Касцёл Святой Кацярыны і кляштар бенедыкцінак (Вільнюс)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Касцёл
Касцёл Святой Кацярыны ў Вільнюсе
Kościół Świętej Katarzyny
Šventos Kotrynos bažnyčia
Касцёл Святой Кацярыны. Агульны выгляд
Касцёл Святой Кацярыны. Агульны выгляд
54°40′54,80″ пн. ш. 25°16′51,83″ у. д.HGЯO
Краіна Літва
Горад
Канфесія каталіцтва
Епархія Архідыяцэзія Вільнюса
Тып будынка кляштарны касцёл
Архітэктурны стыль віленскае барока
Архітэктар Іаган Крыштоф Глаўбіц
Асноўныя
даты
1632драўляны

1650мураваны

Стан перададзены царкве; набажэнствы не праводзяцца

Касцёл Святой Кацярыны ў Вільнюсе (Літва)
Касцёл Святой Кацярыны ў Вільнюсе
Касцёл Святой Кацярыны ў Вільнюсе

Касцёл Святой Кацярыны і кляштар бенедыкцінак (літ.: Šventos Kotrynos bažnyčia, польск.: kościół Śwętej Katarzyny) — рымска-каталіцкі культавы комплекс у Вільнюсе, выдатны помнік архітэктуры віленскага барока. Ансамбль касцёла Святой Кацярыны і будынак кляштара бенедыкцінак уключаны ў Рэгістр культурных каштоўнасцяў Літоўскай Рэспублікі, код 643, ахоўваецца дзяржавай як аб’ект нацыянальнага значэння[1]. Размяшчаецца ў Старым горадзе па вуліцы Вільняўс, 30 (Віленская,Vilniaus g. 30). Кляштар — буйнейшы архітэктурны ансамбль эпохі барока ў Вільні.

Ансамбль бенедыкцінскага кляштара размешчаны ў квартале, абмежаваным вуліцамі Бянядзікціню (Бенедыкцінскай, Benediktinių g.), Шв. Ігнота (Святога Ігнація, Šv. Ignoto g.), Вільняус (Віленскай, Vilniaus g.), мяжуючы на паўднёвым усходзе з тэрыторыяй дамініканскага кляштара.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Каля 1620 года кляштар спрабавалі заснаваць Мікалай і Кацярына Гарадзіскія, якія ў сваёй камяніцы размясцілі некалькі манашак э Нясвіжа, але яны памерлі, не паспеўшы ўзаконіць фундацыю. Рэальным фундатарам кляштара стаў у 1622 годзе біскуп А. Валовіч, які запрасіў яшчэ 12 манашакі ўзяў будаўніцтва пад сваю апеку[2].

У XVIIXVIII стст. налічвалася каля 30—40 законніц, меўся навіцыят, існавала школа (да 1843). Віленскія бенедыкцінкі выдавалі досыць многа кніжак, асабліва ў XVIII ст., іх бібліятэка па колькасці была другой у хэлмінскай кангрэгацыі (цяпер у Літоўскай нацыянальнай бібліятэцы імя Марцінаса Мажвідаса). 3 1625 кляштару належаў маёнтак Вязынь (Ашмянскі павет)[2].

Касцёл Св. Кацярыны ўпершыню асвячоны ў 1632. У 1650 годзе пабудаваны мураваны касцёл: аднанефавы, перакрыты цыліндрычным скляпеннем з люнетамі, выцягнуты прэсбітэрый закончаны паўцыркульнай апсідай. Пашкоджаны ў вайну 1655—1661 гадоў[2] пры штурме горада маскоўскімі войскамі.

Касцёл Святой Кацярыны на малюнку Марцэлія Янушэвіча, 1835

Росквіт кляштара прыпадае на канец XVII стагоддзя — пачатак XVIII стагоддзя. У 1682 годзе кляштар набыў Галін[pl] і Парудаміну[lt], таксама браў у застаў шматлікія вёскі і фальваркі на Віленшчыне і Меншчыне. Найбольшы пасаг кляштару па сваіх дочках Сібіле (1686) і Ганне (1691) даў падкаморы вялікі літоўскі Фелікс Ян Пац: Дзісну, Астравец і Тверач з вёскамі (1688)[2].

