Касцёл Святой Ганны (Варонча)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Касцёл
Касцёл святой Ганны
Касцёл святой Ганны, фасад
Касцёл святой Ганны, фасад
53°24′47″ пн. ш. 26°03′36″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Вёска Варонча
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Архітэктурны стыль барока, класіцызм
Першае згадванне Юзаф Несялоўскі
Дата заснавання 1808
Стан дзейнічае

Касцёл святой Ганны (Гродзенская вобласць)
Касцёл святой Ганны
Касцёл святой Ганны

Касцёл святой Ганны — рымска-каталіцкі храм на паўднёва-заходняй ускраіне вёскі Варонча (Карэліцкі раён), помнік архітэктуры. Дзейнічае.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1741 годзе Казімір Несялоўскі, кашталян смаленскі, зас­наваў альтарыю пры касцёле ў Гарадзішчы (цяпер Баранавіцкі раён), якою апекавалася місія езуітаў ад Навагрудскага калегіума. Не пазней 1760-х, па згодзе віленскага біскупа Ігнацыя Масальскага, альтарыю перанеслі да варончаўскага касцёла.

Драўляны касцёл у Варончы, першапачаткова асвечаны пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, быў пабудаваны па фундацыі Панятоўскіх, у 1766 годзе адзначаўся як ужо дзеючы. Гэта была дзвюхвежавая, пабудаваная часткова з дрэва, часткова з цэглы, крыжастая ў плане святыня. Яе інтэр’ер упрыгожвалі сем алтароў: галоўны алтар з абразом Маці Божай Беззаганага Зачацця ў пазалочаных сярэбраных каронах (вакол 4 воты), алтары св. Тадэвуша і св. Юзафа ў малітоўнай зале і яшчэ па два алтары ў кожнай з бакавых капліц. Набажэнствы тут па-ранейшаму адпраўлялі езуіты, для якіх быў пабудаваны місійны дом.

Фундацыйная табліца Несялоўскага

Пасля касацыі ордэна езуітаў, намаганнямі мясцовага землеўладальніка Юзафа Несялоўскага, біскуп Масальскі ў 1781 годзе надаў варончаўскаму касцёлу статус парафіяльнага. Трошкі пазней фундатар заклаў новы, ужо мураваны касцёл на паўднёва-заходняй ускраіне вёскі — у комплексе сядзібы Несялоўскіх. Надмагільная пліта фундатара (пахаваны ў крыпце касцёла ў 1816) з родавымі гербамі ўмуравана ў вонкавую сцяну прэзбітэрыя касцёла. Будаўніцтва скончылася ў 1808 годзе, а ў 1809 навагрудскі дзекан Ян Цвірка асвяціў храм пад тытулам святой Ганны.

У касцёлы былі хрышчоныя Ян Чачот і Марыля Верашчака — каханая Адама Міцкевіча. Марыля тут жа ўзяла шлюб з графам Ваўжынцам Путкамерам. Каля касцёла знаходзяцца 4 магілы Булгакаў.

У ХIХ ст. да варончаўскай парафіі (колькасць парафіян на той час складала амаль 3000) Навагрудскага дэканата былі прыпісаны капліцы ў Казловічах і Тугановічах (сёння Баранавіцкі раён, абедзве не захаваліся), Сэрвачы і на мясцовых могілках. Апошняя, пабудаваная ў 1837 генералам Кабылінскім, уяўляла сабою драўляны залавы аб’ём з двух’яруснай грувасткай дэкаратыўнай вежай, якая пазначала галоўны ўваход. Уваход на могілкі пазначала двух’ярусная драўляная брама-званіца. Аднойчы ўзгадваецца і капліца ў Мірацічах.

У 1943 спалены савецкімі партызанамі. У 1950-я: часткова ўзарваны.


У пасляваенны час касцёл быў зачынены і з часам ператварыўся ў руіны. Аднак ён быў залічаны да помнікаў архітэктуры. Не захавалася і могілкавая капліца. Яе адрадзілі на сродкі вернікаў у 1989, як толькі савецкая ўлада дазволіла збірацца на набажэнствы. Капліцу асвяцілі пад гістарычным парафіяльным тытулам св. Ганны (цяпер, пасля адраджэння касцёла, ёю не карыстаюцца). Адразу ж пачалася і праца па адраджэнні касцёла.

26 ліпеня 1995 года касцёл быў рэкансэкраваны гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам пад гістарычным тытулам св. Ганны.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Паўднёвы фасад з капліцай св. Ганны

Касцёл св. Ганны — дзвюхвежавая безапсідная трохнававая базіліка ў даволі эклектычным стылі. У сілуэце мураванага храма дамінуюць дзве 3-ярусныя купальныя вежы пад фігурнымі барокавымі купаламі, з паўцыркульнымі праёмамі і 3-вугольным франтонам па цэнтры. Галоўны фасад двух’ярусны, вылучаны прысценным дарычным 6-калонным порцікам з антаблементам, аздоблены рустам, прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі, бакавыя фасады — стральчатымі, бакавыя паўкруглыя каплічкі — лучковымі і круглымі вокнамі. Прэзбітэрый, арыентаваны на захад і прамавугольны ў плане, паніжаны адносна цэнтральнай навы, фланкаваны дзвюма квадратнымі ў плане сакрыстыямі. Да цэнтра паўднёвага фасада далучана пяцігранная тытульная капліца св. Ганны, зробленая па фундацыі Людвікі Плятэр.

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

У інтэр’еры часткова зберагліся цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі, што перакрываюць 3 нефы. У галоўным алтары змешчана, як і раней, разьбянае Укрыжаванне (раней гэта быў абраз, а ў другім ярусе змяшчаўся абраз Маці Божай Чанстахоўскай). Бакавыя алтары ў канцах нефаў (раней былі ілюзорна намаляваны) прысвечаны: левы — Маці Божай (раней была фігура Езуса Антокальскага), правы — св. Антонію (раней таксама быў прысвечаны св. Антонію, цяпер тут усталяваная цікавая фігура святога, выкананая ў стылі сучаснага прымітывізму). Над уваходам зроблены хоры, у крыпце пад касцёлам былі пахаваны Несялоўскія і Верашчакі. Насценны роспіс у выглядзе архітэктурных куліс, які яшчэ ў 1970-я гады можна было бачыць на алтарнай сцяне прэзбітэрыя забелены.

Пробашчы[правіць | правіць зыходнік]

Антоній Дзям'янка, Віктар Кулюкас, Януш Вітоўскі, Юрый Саковіч.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Варонча. Касцёл святой Ганны // Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. — 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0. С. 22.
  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 260.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]