2019.
  7. Радавод Якуба Коласа (бел.) . Навуковая бібліятэка ВДУ імя П. М. Машэрава. Праверана 4 чэрвеня 2019.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]