Касцёл Святой Кацярыны і кляштар бенедыкцінак на малюнку Н. Орды, 1875

У 1703 годзе касцёл адбудаваны і асвячоны[2] ў імя Святой Кацярыны. Да ўсходняга боку быў прыбудаваны прэзбітэрый з апсідай.

Кляштар і храм моцна пацярпелі ў час спусташальнага пажару 1737 года. Рэканструяваны І. К. Глаўбіцам у 17411743 гадах, касцёл стаў адным з самых яркіх помнікаў «віленскага барока». У 1746 годзе з паўднёвага боку дабудавана капліца. Алтары выкананы ў 17521753 гадах І. Хердэгенам, скульптура галоўнага належыць І. Вашчынскаму, капліца аздоблена Я. Хедэлем[2]. У 1759 годзе для алтара было набыта некалькі карцін вядомага мастака Шымана Чаховіча. У 1760-х гадах канчаткова сфарміраваўся інтэр'ер храма — шэдэўр позняга барока (малазначная рамонты ў XIX стагоддзі)[3].

Амаль уся зямельная ўласнасць канфіскавана пасля 1793 года[2].

Касцёл пацярпеў у час вайны 1812 годы; у разрабаваным храме быў створаны аптэчны склад.

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

Партал. Помнік Манюшку

У 1922 годзе ў скверы перад касцёлам быў адкрыты помнік кампазітару Станіславу Манюшку (бюст скульптара Баляслава Балзукевіча на пастаменце, які застаўся ад помніка Аляксандру Пушкіну пасля эвакуацыі бюста рускага паэта з Вільні ў 1915 годзе).

Кляштар існаваў да 1942 года[2]. У час Другой сусветнай вайны касцёл моцна пацярпеў. Пасля вайны ў будынку, перададзеным у распараджэнне Вільнюскага мастацкага музея, размяшчаўся склад. У памяшканнях былога кляштара былі размешчаны розныя ўстановы і жылыя кватэры.

З касцёлам і кляштарам увесну 1966 года азнаёміўся Іосіф Бродскі, які жыў непадалёк на вуліцы Ліейіклас[4]

Побач з вуліцай стаяць два касцёлы, яны не належаць да ліку знакамітых, але гэта ўсё ж сапраўднае вільнюскае барока — правінцыйнае, пазней, цудоўнае. Бліжэй двухвежавы белы касцёл Св. Кацярыны; трохі далей круглы купал Дамініканцаў, знутры дзіўнай выгляду і як бы няправільнай формы — «вушная ракавіна Бога» з апошняга верша цыкла

Пра касцёл таксама ідзе гаворка ў частцы другой цыкла «Літоўскі дывертысмент» (1971) Бродскага.

Агульны выгляд у забудове

Пасля змены дзяржаўнага ладу храм у 1990 годзе ў парадку рэстытуцыі быў перададзены ў распараджэнне курыі Вільнюскага архібіскупства.

У 2003 годзе Вільнюскае самакіраванне падпісала дагавор з Вільнюскім архібіскупствам, які прадугледжвае правядзенне рэстаўрацыі ў нядзеючых храмах з наступным іх выкарыстаннем тэрмінам на дваццаць гадоў для культурнай дзейнасці. У рэстаўрацыю было інвеставана 6 мільёнаў літаў. Адрэстаўраваны ў рамках выканання гэтага дагавора храм, прыстасаваны для канцэртнай дзейнасці і правядзенні выставак, ізноў адкрыўся ў маі 2006 года. Адміністраванне культурнай дзейнасці даручана Вільнюскаму дому настаўнікаў, які размяшчаецца ў будынку насупраць, каардынацыю культурных праграм ажыццяўляюць кіраўнікі мастацкіх калектываў самакіравання — хор хлопчыкаў «Ажуолюкас» („Ąžuoliukas“), хор «Маладая музыка» („Jauna muzika“) і камерны аркестр Святога Хрыстафора (Šv. Kristoforo kamerinis orkestras) пад кіраўніцтвам Данатаса Каткуса[6].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Галоўны фасад
Касцёл з боку апсіды

Касцёл уяўляе сабой будынак у стылі позняга барока з дэкорам у стылі ракако. Пры рэканструкцыі па праекце Глаўбіца былі надбудаваны дзве вежы на галоўным фасадзе (які выходзіць у сквер) у стылі ракако. Паміж імі над фасадам быў пабудаваны новы франтон. Вежы маюць чатыры ярусы. Амаль поўная адсутнасць дэкаратыўных элементаў на ніжнім ярусе засяроджвае ўвагу на багата дэкараваны ў стылі барока партале, абрамленым пілястрамі і калонамі, упрыгожаны рэльефным картушам з гербамі і арнаментамі. Капітэлі пілястраў другога яруса іанічнага ордара, вокны і нішы арнаментаваны. Трэці ярус нязначна адрозніваецца ад другога. Досыць высокі франтон паміж вежамі робіць незаўважнай адлучанасць веж ад корпуса нефа. Чацвёрты ярус прыкметна звужаецца. Гэта звужэнне згладжваецца ажурнымі рашоткамі, дэкаратыўнымі вазамі, вуглавымі пілястрамі, якія вырастаюць з валют. У пышнае перапляценне рашоткі ўпісана лічба «1743». Вышыня пятага яруса ў два разы меншая за чацвёрты. Сілуэты веж завяршаюцца шлемамі цыбулепадобнай формы.

Вытанчаны дэкаратыўны франтон быў узведзены над прэзбітэрыем. Больш вузкі і нізкі, чым корпус нефа, прэзбітэрый завяршаецца паўкруглай апсідай. Кампазіцыю галоўнага фасада характарызуе рытмічная раўнавага вертыкальных ліній пілястраў і гарызантальных ліній карнізаў. Арнаментыка франтона над прэзбітэрыем з дзвюма нішамі для статуй формаў ранняга ракако, якія адлюстроўваюць Святога Бенедыкта і Святую Кацярыну, абапал акна другога яруса.

Капліца

Вышыня нефа 20 м. Бакавы неф быў пераўтвораны ў калідор, у плане царква стала аднанефнай і асіметрычнай. У інтэр'еры скляпенні цыліндрычныя з люнетамі, дзевяць пышных алтароў позняга барока і амбон.

Касцёл і былы кляштара (школьны стадыён на месцы кляштарнага саду)

Чатырохвугольная капліца Божага Провіду каля паўднёвага бакавога фасада (каля Віленскай вуліцы) прыбудавана ў пачатку XVIII стагоддзя, перабудавана ў 1746 годзе ў шасцігранную звонку і паўкруглую знутры. Па вуглах на высокім цокалі стаяць парныя белыя калоны. Над карнізам узвышаецца барабан, над купалам з 12-вугальным дахам — шасцівугольны ліхтар.

Прылеглыя будынкі былога кляштара бенедыкцінак (з жылымі і гаспадарчымі памяшканнямі, школай) захаваліся з XVIXIX стагоддзяў. Яны адрозніваюцца асабліва складаным планам некалькіх карпусоў і двароў рознай плошчы і канфігурацыі.

Зноскі

  1. Benediktinių vienuolyno ansamblis (літ.) . Kultūros vertybių registras. Kultūros paveldo departamentas prie Kultūros ministerijos. Праверана 16 снежня 2016.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 2,5 2,6 2,7 Віленскі кляштар бенедыкцінак // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
  3. Vilniaus buvę benediktinių vienuolynas ir Šv. Kotrynos bažnyčia(літ.) 
  4. Ramūnas Katilius. Josifas Brodskis (1940—1996) // Josifas Brodskis. Vaizdas į jūrą: eilėraščiai. = Иосиф Бродский. С видом на море: стихи. Vilnius: Vyturys, 1999. ISBN 5-7900-0635-3. P. 322—333.
  5. Томас Венцлова. Статьи о Бродском. Москва: Baltrus; Новое издательство, 2005. ISBN 5-98379-026-9. С. 8—9.
  6. Restauruota Šv.Kotrynos bažnyčia Vilniuje atveria duris lankytojams(літ.) 

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]